Экономика

З пачуццём удзячнасці землякам і малой радзіме. Даследаванне краязнаўцы Алега Ігліцкага (заключаная частка)

Чытайце пачатак, частку 2, частку 3, частку 4, частку 5

У 1977 годзе з Вадолі ў Геранёны прыехала жыць  і працаваць маладая сям’я Барадын. 

Станіслаў, родам з Вадолі, меў ужо жыццёвы і працоўны вопыт. Пасля 8 класаў Вадольскай школы закончыў Мінскі палітэхнічны тэхнікум. Па спецыяльнасці ён інжынер-тэхнолаг са спецыялізацыяй “апрацоўка металаў рэзаннем”. У 1975 годзе працаваў інжынерам-тэхнолагам на Навагрудскім заводзе металавырабаў.

У перыяд службы ў Савецкай Арміі набыў спецыяльнасць ў вучэбнай часці ў Мар’інай Горцы, далей прадоўжыў службу за мяжой, у ГДР. Пасля службы ў арміі працаваў інжынерам-тэхнолагам на Лідскім заводзе “Оптыка”.

Жонка Станіслава Альбіна (дзявочае прозвішча Лукашэвіч) таксама з Вадолі. Пасля заканчэння Вадольскай школы прайшла курсы афіцыянтаў у Мастах і працавала ў іўеўскім рэстаране “Вясна”. Затым перайшла працаваць прадаўцом у іўеўскі магазін “Кулінарыя”. Паступіла і закончыла Гродзенскі кааператыўны тэхнікум па спецыяльнасці “таваравед харчовых тавараў”.

Пасля ўладкавання на працу ў геранёнскі калгас, сям’я Барадын праз тры месяцы атрымала кватэру ў чатырохпавярховым доме. Станіслава ўзялі на працу інжынерам на свінаводчы комплекс, які ў гэты час хутка будаваўся, сюды завозілі і манціравалі абсталяванне.

Альбіну прынялі на працу касірам у геранёнскую сталовую грамадскага харчавання. Але ў сталовую Геранёнскай школы патрэбны быў повар, і Альбіну Іосіфаўну тэрмінова перавялі поварам у школьную сталовую. Ведаючы толк у дамашняй кулінарыі, Альбіна Іосіфаўна па ходу працы хутка асвоіла новую, але знаёмую дамашнюю справу. Старанна і смачна гатавала ежу. Не мела нараканняў па працы, а толькі станоўчыя водгукі ад дзяцей і настаўнікаў. Удзельнічала ў раённым конкурсе павараў у Іўі, за што ёй адразу прысвоілі 4 разрад. Працавала з душой, таму і гады працы ў школьнай сталовай праляцелі хутка. Не заўважыла, як прыйшоў пенсійны ўзрост.

У 1979 годзе, пасля завяршэння будаўніцтва свінакомплекса ў Геранёнах, Станіслаў Барадын пайшоў працаваць начальнікам кацельні, якая абагравала аграгарадок.

Кіраўніцтва калгаса імя Баўма давярала Станіславу Барадыну і іншыя адказныя пасады. З 1991 года ён працаваў майстрам  участка газавай службы і адначасова адказным за сушыльную гаспадарку калгаса. Апошнія гады перад пенсіяй сумяшчаў працу інжынера па тэхніцы бяспекі і старшыні прафкама СПК імені Баўма.

Прайшло чатыры гады, як не стала Станіслава Іванавіча. Альбіна Іосіфаўна пражывае ў Геранёнах і лічыць незабыўнымі і памятнымі гады свайго жыцця і працы ў Геранёнах, дзе яны з мужам правялі гады сваёй маладосці, былі ўдзельнікамі цікавых падзей, мелі надзейных сяброў і калегаў, з якімі і цяпер прыемна сустрэцца і ўспомніць шмат чаго перажытага, але добрага. Сям’я Барадын упісала свой працоўны радок у гісторыю перадавога калгаса на Іўеўшчыне.

Альбіна Іосіфаўна на пенсіі. Займаецца агароднымі справамі, чакае ў госці сваіх дзяцей, 5 унукаў і 4 праўнукаў. Сын Віталій закончыў Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Працаваў механікам у КСУП імя Баўма ў Геранёнах, цяпер – інжынерам у “ГМК-Агра” Воранаўскага раёна. Дачка Таццяна па прафесіі настаўнік, але працуе ў аддзеле маркетынгу санаторыя “Радон” у Дзятлаўскім раёне.

Галіна Станіславаўна Кяўра (па мужу – Нехвядовіч) родам з Вадолі. З дзяцінства бацькі прывілі ёй любоў да працы на зямлі. Закончыла Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымала прафесію агранома.

Сваё асабістае шчасце сустрэла ў Іўі. Муж яе Віктар Антонавіч Нехвядовіч іўяўчанін, па прафесіі вадзіцель і электрык. Лёс звёў двух улюбёных у жыццё, працавітых, ініцыятыўных і творчых людзей, якія здзяйсняюць задуманыя мары. 

Галіна працавала нянькай у дзіцячым садку, затым перайшла на працу да мужа Віктара, які працаваў індывідуальным прадпрымальнікам у агульна-рознічным гандлі. Сям’я пабудавала ўласны дом па вуліцы Агінскага ў Іўі і тут пражывае.

У 2013 годзе Нехвядовічы купілі хутар каля Іўя і 10 гадоў займаліся фермерскай гаспадаркай па вырошчванні жывёлы. Яны гадавалі 6 кароў, 27 бычкоў, 12 свінаматак. На полі каля лесу арандавалі 3 га зямлі пад сенажаць і пашу для жывёлы. Працавалі ад цямна да цямна сям’ёй, прывучалі да працы сваіх дзяцей.

Нехвядовічы рэалізавалі сваю задуманую мару і пабудавалі тры гады назад, у 2022 годзе, на месцы хутара, каля лесу, сучасную аграсядзібу “Маёнтак” для жадаючых урачыста адзначыць вяселле, юбілей, дзень нараджэння, ці проста сустрэцца і адпачыць у кампаніі родных і блізкіх людзей.

Святочны і ўрачысты настрой тут стварае для гасцей банкетная зала да 100 месцаў, 2 пакоі для начлегу на 10 чалавек. Ёсць кухня, санвузлы. У планах – будаўніцтва бані. Аграсядзіба “Маёнтак” чакае наведвальнікаў на хутары, за вуліцай Піянерскай, дом 14. Тут вас у любы час сустрэнуць гаспадары “Маёнтка” Нехвядовічы. 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег Ігліцкі.