0
Великая Отечественная война в судьбах и фактах

З кагорты нязломных

17 верасня 2014 года споўнілася 75-я гадавіна ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй у адну рэспубліку — БССР. Шлях да яднання беларускага народа, адстойвання яго нацыянальных і сацыяльных правоў, чалавечай годнасці, а ўрэшце рэшт і да незалежнасці Рэспублікі Беларусь праклалі беларускія патрыёты 1920-1930-х гадоў, рызыкуючы асабістай свабодай, здароўем і нават жыццём. Адным з такіх патрыётаў быў морынец Пётр Якаўлевіч Лайковіч.

Мы сустрэліся ў морынскай хаце Пятра Лайковіча з яго сынам Іванам, якому ў мінулым годзе споўнілася 82 гады. Іван застаўся адзіным у вёсцы з калісьці вялікай і дружнай сям’і Лайковічаў. Ён памятае многія ўспаміны бацькі, пра яго цяжкія, але плённыя гады маладосці.

— Мой бацька Пётр Якаўлевіч, — успамінае Іван Пятровіч, — нарадзіўся ў в. Морына ў 1895 годзе ў сялянскай сям’і. Яго бацька быў з вёскі Дзяманты, а маці Фаіна — з Морына. Маладыя абвянчаліся ў морынскай царкве, стварылі сям’ю і ў іх нарадзілася шасцёра дзяцей: тры сыны і тры дачкі. Пётр быў малодшы з братоў. Мой дзед быў малазямельны ўласнік. Пракарміць такую вялікую сям’ю было невыносна цяжка, а даць дзецям добрую адукацыю —  проста немагчыма. Пагэтаму ў дзяцінстве мой бацька скончыў толькі пару класаў царкоўна-прыходскай школы, юнаком служыў у польскім войску ў горадзе Торуні.

Па характары рызыкоўны і настойлівы, ён у 1920-я гады, пасля службы ў войску, разам з сябрам Аляксандрам Мелехам вырашыў паспытаць сваё шчасце за мяжой. Яны паехалі на заробкі ў Францыю і ўладкаваліся працаваць на вугальную шахту. Праца на шахце была вельмі цяжкай — адбівалі вугаль кіркамі ўручную і цягалі тачкамі. Пазнаёміўшыся на працы з рабочымі-камуністамі, бацька прымкнуў да камуністычнага руху, стаў членам французскай кампартыі.

Невядома, як склаўся б лёс морынцаў у Францыі далей, каб у 1930-м годзе не пачаўся сусветны эканамічны крызіс: упалі заробкі, пачаліся скарачэнні рабочых месцаў на шахтах. Морынскія хлопцы вярнуліся на радзіму, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, восенню 1931 года.

Захоплены ідэяй сацыяльна справядлівага грамадства, восенню 1931 года Пётр Якаўлевіч стварыў і ўзначаліў морынскую ячэйку Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У ячэйку ўвайшлі морынскія жыхары: Міхаіл Жынко, Іван Абрамчык, Сяргей Жышко. На вясковых вечарынках хлопцы тлумачылі моладзі сутнасць акупацыйнай палітыкі поль-скай улады, распаўсюджвалі лістоўкі і заклікалі грамадзян да ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй — БССР. Займацца палітыкай у той час было небяспечна, за падазронымі сачыла поль-ская паліцыя, у асяроддзе іншадумцаў засылаліся шпікі.

Вярнуўшыся з Францыі, бацька ажаніўся з морынскай дзяўчынай Ганнай Жынко, разумнай, разважлівай і памяркоўнай, якая заўсёды падтрымлівала яго палітычныя погляды і дапамагала яму ў любых абставінах. Я нарадзіўся першы ў сям’і 5 красавіка 1932 года, а ўжо ў кастрычніку 1932 года бацька быў арыштаваны, бо падпольшчыкаў выдаў паліцыі нейкі гімназіст — правакатар Кузьма.

