Главное

Калядныя яселькі для Нованароджанага Хрыста

У іўеўскай парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла ў г. Іўе ў мінулую нядзелю прайшоў традыцыйны конкурс калядных яселек. Трынаццаць год запар напярэдадні вялікага свята Божага Нараджэння касцёл упрыгожваюць шматлікія кампазіцыі, прысвечаныя хвалюючаму моманту прыхода ў наш мір Пана Езуса — Збаўцы.

У гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 100 дзяцей, якія прадставілі 49 творчых асабістых і калектыўных работ. Трэба адразу зазначыць, што кожны з удзельнікаў атрымаў добрыя падарункі з рук ксяндза Яна Гавецкага, які і з’яўляецца арганізатарам гэтага і іншых шматлікіх конкурсаў для дзяцей і моладзі Іўеўскай парафіі.

Колькі творчай фантазіі, любові і пяшчоты ўкладзена дзеткамі ў работы над першым прыстанішчам маленькага Пана на Зямлі! Разнастайныя матэрыялы выкарыстаны з мастацкім густам. Многія яселькі падсвечаны агеньчыкамі і ілюмінацыяй.

Зразумела, што самым маленькім удзельнікам конкурсу дапамагалі бацькі. І гэта вельмі добра: некалькі снежаньскіх вечароў сям’ю аб’ядноўвала гэтая творчая справа, якая нараўне з працай над сваім духоўным жыццём, удзелам у Раратках, здзяйсненні добрых учынкаў, ахвяраваннях для іншых людзей, добразычлівасцю да блізкіх і чужых людзей з’яўляецца прыгатаваннем да свята Божага Нараджэння.

Пасля падвядзення вынікаў конкурсу калядныя яселькі яшчэ некалькі дзён застаюцца ў касцёле, а потым (дзеці згадзіліся з прапановай ксяндза Яна Гавецкага) будуць падораны  адзінокім старэйшым людзям, якія жывуць побач, ці бабулям і дзядулям, каб і іх дамы заўжды былі сагрэты агеньчыкамі веры,  святла і надзеі.

Т. Болатава.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.