Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне дабывалася не толькі зброяй. Артысты прафесійных і аматарскіх тэатраў уносілі свой уклад у агульную справу барацьбы з ворагам.
У лютым 1944 года ў мэтах ажыўлення агітацыйна-масавай работы пры Лідскім падпольным райкаме КП(б)Б, што дыслацыраваўся ля вёскі Паташня тады яшчэ Юрацішкаўскага раёна, Баранавіцкай вобласці, была створана агітбрыгада мастацкай самадзейнасці, якую партызаны і мясцовыя жыхары называлі “Наш тэатр”.
З падполля ў партызаны
Мікалай Ігнатавіч Счансновіч напярэдадні вайны атрымаў ролю ў фільме «Бура над Нараччу». 23 чэрвеня 1941 года, у панядзелак, акцёры, якія ўдзельнічаюць у здымках, павінны былі сабрацца на кінастудыю «Беларусьфільм». Але ўсе планы былі парушаны раніцай 22 чэрвеня. Мікалай Ігнатавіч не паспеў эвакуіравацца з Мінска.

28 чэрвеня горад быў заняты немцамі. Усе павінны былі беспярэчна выконваць загады новай улады. Было загадана ісці на працу па сваёй спецыяльнасці, за гэта атрымаюць хлебныя карткі, за непадпарадкаванне — расстрэл! Адзіным тэатральным будынкам, які захаваўся пасля бамбёжкі, быў тэатр імя Янкі Купалы. Туды і сталі збірацца ўсе акцёры. Іх разбілі строга па спецыяльнасцях: опера, драма, эстрада. Прыходзілі на рэпетыцыі. Спектаклі выпускалі ў тэрмін. Але душу ў працу не ўкладалі.
Усё змянілася, калі ў рукі Счансновіча патрапіла ўлётка. Мікалай Ігнатавіч уключыўся ў падпольную дзейнасць. І толькі ў кастрычніку 1943 года з’явілася магчымасць пайсці да партызанаў. Так Мікалай Ігнатавіч апынуўся ў Налібоцкай пушчы ў брыгадзе імя Фрунзэ. А калі брыгадзе было загадана перабазіравацца на Палессе, дык стала ясна, што ў паход пойдуць толькі маладыя, фізічна моцныя людзі, усе астатнія застануцца ў пушчы. Счансновіч быў прызначаны ў абоз у якасці суправаджаючага параненых, якіх трэба было даставіць на аэрадром, каб адправіць на Вялікую зямлю. Аэрадром знаходзіўся недалёка ад штаба партызанскага злучэння Лідскай зоны.
Так пачыналася
Пасля выканання задання суправаджаючых размеркавалі па розных атрадах. Мікалай Ігнатавіч разам з невялікай групай партызан, якім неабходна было лячэнне, прыбыў у атрад імя Калініна, камандзірам якога быў Тувій Бельскі.
Гэта быў буйны сямейны лагер, які абслугоўваў многія брыгады злучэння. Тут было шмат адмыслоўцаў, рабочых розных спецыяльнасцяў: лекары, кухары, пекары, млынары, збройшчыкі, кавалі, бляхары, кушняры, шаўцы, шорнікі (той, хто вырабляў вупраж), краўцы і інш. Пры дзённым святле ўсё працавалі, займаліся сваімі абавязкамі.
А вечарамі, калі з-за цемры ўжо ніхто не працаваў, з розных мясцін даносіліся сумныя песні. У атрадзе было шмат дзяўчат і жанчын. Счансновіч прапанаваў аб’яднацца ў агульны хор. Паступова каля яго зямлянкі пачалі збірацца вечарамі людзі: і тыя, хто спяваў, і тыя, хто слухаў. Спявалі беларускія, яўрэйскія, рускія песні. Потым Мікалай Ігнатавіч прапанаваў арганізаваць літаратурны гурток. Знайшліся і паэты. І вершы, хоць і былі слабымі, мелі поспех, яны былі надзённымі, закраналі тэмы, якія хвалявалі ўсіх. Яшчэ да прыходу Счансновіча была створана трупа, якая выступала ў святочныя дні з невялікімі самадзейнымі канцэртамі на спецыяльна пабудаванай эстрадзе. Хор паступова павялічваўся, рэпертуар рабіўся шырэйшым. Дзяжурныя, якія запісвалі зводкі Саўінфармбюро, запісвалі і песні, якія перадаваліся з Масквы, і адначасова запаміналі матыў. Новыя песні зараз жа ўваходзілі ў рэпертуар партызан.
