Экономика

Званне “народны майстар” прысвоена майстру вышыўкі з аг. Геранёны Ганне Пуйдак

Напрыканцы мінулага года ганаровае званне “народны майстар” прысвоена майстру вышыўкі з аг.  Геранёны Ганне Пуйдак. Усе яе работы – гэта цуд мастацтва, палёт творчай думкі, фантазія розуму і сэрца, у якіх  адлюстравана акрылённая душа жанчыны, яе настрой. 

Настаўнік музыкі па адукацыі Ганна Іванаўна больш дзесяці гадоў працавала майстрам сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг. Геранёны. Свой багаты творчы вопыт яна перадала некалькі сотням маладых людзей, якія займаліся ў гуртку па вышыўцы “Віртуозы іголкі”. Вядома, нямногія з іх працягваюць займацца вышыўкай, але, напэўна, ўсе нясуць праз жыццё светлыя пачуцці дачынення да творчага працэсу, да адчування значнасці працы і задаволенасці яе вынікам.

Свой творчы шлях Ганна Пуйдак  пачала з ранняга дзяцінства. Бацька быў вядомы кравец,  шыў дабротныя касцюмы, кашулі, кажухі, умеў іграць на гармоніку. Маці спявала ў касцельным хоры, акрамя таго, ткала на кроснах дываны, ручнікі, прыгожа малявала. Першым  інструментам у працы Ганны Пуйдак стала іголка. “Мама сядзела за кроснамі, а я вышывала”, — згадвае Ганна Іванаўна. Увесь шматгранны бацькоўскі талет пераняла дачка і зараз шчодра перадае сваім дзецям, ўнукам. І шыць, і маляваць, і спяваць — на ўсё здатная.

Цяжка пералічыць, колькі сарочак, сурвэтак ды ручнікоў упрыгожаны рукамі майстрыцы. І па цяперашні час, як іголка з ніткай, неразрыўна ў паўсяддзённым жыцці спадарожнічае з жанчынай творчасць, ствараючы непаўторныя вобразы ў розных напрамках дэкаратыўна-мастацкай дзейнасці.

– Асноўным напрамкам творчай дзейнасці майстра з’яўляецца ручная вышыўка. Ганна Пуйдак добра валодае рознымі прыёмамі вышыўкі: крыжыкам, гладдзю, процягам (падоўжаным і папярочным наборам). Творча падыходзіць да выкарыстання нацыянальных, рэгіянальных матываў у вышыўцы, умела сумяшчае арнаменты, якія ствараюць удалыя ўзоры, – распавядае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ірына Смірнова. – У сваёй рабоце Ганна Іванаўна абапіраецца на матэрыялы этнаграфічных экспедыцый па Лідскім, Іўеўскім раёнах, этназбору з фондаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, а таксама на грунтоўныя крыніцы выданняў.

Акрамя вышыўкі, валодае навыкамі фларыстыкі, роспісу па шкле, лапінковага шыцця, ткацтвам, выцінанкай, стварае тэкстыльныя лялькі. У калекцыі лялек – лялькі ў нацыянальных строях, аздобленыя традыцыйнай беларускай вышыўкай. Лялькі гістарычныя і міфічныя персанажы – княгіня Ева, Барбара, Бялун.          

Ганна Пуйдак прымае актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах-кірмашах. Геранёнская вышыўка разам са сваім майстрам не раз чаравала ўдзельнікаў і гасцей на шматлікіх рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных фестывалях, святах традыцыйнай культуры, выстаўках-конкурсах. З’яўляючыся больш 10 гадоў удзельніцай ансамбля народнай песні “Даўніна” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг. Геранёны, на мерапрыемствы апранаецца ў мясцовы жаночы строй, самастойна адроджаны і выкананы ў мясцовых традыцыях.

Ганна Іванаўна сабрала вялікую калекцыю тканых ручнікоў, посцілак і дзяружак, ходнікаў, настольнікаў і сурвэтак ад сваёй матулі і бабулі. 

У жыцці яна — дбайная гаспадыня, прыгожая жанчына, клапатлівая шматдзетная маці, якая выхавала пяцёра дзяцей,  бабуля і прабабуля, добразычлівы, самаадданы і сумленны чалавек. 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Ирына БУТУРЛЯ.