80 мірных гадоў Актуальное Образование

Жывая гісторыя Перамогі: экспанаты, што расказваюць пра лёсы землякоў

Памяць пра вайну – гэта даніна гераічнаму мінуламу. Нішто так не дапаможа маладому пакаленню зразумець усю глыбіню трагедыі вайны, як школьны музей, які дазваляе звярнуцца да сведчанняў відавочцаў. 

У краязнаўчым музеі “Беларуская хатка” Эйгердаўскай сярэдняй школы ёсць экспанаты, якія захоўваюць памяць аб тых, хто ў цяжкіх баях здабываў свабоду і незалежнасць Радзімы, хто ўнёс свой асабісты ўклад у Перамогу над фашызмам. Чым далей адыходзяць у мінулае падзеі гэтага жудаснага часу, тым даражэйшымі яны становяцца для нас. 

З фотаздымкаў глядзяць на сваіх нашчадкаў тыя людзі, якія мужна змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, у падполлі: Уладзімір Іосіфавіч Гарбачэўскі, Яўгеній Аляксандравіч Стручынскі, Іван Уладзіміравіч Русаковіч, Пётр Юльянавіч Лігоўскі, Зінаіда Мікалаеўна Гайдар.

Да апошняга часу яны прымалі ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзіліся ў нашай школе з нагоды Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, дзяліліся ўспамінамі.

Гартаеш альбом успамінаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ў кожным запісаным слове адчуваеш глыбіню пачуццяў, эмоцый, перажыванняў, звязаных з трагедыяй вайны, разумееш, што гэта не проста альбом, а памяць сэрца, апаленага вайной.

Як успамінаў Уладзімір Іосіфавіч Гарбачэўскі: “31 снежня 1944 года я трапіў на перадавую лінію фронта на рацэ Вісла. 14 студзеня 1945 года войскі, дзе служыў, пайшлі ў наступленне. Вызвалялі гарады Польскай Народнай Рэспублікі. Горад Радом занялі першым, а затым Лодзь, Каліш, Ленчыца. 2 лютага 1945 года наш полк уступіў на тэрыторыю Цэнтральнай Германіі. Занялі гарады Сулехув, Цюбінген, Фінстэрвальд. 9 лютага 1945 года дайшлі да ракі Одар і фарсіравалі на подступе да горада Франкфурт-на-Одары. 18 красавіка 1945 года атрымаў цяжкае раненне, ляжаў у шпіталі”.

У школьным музеі захоўваецца Падзячнае пісьмо Уладзіміру Іосіфавічу Гарбачэўскаму ад Галоўнакамандуючага, члена Ваеннага Савета Паўночнай групы войск, маршала Савецкага Саюза, генерал-лейтэнанта Канстанціна Ракасоўскага.

Яшчэ адной музейнай каштоўнасцю з’яўляецца Падзяка №357 ад 2 мая 1945 года Галоўнакамандуючага, маршала Савецкага Саюза Сталіна Пятру Юльянавічу Лігоўскаму за ліквідацыю групіроўкі нямецкіх войск у паўднёва-ўсходнім Берліне.

Напярэдадні 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны юныя пошукавікі, актывісты музея Эйгердаўскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна дакрануліся да жывой гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, чытаючы на сайце “Партызаны Беларусі” адшуканую баявую біяграфію Зінаіды Мікалаеўны Гайдар. Зінаіда Мікалаеўна з 25 кастрычніка 1943 г. па 26 ліпеня 1944 г. знаходзілася ў званні радавы ў партызанскім атрадзе “Беларускі мсціўца”, які дзейнічаў на тэрыторыі Іўеўскага раёна.

Копія архіўнага дакумента “Асабісты лісток па ўліку партызанскіх кадраў” дазволіла вучням дапоўніць некаторыя звесткі пра З.М. Гайдар, размешчаныя ў Дзяржаўнай інфармацыйнай сістэме “Памяць народа”, электронным банку дакументаў “Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”. 

Дакладныя факты, даты, імёны губляюцца, скажаюцца, забываюцца, але мы абавязаны памятаць подзвігі салдат, партызан і падпольшчыкаў. Мы не маем права забываць тых, хто загінуў дзеля нашага жыцця.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія пражывалі на тэрыторыі Эйгердаўскага сельсавета, перажылі ўсе жахі вайны і пакінулі нам мір, у якім мы сёння жывём. 

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Таццяна БАКУНОВІЧ

кіраўнік краязнаўчага музея

“Беларуская хатка” 

Эйгердаўскай сярэдняй школы.