10 лютага 1933 года ў Лідзе ішоў суд над арыштаванымі падпольшчыкамі. На судзе Пётр Якаўлевіч усю адказнасць за дзейнасць морынскай ячэйкі ўзяў на сябе і тым самым выратаваў таварышаў ад турмы, іх пасля суда адпусцілі. А сам ён адбываў пакаранне за супраціўленне польскаму рэжыму ў засценках Ліды і Гродна з 1932 па 1936 гады. Расказваў, што на допытах следчыя білі, залівалі ў нос керасін. Турмы падарвалі яго здароўе, але не зламалі волю і ідэйныя перакананні. У камерах ён пазнаёміўся з адукаванымі людзьмі, ад іх шмат чаго даведаўся і многаму навучыўся, асвоіў «марзянку», з дапамогай якой вязні стукалі па сцяне і перадавалі інфармацыю з камеры ў камеру. З 1932 па 1936 гады бацька правёў у няволі. У студзені 1936 года ён быў вызвалены па амністыі і знаходзіўся пад наглядам польскай паліцыі.

Нечаканыя перамены пачаліся восенню 1939 года. Корпус Чырвонай Арміі пад камандаваннем І. Болдзіна ўвайшоў у Іўе. Польскія чыноўнікі разбегліся. Сям’я морынскай памешчыцы Брахоцкай з’ехала за мяжу яшчэ да прыходу бальшавікоў да ўлады.

У Морыне адразу быў створаны камітэт сялянскай беднаты, які ўзначаліў Пётр Лайковіч. У склад яго, акрамя былых падпольшчыкаў Івана Абрамчыка, Міхаіла Жынко, Сяргея Жышко, ўвайшлі сялянскія прадстаўнікі — Пётр Гудзень, Канстанцін Бутурля, Канстанцін Ярмош, Аляксандр Жынко, Імпаліт Гудзень. Створаны камітэт падзяліў панскую зямлю паміж малазямельнымі і беззямельнымі сялянамі. Члены камітэта па чарзе дзяжурылі па начах у панскім маёнтку, ахоўвалі пасевы на палях. Мелі на ўсякі выпадак зброю, якая вісела ў панскім доме на сцяне.

24 снежня 1939 года адбыліся выбары ў Морынскі сельскі Савет дэпутатаў працоўных. Дэпутатамі былі абраны: Канстанцін Ярмош, Аляксандр Ігліцкі, Канстанцін Ліхарад, Іван Конан, Яўгеній Мелех, Браніслава Жамойда. Першым старшынёй Морынскага сельсавета быў абраны Канстанцін Ярмош.

Бацька не казаў, па якіх прычнах, але, на жаль, ні адзін з былых морынскіх падпольшчыкаў-камуністаў не стаў дэпутатам Морынскага сельсавета. У маладосці я палітыкай не цікавіўся і не распытваў у бацькі, чаму так адбылося.

Выслухаўшы свайго субяседніка Івана Пятровіча, я раскажу, абапіраючыся на гістарычныя факты, чаму ж так здарылася. Вядома, што ў сярэдзіне 30-х гадоў, калі набіраў абароты махавік сталінскіх рэпрэсій, шмат актывістаў КПЗБ было несправядліва абвінавачана сталінскім кіраўніцтвам у здрадніцтве і падвергнута суровым пакаранням.

У 1936-1937 г. г. былі арыштаваны выкліканыя ў Маскву кіруючыя работнікі КПЗБ — І. К. Лагіновіч, А. С. Славінскі, В. З. Харужая, шэраг іншых камуністаў. Большасць іх загінула ў турмах або лагерах НКУС. Супраць камуністаў Польшчы, Заходняй Украіны, Заходняй Беларусі было сфабрыкавана абвінавачванне ў тым, што іх кіраўнікі з’яўляюцца агентамі польскай палітычнай паліцыі, КПЗБ была распушчана. Роспуск кампартыі Заходняй Беларусі быў ударам па нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі, у выніку чаго ён аслаб.

