Экономика

Зоркі роднай зямлі. У дзень вясновага свята са сваім віншавальным словам да іўяўчанак звяртаецца паэт Іван Карэнда

З пакалення ў пакаленне светла і ўзнёсла гучыць на зямлі велічны гімн услаўлення жанчыны. Менавіта ёй наканавана быць увасабленнем непаўторнага зямнога хараства і крыніцай натхнення мужчын, несці ў бясконца далёкія эпохі святло чалавечай цывілізацыі.

У дзень цудоўнага вясновага свята 8 Сакавіка хачу звярнуцца са сваім віншавальным словам да вас, мае дарагія зямлячкі, да ўсіх жанчын роднай Іўеўшчыны і выказаць шчырае замілаванне вашай прыроднай прыгажосцю, захапленне вашай душэўнай цеплынёй і пяшчотай, вашай сардэчнай дабрынёй і невычэрпнай мудрасцю. Нямала вандруючы па свеце, магу засведчыць: вы – лепшыя з лепшых, каго давялося сустрэць на жыццёвых сцежках! 

Добрага вам здароўя, стабільнага сямейнага дабрабыту, гармоніі ў душы і кахання ў сэрцы, вялікага жаночага шчасця ў кожным дні жыцця! 

У якасці святочнага падарунка дасылаю вам праз газету “Іўеўскі край” некалькі сваіх вершаў на вечную тэму.

 

 Іван Карэнда, паэт, 

Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна

Святое слова Мама
                                    
Якую б ні выбраў долю нам час,

Куды б ні вялі дарогі, –

Ёсць слова, святое для кожнага з нас,

Нам дараванае Богам.

 

Гэтае слова мы ў сэрцах сваіх

Носім з народзін да скону,

Не пакідае яно ні на міг –

Нас беражэ, як ікона.

 

Першае слова гукне немаўля:

“Мама…” – і свет маладзее.

Будуць і іншыя словы пасля,

Першае – гэта падзея.

«Мама…» – заўсёды гучыць, нібы гімн,

Гімн мацярынскаму сэрцу,

Як самы кранальны і дарагі,

З удзячнасцю спадкаемцаў.

Якія б ні дзьмулі злыя вятры, –

Яно цеплынёй атуліць,

Яго выдыхаем, а чуецца тры:

Мамачка… Мама… Матуля…»

З ім смела мы крочым скрозь напрамкі,

З ім – ані кропелькі страху:

Было так і будзе ва ўсе вякі –

З ім мужна ідуць на плаху.

Слова святое часы збераглі

З дзён Багародзіцы-Маці.

Вечна ўладарыць яму на зямлі,

Людзям прыносячы шчасце!

 

Дзяўчыне з далёкага юнацтва

Часу небагата – толькі вечар

Падарыла нам з табой зіма. 

Прамільгнула знічкаю сустрэча –

І нічога ад яе няма.

Як нічога? Памяць не здаецца! – 

Ёй той вечар вельмі дарагі,

І таму не адпускае сэрца,

Робіць, як у танцы, з ім кругі.

Ну навошта сам сабе я хлушу?!

Успамін аспрэчваю дарма! –

Калі шчыра, то прызнацца мушу:

Назірала, бачыла зіма,

Як глядзеў нясмела я ў бяздонне

Сініх азярын – вачэй тваіх,

І губамі грэў твае далоні,

Па-дзіцячы хукаючы ў іх.

 

Музыка цішыні

Успамін пра першае каханне 

     О Исусе, в крестной муке
                        Преклонивший лик!
                        Есть святые в сердце звуки, –   Дай для них язык!
 Іван Бунін

Нячутныя, дзіўныя, светлыя гукі…

А музыка льецца, і сэрца пяе,

Нібыта нябачны музЫка шматрукі

Канцэрт мне на тысячах скрыпак дае.

Канцэрт сярод лета, у сонечнай зале,

Дзе столлю – высокі, бязмежны блакіт,

Дзе травы і кветкі падлогаю сталі,

Дзе Нёман прыціх у абдымках ракіт. 

Дзе гукам мелодыі – вольная воля:

Сягайце, ляціце ў бясконцы Сусвет,

Рабіце святлейшым усё наваколле,

Рабіце шчаслівым паўсюдна наш свет! 

