0
Местное управление и самоуправление

Залейкаўскія вёсны Любові Васільеўны

Малады настаўнік Любоў Селіцкая ехала на Іўеўшчыну ў лістападзе пераможнага 1945 года без страху перад новым нязведаным жыццём, з аптымізмам гледзячы ў будучыню. Бо самае страшнае выпрабаванне — вайна, якая выпала на яе долю ў юнацкія гады, засталася ў мінулым, і страшней, здаецца, гэтай бяды нічога ў жыцці не было.

У 1944 годзе ад фашысцкіх захопнікаў была вызвалена яе малая радзі-ма — станцыя Красны Бераг на Гомельшчыне. Але радаснае свята перамогі сям’я Селіцкіх адзначала са слязамі на вачах. Бо ў 1943 годзе ад рук фашыстаў загінуў бацька Любы Васіль Мітрафанавіч, сувязны партызанскага атрада, а да вайны — галоўны бухгалтар МТС. У тое ж ліхалецце, у час бою немцаў з партызанамі, ад запальнай кулі згарэў дом Селіцкіх у Красным Беразе. Маці Антаніну Данілаўну з Любай і яе меншай сястрой Валяй прытулілі ў сябе сваякі.

Сям’я засталася  без надзейнай апоры — бацькі. Абставіны жыцця прымусілі кволую дзяўчыну быць смелай і рашучай, разлічваць толькі на ўласныя сілы.

Адразу пасля вызвалення ў 1944 годзе Люба паступіла ў Бабруйскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць «настаўнік пачатковых класаў». Да вайны яна закончыла мясцовую школу — дзевяцігодку. Таму дырэкцыя ўстановы адразу прыняла яе на другі, паскораны курс навучання — краіне  тэрмінова патрэбны былі настаўніцкія кадры. За 15 месяцаў Любоў Селіцкая прайшла два курсы навучання. Радасная і шчаслівая, яна атрымала дыплом і накіраванне ў Іўе з трохгадовым тэрмінам адпрацоўкі.

… Любоў Васільеўна праз шмат гадоў ужо не памятае, хто быў у той час загадчыкам РАНА, але ён прыняў у кабінеце, пазнаёміўся, падпісаў заяву на працу і сказаў: «Любоў Васільеўна, хоць вы і малады спецыяліст, але ва ўкамплектаваную школу мы вас не накіруем. Ды і школ такіх ужо няма. Іх трэба адкрываць…. Ёсць у раёне вёска Залейкі. Нядаўна прыязджалі адтуль прадстаўнікі бацькоў Габрыня Мацеша і Ганна Каранюк. Вельмі просяць для дзяцей у вёсцы школу адкрыць. Вось перад вамі і стаіць задача: стаць у Залейках і дырэктарам, і настаўнікам. Звяжацеся з сельсаветам і бацькамі. Патрэбна знайсці памяшканне для школы, скласці спіскі дзяцей, сабраць заявы бацькоў і тэрмінова пачаць заняткі».

І маладая настаўніца, доўга не думаючы, згадзілася. У Залейках  яна адразу ж не проста стала працаваць, а з энтузіязмам акунулася ў працу. Наладзіла сувязь з Морынскім сельсаветам, мясцовым дэпутатам Іванам Ліхарадам. Пачатковую беларускамоўную школу ўрачыста адкрылі ўсёй вёскай у вялікім і прасторным доме з прыгожай верандай, які належаў да вайны купцу Партному.

Калгасаў у той час яшчэ не было. Па рашэнні сельсавета мясцовыя жыхары, якія мелі коней, павінны былі адпрацоўваць так званую «шараварку» — пэўную колькасць дзён у год на лесанарыхтоўках, рамонце дарог. Адпрацаваць павіннасць гаспадары маглі і ў школьнай гаспадарцы. І гэтую магчымасць дырэктар Залейкаўскай школы выкарыстала. Бацькі дзяцей, якія мелі коней, нарыхтоўвалі ў лесе для школы дровы, шчапалі і складвалі ў кастры.

Любоў Васільеўна сама аб’ехала на кані амаль увесь раён, раздабыла ў колішніх даваенных школах сталы і парты, прывезла стаячую класную дошку, мел для пісання. А першай школьнай партай быў прылавак, на якім калісьці таргаваў купец Партны ва ўласнай краме.

Месца ў былым купецкім доме хапала. У адным крыле ў двух пакоях размясціліся класы, а два пакоі і кухню адвялі пад жыллё настаўніка.