З усталяваннем савецкай улады ў Заходняй Беларусі былыя члены КПЗБ не былі вылучаны ў органы мясцовай улады, іх актыўная жыццёвая пазіцыя і вялікі вопыт не спатрэ-біліся сталінскаму кіраўніцтву. Уладзе патрэбны былі паслухмяныя прызначэнцы, а не абраннікі, загартаваныя ў турмах, з вопытам палітычнай барацьбы.

Далей Іван Пятровіч зноў прадоўжыў расповяд пра жыццёвы шлях бацькі:

— Пётр Якаўлевіч у перадваенны час працаваў на уласнай гаспадарцы, а ў 1940 годзе паехаў у Белавежскую пушчу на курсы майстроў падсочкі сасновай смалы. Вярнуўшыся, набраў у Морыне брыгаду падсочнікаў і пачаў нарыхтоўку жывіцы ў лесе.

У пачатку мая 1941 года бацька быў прызваны на 45-дзённыя зборы Чырвонай Арміі, якія праходзілі ў г. Аўгустоў Беластоцкай вобласці БССР. Час быў ваенны і трывожны. У верасні 1939 года Германія захапіла Польшчу, і каля г. Аўгустова праходзіла дэмаркацыйная лінія — паласа, якая раздзяліла войскі праціўнікаў ( у дадзеным выпадку мяжа савецка-германскіх інтарэсаў ва Усходняй Еўропе). У Аўгустове мяжа непасрэдна праходзіла па возеры, асвятлялася пражэктарамі, здалёк былі відаць нямецкія ахоўнікі.

Як раз перад пачаткам вайны воінская часць, што размяшчалася ў Аўгустове, адправілася на палявыя вучэнні, у казарме заставалася невялічкая частка асабістага складу і рэзервістаў.

Бацьку заставалася пяць дзён да заканчэння збораў, але нечакана пачалася вайна Германіі з СССР. 22 чэрвеня 1941 года, у 4 гадзіны раніцы, магутны ўдар нямецкай артылерыі абрынуўся на савецкую пагранічную тэрыторыю. Салдаты з казармаў павыскоквалі, мяркуючы, што гэта на самой справе страляюць свае, ідуць вучэнні, але, убачыўшы забітых саслужыўцаў, зразумелі, што пачалася вайна.

Бацька ўспамінаў, што байцы кінуліся да складоў зброі, але яны былі зачынены. Яны збілі замкі і пачалі хапаць вінтоўкі, але ў новых, змазаных маслам вінтоўках не было затвораў. Увачавідкі было здрадніцтва ў ваенным акружэнні на карысць немцаў.

Нямецкі дэсант высадзіўся за ракой Шчарай і натуральна касіў градам куляў адступаючых чырвонаармейцаў. Рэзервісты з Аўгустова групкамі ўцякалі з тэрыторыі часці ў лес, але там былі акружаны і ўзяты ў палон немцамі. Ваеннапалонных адправілі ў канцлагер, які размяшчаўся ў г. Сувалкі Беластоцкай вобласці.

Пётр Якаўлевіч прабыў у лагеры паўгода і прайшоў усе жахі фашысцкага рэжыму. Ваеннапалонныя жылі ў бараках, спалі на дашчатых нарах. Але не ўсім хапала і на іх месца — начавалі  на зямлі пад адкрытым небам. Елі поліўку з гнілых буракоў і здохшай каніны, атрымоўвалі па 150-200 грамаў эрзац-хлеба ў дзень. На працу палонных не ганялі, бо яе не было.

Лагер ахоўвалі старыя па ўзросту немцы і жанчыны ў ваеннай форме. Асабліва жорсткімі былі жанчыны-ахоўніцы. За любую дробязь расстрэльвалі. Многія палонныя не вытрымлівалі цяжкіх умоў і паміралі. Кожны дзень звычайным відовішчам было, як жывыя палонныя вывозілі з баракаў возам горы трупаў і закопвалі іх у лесе.

Праз паўгода Пётр Якаўлевіч з групай іншых палонных здзейсніў пабег з лагера. На працягу тыдня, пад покрывам ночы ён ішоў дамоў і толькі ў канцы лістапада 1941 года дабраўся да Морына.

У вайну ўсе морынцы працавалі на сваіх надзелах зямлі. Пагэтаму і бацька, вярнуўшыся з палону, заняўся гаспадаркай. Абрабляў гектар і 35 сотак зямлі, трымаў карову, свіней, каня.

Здрадніцтва ў вайну хапала. Нехта далажыў немцам, што мой бацька быў да вайны камуністам. Прыехалі пад хату немцы на кані, прывязалі бацьку за руку да аглоблі і павялі ва Уселюбскую гміну. Магчыма, там яго і расстралялі б. Але мая маці Ганна пабегла да кіраўніка морынскага маёнтка Міхаіла Канчука. Ён хуценька сеў вярхом на каня і памчаўся ва Уселюб, там сказаў: «Лайковіча адпусціце, ён харошы чалавек. Калі дзе ўдзельнічаў, то яго застаўлялі…» І бацьку адпусцілі. Канчуку немцы верылі, і дзякуючы гэтаму ён выратаваў многіх людзей ад смерці. Сярод іх — Іван Міхайлавіч Конан, які да вайны працаваў сакратаром Морынскага сельсавета.

Пасля вайны мой бацька пару гадоў працаваў на ўласнай гаспадарцы, а калі зямлю ад уласнікаў забралі ў калгас, пайшоў у брыгаду Бакштаўскага леспрамгаса. Туды ездзілі працаваць многія морынцы, у брыгадзе іх налічвалася больш дзесяці чалавек. Зімой яны ўручную грузілі лес на машыны, а вясной і летам рыхтавалі плыты са спілаваных векавых елак ды соснаў да сплаву па рацэ. Рабочыя звязвалі бярвенні ў плыт галобай (лазой або тонкім маладым бярэзнікам). Плыты паміж сабой злучалі гірдзялямі (доўгія пруты лазы), а потым прывязвалі іх да катара. Той у сваю чаргу цягнуў  уніз па цячэнні Бярэзіны і Нёмана вялікія і доўгія звязкі плытоў у Масты на дрэваапрацоўчы камбінат, а таксама ў г. Друскенінкай Літоўскай ССР. У Літве лес куплялі нямецкія і іншыя замежныя фірмы.

Лесанарыхтоўшчыкі зараблялі ў месяц па 50 рублёў. Гэта быў малы заробак, але значна большы, чым у калгасе. Там у той час працавалі за працадні, за якія сяляне ў канцы года атрымоўвалі капейкі ды трохі зерня за выхады.

Праца ў леспрамгасе была фізічна цяжкай. Але, каб пракарміць сям’ю, у якой было 5 дзяцей, мой бацька быў вымушаны працаваць там да выхаду на пенсію. На заслужаны адпачынак ён пайшоў інвалі-дам трэцяй групы і атрымаў дзяржаўную пенсію ў памеры 13 рублёў і 60 капеек, у той час як іншыя працаўнікі леспрамгаса — па 12 рублёў.

Пятра Якаўлевіча ніколі не запрашалі на ўрачыстасці ў райкам партыі, не ўручалі ўзнагарод і падарункаў, яго жыццём не цікавілася мясцовая партарганізацыя. Адзіным яго ўшанаваннем, як актыўнага падпольшчыка і члена КПЗБ, быў фотаздымак, размешчаны ў музеі Морынскай сярэдняй школы. Некалькі разоў Пятра Якаўлевіча запрашаў на сустрэчу з вучнямі Морынскай СШ дырэктар Іван Васільевіч Салановіч. На запрашэнні ён заўсёды актыўна адгукаўся, бо меў шмат чаго цікавага расказаць школьнікам.