Мікалай Ігнатавіч пачаў пісаць невялікія скетчы і мантажы, стаў рэпетыраваць з тымі, хто жадаў ўдзельнічаць у самадзейнасці. Выступленні пакідалі добрае ўражанне. Знайшліся салісты, музыканты. Па атрадах разнёсся слых аб выступленнях.
Стварэнне партызанскага тэатра
Кіраўнік Лідскага міжрайпартцэнтра, камандзір партызанскага злучэння Лідскай зоны Яўхім Данілавіч Гапееў выклікаў Счансновіча да сябе. Ён вырашыў стварыць моцную, пастаянна дзейную агітгрупу з мастацкай самадзейнасцю. Мэта — масава-палітычная праца не толькі сярод партызан, але і сярод насельніцтва вёсак, якія знаходзяцца ў зоне Лідскага міжрайпартцэнтра. І даручыў Мікалаю Ігнатавічу заняцца падрыхтоўкай выступленняў.

Былі абраныя «артысты»: Лёдзя Карповіч, Ліда Каваленка, Люба Прэзецкая, сёстры Валя і Маша Іваніны, баяніст Вася Богуш, байцы каменданцкага ўзвода Косця Карновіч, Юзік Філіпаў, Юра Мусаткін, работнікі друкарні Разанаў, Кізнер, работніца міжрайпартцэнтра, кіраўніца ўжо існуючай групы мастацкай самадзейнасці Ганна Сцяпанаўна Ананьева, радысткі Юдзінцава і Пахомава, а паколькі абедзве Ніны, дык, каб адрозніваць, першую звалі Ніна Вялікая, а другую – Ніна Маленькая, жонка начальніка медслужбы Ганна Маркаўна Тайца з сынам Маркушай, санітаркі, і абедзве Валі. Усяго ў калектыве апынулася 19 чалавек. З іх ніхто ніколі не ўдзельнічаў у самадзейнасці, але ўсё ўмелі і любілі спяваць і танцаваць.

Было вырашана ў праграму выступлення ўключыць танцы «Лявоніха» ў беларускіх строях, «Яблычак» у матроскіх касцюмах, дзве камедыі-шарж «Рагулеўскае войска» (аўтар Счансновіч) і «Германскі блок» (аўтары Ганна Сцяпанаўна Ананьева і Ніна Вялікая), чытанне вершаў, жывую газету, у якой узгадваліся б прозвішчы байцоў і камандзіраў, асабліва праславіўшыхся ў баях.

Касцюмы шылі краўцы з атрада імя Аляксандра Неўскага. Акрамя парашутаў, карычневых мяшкоў, у якіх скідаўся з самалётаў груз, нічога не было. Рэпетыцыі адбываліся ў цеснай зямлянцы пад гукі баяна. Для таго, каб прывучыць артыстаў да «глядзельнай залы», рэжысёр вырашыў праводзіць рэпетыцыі пры публіцы. А яе было дастаткова, бо кожны дзень у міжрайпартцэнтр прыязджалі партызаны з данясеннямі, прыбывалі па выкліку камандзіры і камісары брыгад і атрадаў, з’яўляліся баявыя групы, якія вярталіся з заданняў.