Школу пачалі наведваць каля ста вучняў Залеек. У кожным класе вучылася па 20-25 чалавек. Паколькі настаўнікаў у той час не хапала, то ўся педагагічная нагрузка лягла на адну Любоў Васільеўну. Яна арганізавала працу ў дзве змены. Да абеда вучыліся 1 і 3 класы, а пасля абеда — 2 і 4 класы.

Многі дзеці за гады вайны сталі пераросткамі і ішлі ў першы класс у 12-15 гадоў. Але да кожнага вучня Любоў Васільеўна знайшла свой падыход і заваявала дзіцячыя сэрцы.

Яна з задавальненнем успамінае гады педагагічнай працы ў Залейках. Усе вучні былі стараннымі, уважлівымі на ўроках, а з пераросткамі было нават лягчэй працаваць, чым з малымі. Яны хутка засвойвалі праграму пачатковых класаў. Многія хлопцы стаялі на прызыўным уліку ў ваенкамаце і пасля заканчэння пачатковай школы ішлі ў армію. Некаторыя працягвалі вучыцца ў сямігадовай школе ў Морыне. Дзяўчаты з вёскі не выязджалі, працавалі на гаспадарцы.

Школу рэгулярна наведвалі інспектары РАНА Коўшыкава і Сялянская і дзякавалі настаўніцы Се-ліцкай за добра наладжаны вучэбна-выхаваўчы працэс.

Бацькі таксама з першых дзён упадабалі да ўсяго неабыякавую і клапатлівую  Любоў Васільеўну. Яны называлі яе па — вясковаму паважліва і аўтарытэтна — наша навучыцельніца. Яны ўспрымалі настаўніка на ўзроўні святара мясцовага касцёла, які нясе веды і духоўнасць дзецям. На кожнае свята ў знак павагі  і падзякі прыносілі Любові Васільеўне пірагі, мяса і малочныя прадукты. А гэта патрэбна было заслужыць клопатам і ўвагай пра дзяцей.

У 1945 годзе Любоў Селіцкая ехала на Іўеўшчыну адпрацоўваць гады педагагічнай практыкі па размеркаванні і ніколі не думала, што  сустрэне ў Залейках сваё каханне і застанецца тут назаўсёды.

Кажуць, шлюбы павязваюцца на нябёсах Усявышнім. Іх нябёсы і лёсы сышліся тут, у Залейках, над вірлівай Гаўяй, калі залейкаўскі хлопец Франц Пішчык вярнуўся з арміі. Яго мабілізавалі ў  канцы вайны і накіравалі на ўсход у школу сяржантаў. На фронт не паспелі адправіць — вайна закончылася. Ён вярнуўся ў родную вёску.

Франаку і Любові наканавана было сустрэцца ў Залейках. Яны разам праводзілі вольны час, сустракаліся на вясковых вячорках.

У той час мясцовыя хлопцы не вельмі хацелі жаніцца на чужых. На гэта казалі: «Не свая», а мелі на ўвазе — «восточная», «савецкая», «бязбожная».

У Франца з каталіцкай сям’і   прычын для сяброўства і кахання да новай «восточнай» настаўніцы было шмат: прыгожая бландзінка з вялікімі і яснымі вачамі, карысталася павагай у мясцовых жыхароў, сябравала з мясцовай моладдзю і наведвала касцёл, каб лепш ведаць духоўныя запыты насельніцтва, дазваляла вучням хадзіць у храм. Да таго ж, была добрай гаспадыняй, прыгожа вышывала.

Настойлівым аказаўся кавалер залейкаўскай настаўніцы. Знешне прыгожы, смуглы брунет, Франак умеў, як кажуць, лёстачкі падпусціць, заўсёды быў уважлівы, красамоўны, кожны дзень праяўляў сваю закаханасць, баючыся страціць такую прыгажуню.

Калі Люба паехала летам 1946 года на час водпуску у Красны Бераг, падзеі развіваліся як у рамантычнай меладраме. Сюды нечакана прыехаў Франак і стаў займацца ў Бабруйску на курсах вадзіцеляў. Адначасова ўладкаваўся працаваць будаўніком.

Калі Люба паехала ў канцы жніўня на працу ў Залейкі, Франак кінуўся ёй услед, ехаў на даху вагона цягніка, бо не змог дастаць білет на цягнік. Тады яны яшчэ больш зразумелі, што павінны быць заўсёды разам.

У 1946 годзе Франак, яшчэ толькі кавалер Любы, паехаў у Красны Бераг і дапамог пераехаць у Залейкі яе  маме Анта-ніне Данілаўне і сястры Валі.