Будучы на пенсіі, бацька цікавіўся палітычным жыццём краіны, выпісваў і чытаў газеты «Советская Белоруссия», «Звязда», а ў вольныя ад гаспадарчых спраў хвіліны лавіў у Нёмане рыбу, плёў з лазы кошыкі, збіраў у лесе грыбы і ніколі не скардзіўся на свой лёс.

Пётр Якаўлевіч Лайковіч пражыў 75 гадоў, памёр у 1974 годзе і пахаваны на морынскіх мо-гілках. Яго жонка Ганна Міхайлаўна пражыла 85 гадоў, памерла ў 1990 годзе.

Усе пяцёра дзяцей Лайковічаў скончылі Морынскую сярэднюю школу, а потым кожны пайшоў у жыццё сваёй сцежкай. Мой субяседнік Іван, самы старэйшы сын Лайковічаў, служыў у Савецкай Арміі ва Украіне, у званні сяржанта, камандаваў аддзяленнем правадной сувязі пры дывізіёне. Пасля арміі скончыў Навагрудскае СПТВ і атрымаў прафесію трактарыста-машыніста шырокага профілю. Год працаваў у мясцовым калгасе на першым калёсным трактары «Беларусь-5». Але потым вырашыў вярнуцца да сваёй ваеннай спецыяльнасці сувязіста і пайшоў працаваць электраманцёрам Іўеўскага цэха сувязі. Забяспечваў рамонт тэлефоннай і радыёсувязі ў вёсках Морынскага сельсавета на працягу 33 гадоў. Неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі Лідскага эксплуатацыйна-тэхнічнага вузла сувязі. На пенсіі з 1992 года.

Георгій Лайковіч, 1937 г. н., скончыў Магілёўскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Каля пяці гадоў працаваў настаўнікам працы і матэматыкі ў Вадольскай базавай школе, а затым пяць гадоў вёў працоўнае навучанне ў Юрацішкаўскай СШ. Праз некаторы час уладкаваўся на працу ў Гродзенскія электрасеткі, а адтуль паехаў будаваць электрычныя лініі ў Цюменскую вобласць. Там стварыў сям’ю і жыў да апошніх сваіх дзён.

Соф’я Лайковіч, 1939 г. н., працавала галоўным заатэхнікам, а потым і галоўным ветэрынарам у в. Старое Сяло Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Там засталіся жыць і працаваць яе чатыры сыны.

Сяргей Лайковіч, 1943 г. н., скончыў Гродзенскую школу кінамеханікаў у г. п. Астрыно ў 1967 годзе. Усё сваё жыццё працаваў кінамеханікам у Морынскім Доме культуры.

Марыя Лайковіч, 1946 г. н., скончыла філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута. Марыя Пятроўна пасля заканчэння ВНУ працавала настаўніцай у Ашмянскім раёне, з 1971 г. — настаўніцай рускай мовы і літаратуры Ліпнішкаўскай сярэдняй школы, а з 1983 г. па 2002 г. — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце гэтай жа ўстановы адукацыі. Яе любяць, паважаюць і не забываюць выпускнікі і настаўнікі школы, з кім яна працавала доўгія гады. Марыя Пятроўна (па мужу Францук) зараз на пенсіі, пражывае з мужам Генадзем Віктаравічам у аграгарадку Ліпнішкі.

У розных галінах народнай гаспадаркі краіны працуюць унукі Пятра Якаўлевіча Лайковіча. У незалежнай Рэспубліцы Беларусь яны рэалізоўваюць свае задумкі і планы, якія для іх дзядулі ў свой час былі марай. Дзеля лепшай долі сваіх дзяцей і ўнукаў Пётр Лайковіч прайшоў праз гарніла барацьбы, не пашкадаваў дзеля гэтага маладых гадоў.

А. ІГЛІЦКІ. 

Фота з сямейнага архіва М. Францук.