Першае выступленне

Генеральную рэпетыцыю было вырашана правесці 30 красавіка для сваіх і прыезджых, а асноўнае прадстаўленне прызначылі на 2 мая. 1 мая прайшлі ўрачыстыя сходы ў кожным атрадзе, а ў ноч перад гэтым былі падрыхтаваны «канцэрты» для немцаў на чыгунцы. Друкарня надрукавала чырвонай фарбай запрашальныя білеты. Іх разаслалі па брыгадах.
30 красавіка 1944 года ўпершыню сярод лясоў і балот Налібоцкай пушчы пачаўся спектакль партызанскай агітгрупы пад кіраўніцтвам Мікалая Ігнатавіча Счансновіча. Тэатр быў поўны. Прысутнічалі ўсе байцы каменданцкага ўзвода, якія засталіся ў лагеры, партызаны з іншых атрадаў, якія прыбылі па справах у міжрайпартцэнтр, работнікі розных службаў.
Нягледзячы ні на што, праграма прайшла з поспехам. Партызаны ўсё выступленне суправаджалі шумнымі воклічамі адабрэння і ўзнагароджвалі выканаўцаў бурнымі апладысментамі. Пасля заканчэння спектакля ўсе ўдзельнікі сабраліся ў зямлянцы Гапеева на абмеркаванне.
А 2 мая з самай раніцы ў лагеры, які знаходзіўся каля вёскі Паташня, сабраліся камандна-палітычны склад брыгад і атрадаў, лепшыя байцы Лідскага злучэння, сярод іх знаходзіліся падрыўнікі, якія спусцілі пад адхон больш як 20 варожых эшалонаў. Памяшканне тэатра разлічвалася на 150 месцаў, але прыбылі 300 чалавек.
Пасля афіцыйнай часткі пачаўся спектакль. Усе з цікавасцю глядзелі надзённую праграму, якая апавядала пра баявыя справы партызанскіх атрадаў. Прозвішчы лепшых байцоў і камандзіраў, якія называліся са сцэны, сустракаліся громам апладысментаў. Танцавальныя нумары па просьбе гледачоў паўтаралі. Паўтаралі і прыпеўкі.
Гастролі «Нашага тэатра»
Пастановай падпольнага гаркама партыі тэатральнай брыгадзе трэба было аб’ехаць шмат вёсак і партызанскіх атрадаў. Абстаноўка ў той час у партызанскай зоне была складаная: у многіх населеных пунктах узмацняліся нямецкія гарнізоны. Калі Яфім Данілавіч выязджаў па баявых і партыйна-палітычных справах у брыгады і атрады, як правіла, браў агітбрыгаду з сабой. Ён асабіста кіраваў гастролямі, нягледзячы на пастаянную занятасць. Ён лічыў, што пастаноўкі абавязкова павінны прайсці і ў вёсках, якія не занятыя партызанамі. Гэта было б найлепшым доказам мясцоваму насельніцтву сілы партызан. Было вырашана аб’ехаць з выступленнем атрады і вёскі не толькі Лідскай зоны, але і іншых партызанскіх зон Баранавіцкай вобласці.
Так узнікла пастаянная трупа, якую партызаны назвалі «Наш тэатр».
Першы выезд быў у вёску Крывічы, дзе размяшчаўся штаб брыгады імя Кірава. Яшчэ з раніцы непадалёку быў бой з ворагам, які зацягнуўся на некалькі гадзін. А ўжо апоўдні артысты змаглі парэпетыраваць. Назаўтра на паляне ў лесе сабраліся партызаны і мясцовыя жыхары на выступленне агітбрыгады. Была нядзеля. Жыхары вёскі апранулі сваё святочнае адзенне. Жанчыны з маленькімі дзецьмі селі ля самай сцэны прама на зямлю. Крыху далей сядзелі партызаны ўперамешку з вяскоўцамі. За імі стаяў натоўп людзей. Далей узвышаліся партызаны на конях. А яшчэ вышэй, “як на галёрцы”, хлапчукі абляпілі верхавіны дрэў. Выступленне пакінула вялікае ўражанне і ў партызан, і ў мясцовых жыхароў.