У 1947 годзе маладыя зарэгістрыравалі шлюб у Іўеўскім ЗАГСе. Вяселле не гулялі, у касцёле не вянчаліся. Толькі сфатаграфаваліся  на памяць: ён — у шлюбным касцюме, яна — у белай сукенцы і вэлюме.

Любоў Васільеўна не пераходзіла на прозвішча мужа. У Залейках пражывала шмат Пішчыкаў, а ёй хацелася захаваць прозвішча свайго роду, бацькі, які загінуў на вайне.

Маладая сям’я жыла ў пакоях пры школе разам з мамай і сястрой. Завялі, як і ўсе вяскоўцы, гаспадарку: карову, свінчо, кур, пасадзілі соткі.

Франц  Браніслававіч закончыў у Ашмянах курсы прадаўцоў і працаваў заўмагам у залейкаўскім магазіне ад Іўеўскага сельскага спажывецкага таварыства.

Пра тое, што настаўніца Любоў Селіцкая  трымае ў Залейках гаспадарку, даведаліся ў РАНА. Настаўнікам у той час гэта забаранялася — праводзілася лінія партыі: настаўнік павінен спаўна аддавацца  школьнай і грамадскай справе і быць актыўным змагаром з прыватнаўласніцкай псіхало-гіяй.

У 1950 годзе яе вык-лікаў загадчык РАНА і сказаў: «Ведаем, Любоў Ва-сільеўна, пра вашу гаспадарку. За гэта вам будзе такое пакаранне. Паедзеце ўзначальваць і настаўнічаць у Сонтакаўскую пачатковую школу…»

Адлегласць ад Залеек да Вялікіх Сонтакаў невялікая — 6 кіламетраў. Вось толькі не просты, а дакладней сказаць, складаны люд тут жыў. Частка жыхароў «у штыкі» ўспрымала ўсё новае, савецкае. Некаторыя нават не хацелі аддаваць дзяцей у школу.

У вёску часта наведваліся банды, якія аказвалі актыўнае  супраціўленне савецкай уладзе. Настаўнікам Кавалеўскай, а потым Аксёнавай, якія працавалі  ў Сонтаках да прыезда Селіцкай, пагражалі. Настаўніцы часта  начавалі не ў сваіх пакоях, а ў суседзяў, хаваліся ў паветкі за дровы.

Нялёгкія выпрабаванні чакалі ў Вялікіх Сонтаках і Любоў Васільеўну, якая сюды прыехала з сям’ёй з Залеек і займала настаўніцкі пакой у школе, пад якую была прыстасавана хата былога жыхара Язевіча. Ён выехаў  у Польшчу. Пад класы сельсавет арэндаваў яшчэ тры хаты жыхароў вёскі.

У В. Сонтаках былі сфарміраваны 5 пачатковых класаў, у якіх навучаліся больш ста дзяцей з Вялікіх і Малых Сонтакаў і Хвастоў (цяпер — Лугавая).

Акрамя шматлікіх школьных пытанняў настаўніку патрэбна было вырашаць і дзяржаўныя. Любоў Васільеўна добра памятае, як арганізоўвала калгас в В. Сонтаках.

— Работнікі райкама прыязджалі ў вёску на сход і казалі: «Вы — настаўнік і павінны арганізаваць за месяц тры заявы ад жыхароў, якія жадаюць стаць калгаснікамі. Людзі ж, убачыўшы незнаёмых гасцей вёскі, уцякалі за рэчку Гаўю ў лес, хаваліся, не хацелі развітвацца з зямлёй і ўласнасцю. Прадстаўнікі раённай улады ад’язджалі, а мне патрэбна было ўгаворваць людзей, весці тлумачальную работу. І слова настаўніка  часта было больш важкім, чым слова прадстаўніка з раёна. Я ішла да людзей, і яны мне верылі. Паступова пісалі заявы ў калгас. Надзейным памочнікам быў муж Франц Браніслававіч, які працаваў  на тэрыторыі сельсавета фінансавым агентам райфінаддзела. Мясцовыя жыхары каталіцкага веравызнання давяралі яму, мясцоваму, а значыць — і мне. Яны лічылі мяне «сваёй» і былі ўпэўнены: пры неабходнасці  — падтрымае, не падвядзе.

Калгас імя Леніна ў В. Сонтаках быў створаны 14 снежня 1951 года.

За перыяд працы ў вёсцы В. Сонтакі з 1950 по 1962 год Любоў Селіцкая назапасіла вялікі арганізатарскі і педагагічны вопыт. У гэтай вёсцы і праца з дзецьмі патрабавала такой асаблівай увагі і клопату, як з кветкамі на школьнай клумбе, дзе кожная расліна хоча асабістага догляду і цяпла.