Дзе гэты музЫка, Маэстра пяшчоты,

Хто ноты такія прыдумаў яму?

Чаму так натхнёна, без ценю ляноты,

Хацелася шчасце даць сэрцу майму? 

Чароўныя, тонкія, спеўныя ноты…

Адкуль узяліся, адкуль прыплылі?

Чаму іх музЫка агучвае ўпотай,

Іграе на небе, ці тут, на зямлі?..

Шчымлівыя гукі, прачулыя ноты…

Дагэтуль жывуць у абсягах душы,

Хоць сёння гучаць яны вельмі журботна

У белай, як свята, зімовай цішы.

 

Каханай

Убачыў я тваю натуру,

Чароўны стан і воблік твой –

Пачуцці выбухнулі бурай,

І з той хвіліны сам не свой. 

 

Гасподзь ствараў цябе як мару,

І пабажыцца я гатоў:

Твой бюст, тваю скульптуру твару

Не зможа вылепіць ніхто.

 

Твая пяшчота пэндзля варта! –

Яна ракой з душы цячэ,

І Рэпін не знайшоў бы фарбаў

Для таямніц тваіх вачэй.

 

Шкада, не чуў маэстра Моцарт! – 

Магу аспрэчыць галавой –

Нікому больш не хопіць моцы

Пакласці ў ноты голас твой. 

 

Твой воблік так паэтаў вабіць! –

У сэрцах іх гарачы хмель.

І Пушкін з Лермантавым, мабыць,

Пайшлі б адчайна на дуэль.

 

Тваю жаночую натуру

Не для мастацкіх мэт, о не! –

Не для карцін, не для скульптуры –

Стварыў Бог толькі для мяне. 

* * *

Маё каханне аблачынкай

Плыве над горадам тваім,

Яго без стомы, безупынку

Вартуе пільна херувім.

 

Маё каханне промнем сонца

Шукае твой далёкі след.

Шукаць гатова так бясконца,

Пакуль я бачу белы свет.

 

Маё каханне ручаінкай

З крыніцы даўніх дзён цячэ,

Каб напаткаць хоць на хвілінку,

Сустрэць пагляд тваіх вачэй.

.

Маё каханне звышспадзевам

Жыве няведама на што.

Яго цяпло з сузор’я Дзевы

Адчуць не зможа больш ніхто. 

* * *

Ты нават у сны не прыходзіш

З далёкай юнацкай пары –

Ці з ноччу гешэфты не водзіш?

Ці мы ўжо з табой не сябры?

 

Навошта так пэўна казала:

“Мы будзем з табой сябраваць,

Няўжо табе гэтага мала –

Сяброўствам душу саграваць?”

 

Я толькі паціснуў плячыма:

Спытаў: «Будзем іншых кахаць?»

А ты адказала: “Магчыма…

Ад іншых дзяцей калыхаць…”

 

Займаўся над вёскай світанак,

Працягвала бег свой жыццё,

З той майскай сустрэчай расстайнай

Сышло і маё пачуццё.

 

Пазней стала яваю тайна –

Жыцця твайго сумны працяг, 

Занадта самотны, адчайны:

Ты грэла пад сэрцам дзіця.

 

І мне не хацела адкрыцца,

Які напаткаў цябе лёс,

Хто шчасце твайго мацярынства

Зусім выпадкова прынёс.

 

Не ведаю, дзе ты і як ты 

Нясеш пажыццёвы свой крыж…

Дагэтуль я здзіўлены фактам: 

Стаіш у вачах і стаіш… 

* * *

І ў новых днях, пасля расстання,

Мне сонцам свеціць воблік твой –

Дарэмна горыч развітання

З маркоты шэрай тчэ сувой.

 

У часе хмарным і вірлівым

Каханне знікла ў небыццё,

Забраўшы шанц мне быць шчаслівым

Усё астатняе жыццё.

 

Яно было кароткім, шчасце,

Але ж было, было, было! –

Нібыта ў храме міг прычасця,

З нябесным поклічным святлом.

 

Сарвала бура ўмомант ветразь…

Ці іншых шмат было прычын…

Не перастала сэрца верыць, 

Што ты – найлепшая з жанчын.

 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews