Экономика

Заплацілі за Перамогу самую вялікую цану. Гадавіна трагедыі ў Хатыні аб’яднала жыхароў Бакштаўскага сельсавета

22 сакавіка ў в. Бакшты каля помніка воіну-партызану сабраліся вучні, настаўнікі, вяскоўцы, каб ушанаваць памяць аб нявінных ахвярах фашызму. Сімвалам бязмерных выпрабаванняў беларусаў стала Хатынь, якая прадстаўляе больш за сотню вёсак знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны разам з жыхарамі. Гадавіна трагедыі ў Хатыні аб’ядноўвае нас пачуццём смутку аб загінуўшых і горычы ад таго, што нямецка-фашысцкія захопнікі адабралі права на жыццё ў кожнага трэцяга беларуса. Трагічны лёс вёскі Хатыні ў гады акупацыі паўтарылі вёскі, якія знаходзяцца і на тэрыторыі Бакштаўскага сельсавета – Юраўскія, Кавалёвы, Бакшты. 

Побач з мемарыяльным помнікам воіну-партызану сціплы, на першы погляд, але вельмі годны памятны знак. На помніку назвы: “Юраўскія” і “Кавалёвы”. Гора прыйшло сюды 6 верасня 1942 года. Фашысцкія карнікі спалілі жывымі 23 жыхары вёскі Юраўскія. На вялікай пліце з чорнага граніту, што ляжыць ля падножжа знака, – імёны загінуўшых. 

Пратаіерэй Віталій Уцякалка прызваў усіх помніць аб тым, што ў Бога ўсе жывыя. Ён адслужыў заупакойную ліцію за загінуўшых , заклікаўшы ўзнесці самыя моцныя малітвы аб супакоі тых, хто пацярпеў, забіты нявінна, каб Гасподзь супакоіў іх несмяротныя душы ў сваіх райскіх нябесных паселішчах.  

У гісторыі Беларусі нямала цяжкіх старонак, але якія б беды ні абвальваліся на нашы землі, яны не змаглі зламаць сілу духу народа. Наш агульны абавязак – захоўваць памяць, не дапускаць скажэння гісторыі, берагчы мір.

Трагедыя Хатыні і іншых спаленых вёсак – гэта не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі. Мы павінны заўсёды памятаць, хто заплаціў за Перамогу самую вялікую цану, вызваліў заваяваныя землі і выратаваў народы ад генацыду. 
Мы нізка схіляем галовы перад памяццю нявінных ахвяр фашызму.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Бычкоўская Святлана, настаўніца Бакштаўскай сярэдняй школы імя М.Н. Чэрнік.