— Да гэтага часу, — кажа Любоў Васільеўна, — памятаю свайго незвычайнага сонтакаўскага вучня Генрыха Скрэнду. Маці яго памерла рана, а бацька пасля вайны выехаў на пражыванне ў Польшчу. Хлопчыка гадавала родная цётка. Генрых быў старанным вучнем, добра вучыўся, але на ўроках ніколі не распранаўся, сядзеў у ватоўцы. За гэта я не аднойчы рабіла яму заўвагі. Ён неяк пакрыўдзіўся і не пайшоў у школу. Я пайшла дамоў да вучня і папрасіла, каб ён наведваў заняткі. Каб не абвастраць сітуацыю, дазволіла хлопчыку, калі яму так падабаецца, сядзець на ўроках у ватоўцы. І ён вярнуўся ў школу.

…Праз шмат гадоў мы сустрэліся з Генрыхам на залейкаўскіх могілках. Перада мной стаяў прыгожы, хораша апрануты чалавек. Ён мяне пазнаў, падышоў, загаварыў, а потым сказаў: «Любоў Васільеўна, памятаеце, як я ў школе не хацеў распранаць ватоўку? А ведаеце чаму? У мяне тады не было ні кашулі, ні нацельнай бялізны. Акрамя ватоўкі я не меў чаго  апрануць…»

Вось такім былі пасляваеннае дзяцінства і школьныя гады многіх маіх вучняў. Тады пра гарачыя абеды ў школе ніхто і падумаць не мог. За асалоду дзецям была шклянка гарачага чаю, які я гатавала на вялікім перапынку.

Настаўніку — энтузіясту Любові Васільеўне хацелася бачыць ў вёсках змены да лепшага жыцця, абудзіць у людзях калектывізм, асабліва ў моладзі. Нягледзячы на занятасць у школе і сямейныя клопаты, яна арганізавала сонтакаўскую моладзь у драматычны гурток і была шмат гадоў яго нязменным кіраўніком. Рэпетыцыі праходзілі ў школе. Год за годам самадзейныя артысты інсцэніравалі і паказалі вяскоўцам «Паўлінку», «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Пінскую шляхту» Вінцэнта Дуніна — Марцінкевіча, «Несцерку» Віталія Вольскага і многія іншыя класічныя творы беларускай літаратуры.

Ролі  выконвалі звычайныя вясковыя хлопцы і дзяўчаты: Стэфан Мальцаў, Казімір Лапата, Зыгмунд Сантоцкі, Валянціна Лугіна, Рэгіна Невядомская, Соф’я Ціхон і іншыя. Актыўным удзельнікам быў  настаўнік школы Іван Іванавіч Гудзень, які выконваў ролю Несцеркі.

На калгасных конях драмкалектыў ездзіў выступаць у раённы Дом культуры. Гледачы не шкадавалі сонтацкім артыстам апладысментаў.

Паказвалі спектаклі і мясцовым гледачам з навакольных вёсак, куды сонтацкія артысты дабіраліся пешшу. Артысты йшлі па вёсках у  тэатральных касцюмах, склаўшы на сябе вопратку не толькі з нацыянальных касцюмаў, але і ваенную форму савецкіх  і нямецкіх салдат, зазывалі гледачоў у клуб. Людзі дзівіліся, а часам і палохаліся, калі на вуліцы вёскі з’яўляўся такі незвычайны атрад.

Настаўнік-энтузіяст у аддаленых, глухіх вёсачках інсцэніравала літаратурныя творы, прапагандавала беларускае слова, выводзіла яго з-пад саламяных стрэхаў на тэатральныя падмосткі…

Пасля выступленняў моладзь адпачывала і весялілася. Наймалі музыкантаў Багдзевічаў з вёскі Бялундзі Лідскага раёна. Пад гармонік, цымбалы і бубен любілі танцаваць народныя танцы: вальс, польку, кракавяк…

Да 1960 года Любоў Селіцкая жыла з сям’ёй у Сонтаках, а потым купілі добрую хату ў Залейках і сталі там жыць. У цёплыя поры года дабіралася на працу ў Сонтакі на матаролеры, зімой — пяшком. Незадоўга да закрыцця Сонтакаўскай школы паступіла на гістарычны факультэт Гродзенскага педінстытута, а закончыла яго, калі ўжо працавала настаўнікам гісторыі Навасёлкаўскай базавай школы. У навасёлкаўскі педкалектыў прыйшла працаваць у 1965 годзе і была яго моцным звяном да 1980 года. У той год пайшла на заслужаны адпачынак.

