Главное

З павагай да каранёў нацыі. Другое месца ў рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» заняла бібліятэка-філіял аг.Суботнікі

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з 1992 года праводзіць рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры». І менавіта з тае пары ўдзельнічаюць у ім бібліятэкары нашага раёна. І не проста ўдзельнічаюць, а амаль штогод займаюць прызавыя месцы, тым самым даказваючы сваю прафесіянальную годнасць, неабыякавасць да справы, якой займаюцца, і жаданне сказаць штосьці сваё, важкае па дадзенай тэме. А яна ж такая неабсяжная — культура нацыі.
І ёсць што сказаць нашым бібліятэкам і іх супрацоўнікам. Доказам таму — 17 перамог (1,2,3 месцы) за час, на працягу якога доўжыцца конкурс.

У асноўным перамагала цэнтральная раённая бібліятэка, тройчы — Іўеўская дзіцячая бібліятэка.
Сёлета ў прэстыжным і галоўным конкурсе бібліятэкараў Беларусі брала ўдзел бібліятэка — філіял аграгарадка Суботнікі. Як вынік — другое месца!
Асновай адраджэння нацыянальнай спадчыны з’яўляецца краязнаўства, у развіцці і вывучэнні якога важная роля належыць бібліятэцы. Чаму менавіта бібліятэка аграгарадка Субботнікі?

Намеснік дырэктара Іўеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Вальдземіраўна Віктарава сказала:

— Пазнаёміць чытачоў з гісторыяй роднага краю, выхаваць пачуццё гонару за слаўнае мінулае сваіх землякоў, навучыць з павагай ставіцца да сваіх каранёў, культуры, традыцый і звычаяў — галоўны накірунак дзейнасці гэтай бібліятэкі. Абвяшчэнне ў Беларусі Года малой радзімы надало новы імпульс рабоце ў гэтым накірунку. Да таго ж, суботніцкі рэгіён мае сваю славутую, адметную гісторыю, якая ўвасобілася ў гісторыка-культурных помніках, дакументах, успамінах мясцовых жыхароў.

Адной з самых адметных мясцін Суботніцкага сельсавета з’яўляецца аграгарадок Жамыслаўль — непаўторны і цікавы населены пункт з багатай гістарычнай спадчынай.

Бібліятэкар Святлана Мікалаеўна Іванова разам з мясцовымі краязнаўцамі і чытачамі, неабыякавымі да гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, праводзяць карпатлівую пошукава-даследчую работу па зборы, захаванні, сістэматызацыі, афармленні і папулярызацыі матэрыялаў краязнаўчага характару. Гэтая ўнікальная інфармацыя актыўна выкарыстоўваецца пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, такіх як: завочная экскурсія «Падарожжа па роднаму краю», краязнаўчая гасцёўня «Гісторыя малой радзімы: ад вытокаў да сучаснасці», краязнаўчае падарожжа «Сцежкамі роднага краю», гульня — віктарына «Беларусам я завуся, родным краем ганаруся» і іншых; для арганізацыі розных відаў выстаў. А калі вы прыедзеце на майскае штогадовае брэндавае свята мясцовых культработнікаў — святочны фэст «Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх» у Жамыслаўль, вы абавязкова пабачыце там Святлану Мікалаеўну з надзвычай багатай кніжна-ілюстрацыйнай выставай «Тут мінуўшчына з сучаснасцю сышліся…». І сапраўды, сышліся. І таму прыкладам — вельмі багаты матэрыял, сабраны бібліятэкай па краязнаўчай тэматыцы.

Назапашаны матэрыял аб гісторыі рэгіёну, які складаецца з архіўных дакументаў, фотаздымкаў, публікацый, калекцыі прадметаў побыту і іншых матэрыялаў, стаў падставай для стварэння ў бібліятэцы краязнаўчага кутка «Наша спадчына». Падчас краязнаўчых мерапрыемстваў і экскурсій па бібліятэцы Святлана Іванова знаёміць удзельнікаў з экспанатамі, кожны з якіх — сама гісторыя.