Артысткі агітбрыгады Лёля Ярмолінская і Ніна Бадзько
(фотаздымак пасляваеннага часу)
15 мая выступленне было ўжо ў вёсцы Ляхавічы, дзе знаходзіўся атрад «Іскра».
Першыя “гастролі” праходзілі ў складаных абставінах, таму ўсе акцёры былі ўзброены і гатовыя ў любы момант уступіць у бой з ворагам. Меры перасцярогі былі вельмі неабходнымі, бо ў нямецкія гарнізоны пранікла чутка, быццам у партызанскіх раёнах гастралюе Маскоўскі ансамбль песні і пляскі, скінуты ў пушчу на парашутах, і артыстаў суправаджае вышэйшае партызанскае кіраўніцтва. Існавала пагроза нападзення падраздзяленняў з паліцэйскіх гарнізонаў з мэтай знішчыць або ўзяць у палон артыстаў групы разам з Я.Д.Гапеевым.
У другім выездзе 21 мая раніцай былі ў вёсцы Чапунь, а ўвечары ў Бараве, дзе дыслакаваўся атрад імя Чкалава брыгады «Наперад». 22 мая – вёска Зяневічы (атрад брыгады імя Дзяржынскага). Тут на выступленні прысутнічала больш за 600 мясцовых жыхароў і партызан, не лічачы дзяцей. 23 мая – хутар Другая Пліса (атрад імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага, недалёка ад Зяневічаў), увечары – в.Чарэшля (атрад імя Варашылава і атрад імя Жданава). 28 мая — атрад імя Калініна. Наступнымі былі атрад імя Кутузава, а затым вёска Круплі (атрад імя Аляксандра Неўскага).
Для кожнага атрада рыхтавалі надзённыя прыпеўкі і мантажы з расказамі аб баявых справах і праславіўшыхся партызанах, інфармацыю аб якіх перадавалі са штаба злучэння.
У маршруце трэцяга выезду былі вёскі, не занятыя партызанамі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Каля Карэліч артысты трапілі ў акружэнне. Гэта былі запамінальныя выступленні. Адзін са спектакляў давалі ноччу пры святле вогнішчаў. Вярнуліся на базу 17 чэрвеня.
А тут ужо іх чакаў карэспандэнт газеты «Праўда»Аляксандр Зямцоў, які прыляцеў з Масквы. Спецыяльна для яго была паказана ўся праграма. Ён высока ацаніў як саму пастаноўку, так і праведзеную працу, адзначыўшы, што нідзе і нічога падобнага не бачыў. Але тады яшчэ ніхто не мог і ўявіць, што гэта быў апошні спектакль у пушчы. Да вызвалення Беларусі заставалася менш месяца.
Аднымі з лепшых артыстаў былі Юзік Філіпаў і Косця Карновіч. Юзік загінуў 9 ліпеня 1944 года ў баі з буйным атрадам немцаў, які прабіраўся з акружэння з-пад Мінска. Быў пахаваны каля вёскі Паташня. Пазней загінулі ў сутычцы з фашысцкімі бандытамі Косця і яшчэ адзін артыст “Нашага тэатра” Юра Мусаткін.
І хаця агітбрыгада ў Налібоцкай пушчы дзейнічала непрацяглы час, аднак паспела ўнесці значны ўклад у агульную Перамогу над ворагам. Яе дзейнасць спрыяла яднанню народа ў барацьбе з ворагам, умацняла яго маральны дух, уносіла радасныя фарбы ў цяжкія шэрыя будні вайны жыхароў акупіраваных тэрыторый. Адважным акцёрам “Нашага тэатра”, як і ўсім салдатам Вялікай Айчыннай, мы абавязаны за чыстае і мірнае неба над галавой, за Перамогу, здабытую нашай краінай у жудаснай і крывавай вайне, за Перамогу, якую падараваў нам сонечны май 1945 года.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Марына Пазняк.