Любоў Васільеўна памятае і высока цэніць калег па працы з Навасёлкаўскай васьмігадовай школы, з якімі не толькі дзялілася вопытам, але і пераймала лепшае ад іх. Гэта былы дырэктар і настаўнік роднай мовы і літаратуры Мар’ян Медардавіч Відзевіч, настаўнікі хіміі і біялогіі — Яўген Іванавіч Дасько, рускай мовы і літаратуры — Надзея Іванаўна Чарнаруцкая, пачатковых класаў — Леанід Іосіфавіч Слаута і Кацярына Васільеўна Мірончык.

Два гады працавала Селіцкая завучам Навасёлкаўскай школы, а ўвесь педагагічны стаж яе працоўнай біяграфіі складае 40 гадоў. Гады любімай працы ў штодзённых клопатах праляцелі так хутка, як адно імгненне, як узмах крылаў птушкі, якая прыляцела з берагоў дзяцінства — рэчкі Алы, прытока Дняпра  на Гомельшчыне — на заліўны гаў-еўскі луг. Не часова прыляцела сюды — звіла надзейнае гняздо, засталася ў Залейках назаўсёды. А ўвесь свой талент і педагагічнае майстэрства прысвяціла вясковым і сваім дзецям (іх трое). На сваіх і чужых ніколі не падзяляла.

Пра гэта гаварылі калегі, бацькі, дырэктар школы Мар’ян Відзевіч у 1978 годзе, калі ўручалі ёй на бацькоўскім сходзе медаль «За працоўныя заслугі». Адзначалі яе грамадскую працу: двойчы выбіралася дэпутатам мясцовага Савета, 20 гадоў працавала сакратаром Навасёлкаўскага выбарчага ўчастка.

Многія выпускнікі Селіцкай сталі настаўнікамі. Яна запаліла ў іх іскру любові да прафесіі педагога.

Любоў Васільеўна ніколі не думала аб тым, каб выехаць з сям’ёй у горад, дабіцца выгод і прывілей, зрабіць кар’еру, атрымаць лепшую пасаду. Радасць і прывабнасць жыцця яна шукала і знайшла ў школьнай працы, сямейных клопатах, калектыўным адпачынку сям’і, сустрэчах гасцей, сямейных чытаннях.

Уся біяграфія сям’і — ў мностве альбомаў  з вялікай колькасцю фотаздымкаў. Яны заўсёды побач: Любоў Васільеўна, Франц Браніслававіч, дачка Ірына, сыны Валерый і Віктар з сем’ямі.

У жніўні 2007 года Любоў Васільеўна і Франц Францавіч адзначылі 60-годдзе сумеснага жыцця — брыльянтавае вяселле. З’ехалася вялікая сям’я, было шмат кветак, пажаданняў ад родных і блізкіх, сельсавета. Але, на жаль, Франца Браніслававіча не стала 21 верасня мінулага года. Раптоўная смерць вырвала з сям’і дарагога ёй чалавека.

Даўно ўжо няма  Залейкаўскай, Сонтакаўскай, Навасёлкаўскай школ, а ў Залейках, як і раней, гарыць у вокнах святло ў хаце Любові Васільеўны Селіцкай. 18 лютага 2015 года настаўніца — легенда раёна адзначыла свой 90-гадовы юбілей. На сямейную ўрачыстасць прыязджалі дзеці, унукі, праўнукі.

І ў свае 90 год Любоў Васільеўна ўсё такая ж інтэлігентная, абаяльная. Усё тыя ж ясныя, жывыя вочы, зацікаўленая гутарка са знаёмымі і суседзямі.

Ёй тэлефануюць былыя вучні. Ірына Кона ўдакладняе факты гісторыі Залеек, піша ўспаміны. Паэт -аматар Дзмітрый Лапата прывозіў ацаніць уласныя вершы.

І ў 90-ю вясну з дня нараджэння Любоў Васільеўна шчаслівая жанчына. Бо побач, як і заўсёды, добрыя, шчырыя і клапатлівыя дзеці. Вокны ў вокны — дом сына Валерыя. Нявестка Тамара прыходзіць і даглядае яе, як родную матулю.

Любові Васільеўне і ў 90 год можна толькі па-добраму пазайздросціць, бо не кожнаму суджана столькі пражыць і столькі зрабіць карысных спраў для грамадства, для вёскі, для сям’і.

А. ІГЛІЦКІ.