Главное

Заўтра — Вербніца

Заўтра ў вернікаў каталіцкай канфесіі —
Вербная (Пальмавая) нядзеля.
Яна святкуецца ў апошнюю нядзелю
перад Вялікаднем.

У храмах асвячаюць галінкі маладой вярбы, якія ўпрыгожваюць на розны густ. Святочнае набажэнства суправаджаецца працэсіямі вакол храмаў. 

Згодна з біблейскай гісторыяй, пасля таго як Ісус Хрыстос уваскрасіў з мёртвых у суботу Лазара, Ён у наступны дзень як Месія (абяцаны Старым Запаветам) уязджае на осліку ў Іерусалім. Напярэдадні іўдзейскай Пасхі ў горадзе было шмат людзей з усёй Палесціны. Яны жадалі ўбачыць Памазаніка Божага, які здзіўляў сваёй мудрасцю, прароцтвам і цудамі. Па даўняй традыцыі радасны і ўсхваляваны народ расцілаў дарогу Ісусу маладымі пальмавымі галінкамі.
Адзначэнне хрысціянскай Вербнай нядзелі мае сувязі з народнымі традыцыямі, згодна якім вярба служыць аберагальным сродкам. Пасля асвячэння прынята было сцябаць вербачкамі адзін аднаго з прыгаворкамі і пажаданнямі: «Не я б’ю — вярба б’е. За тыдзень — Вялікдзень», «Хвароба ў лес, здароўе ў косці». Верылі, што б’ючы галінкамі, можна перадаць чалавеку здароўе, жыццёвую моц, хараство вярбы, якая першай абуджаецца ад зімовага сну.