Карыстаюцца папулярнасцю ў чытачоў створаныя на працягу многіх гадоў «Летапіс вёскі Суботнікі», «Летапіс вёскі Жамыслаўль», краязнаўчыя дайджэсты: «Гісторыя Суботнікаў», «Імі ганарыцца аграгарадок», «Жамыслаўль: ад мінулага да сучаснага», «Славутыя імёны маёй малой радзімы» і іншыя выданні. Маюцца рэкамендацыйныя спісы літаратуры пра край, створаны закладкі, памяткі, інфармацыйныя буклеты і брашуры («Зямля жамыслаўльская», «Вандроўка па родных мясцінах», «Паэты і пісьменнікі суботніцкай зямлі», «Людзі мястэчка Суботнікі», «Маўклівыя сведкі гісторыі: касцёл Святога Уладзіслава», «Гістарычныя маёнткі», «Экскурсія па палаца-паркавым комплексе», «Жамыслаўская ГЭС: старонкі гісторыі» і інш.), краязнаўчыя календары знамянальных і памятных дат.
Творчы бібліятэкар мэтанакіравана вядзе краязнаўчы пошук, праводзіць мультымедыйныя прэзентацыі, віртуальныя кніжныя выставы і падарожжы. Пры афармленні выстаў і мерапрыемстваў да Года малой радзімы Святлана Мікалаеўна стварала QR-коды на Internet-крыніцы і выкарыстоўвала іх у рабоце.

У 2020 годзе праведзена маштабная праца — краязнаўчы даведнік па Жамыслаўлі. Доступ да рэсурсу забяспечаны на сайце Іўеўскай раённай бібліятэкі.

У рэгіёне знаходзіцца палацава-паркавы комплекс графскай сям’і Умястоўскіх, які ўваходзіць у шматлікія турыстычныя маршруты. Безумоўна, у адраджэнні гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці адыграюць сваю ролю і архіўныя матэрыялы (дакументы, фотаздымкі і інш.) электроннага краязнаўчага даведніка.

Асновай для яго стварэння стаў «Летапіс вёскі Жамыслаўль», буклеты і брашуры па Жамыслаўлі і тэматычныя папкі з інфармацыяй, назапашанай за многія гады пошукава-даследчай працы. Бібліятэкар вывучыла архіў раённай грамадска-палітычнай газеты «Іўеўскі край», інфармацыйныя рэсурсы сеткі Інтэрнэт, прысвечаныя гэтай тэме, звярнулася за дапамогай да Казіміра Нехвядовіча — былога жыхара Суботнікаў, які зараз пражывае ў Польшчы і з’яўляецца аўтарам кнігі пра Жамыслаўль.

Для забеспячэння інтэрактыўнасці электроннага рэсурсу (сувязі з карыстальнікамі, абмену інфармацыяй) створаны старонкі «Зваротная сувязь» і «Кантакты».

У краязнаўчы даведнік таксама ўключаны раздзел, прысвечаны сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры аграгарадка. Ёсць звесткі аб людзях, якія праслаўлялі і праслаўляюць гэты куток раёна добрасумленнай працай.

Карацей кажучы, рэспубліканскі конкурс адзначыў надзвычай вялікую і каштоўную работу, якую правяла Святлана Мікалаеўна Іванова з дапамогай супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі пры стварэнні электроннага рэсурсу.

Як сказала намеснік дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Віктарава, інфармацыйны рэсурс створаны з мэтай захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, павышэння турыстычнага патэнцыялу рэгіёну, забеспячэння даступнасці інфармацыі для аддаленых карыстальнікаў, пашырэння аўдыторыі чытачоў бібліятэкі. Перамога адзначана і матэрыяльна.

Вера ГУЛІДАВА. Фота Станіслава Зянкевіча.