Працяг. Чытайце пачатак: частка 1, частка 2, частка 3, частка 4, частка 5, частка 6, частка 7, частка 8, частка 9.
На хутары Чарвякоў
У даваенны час, пры Польшчы, сям’я Осіпа і Наталлі Копачаў з Трабаў купілі дом на хутары ў Шчучым Бары і пераехалі туды жыць. У той час гэта было нармальнай з’явай, калі людзі пакідалі ўтульнае мястэчка і пераязджалі жыць на ціхі і глухі лясны хутар. У мястэчку былі малыя магчымасці для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі. На хутарах было ўдосталь зямлі, травы і пашаў для жывёлы. Пры наяўнасці рабочых рук і жаданні можна было развіць гаспадарку і жыць заможна.
Нават у часы калектывізацыі, калі ў асабістым падвор’і сялянам забаранялі трымаць каня і дазвалялі толькі адну карову, некаторыя хутаране нелегальна трымалі ў сваёй гаспадарцы каня, дзве, а то і тры каровы. А ў час перапісу жывёлы па вёсках і хутарах, хутаране хавалі ад улікоўшчыкаў лішнюю жывёлу ў лесе.
Затое, калі хутаране здавалі малако праз малаказборшчыкаў у Бакштаўскі малочны цэх па перапрацоўцы малака, ніхто не пытаўся, адкуль у іх бяруцца такія надоі. Свіней, цялят, бычкоў хутаране здавалі жывой вагой у прыёмны нарыхтоўчы пункт жывёлы ў Савічы каля Юрацішкаў.
Але вернемся ў сям’ю Копачаў, якая пераехала ў Шчучы Бор. Іх малодшая дачка Юлія выйшла замуж за мясцовага хлопца Віктара Міхалевіча і пражывала ў Шчучым Бары. Старэйшая дачка Марыя выйшла замуж за Андрэя Чарвяка з Заберазі. Андрэй прыйшоў у Шчучы Бор у прымы. Маладая сям’я жыла з бацькамі Марыі.
У сям’і Андрэя і Марыі Чарвякоў было 4 дзяцей. Старэйшы сын Мікалай быў таленавіты кравец. Ен прыгожа шыў мужчынскае адзенне і шапкі-кепкі. У магазінах у той час аддзення не хапала, ды і асартымент быў слабы. Таму да вядомага краўца ехалі кліенты адусюль.
У 1960-я гады, калі дзеці падраслі, Мікалай з жонкай Янінай, трыма дочкамі і сынам Валянцінам паехалі на пастаяннае пражыванне ў Крым. Валянцін паступіў у Кіеўскае ваеннае вучылішча і закончыў яго. Служыў у Савецкай арміі ў званні капітана. Пасля завяршэння службы атрымаў кватэру ў горадзе Баранавічы і пражывае там з сям`ёй.
Сыны Андрэя і Марыі Осіп і Іван пражывалі ў Шчучым Бары. Пайшлі з жыцця ад хваробаў у росквіце фізічных і духоўных сіл.
Дачка Ганна выйшла за-муж на хутар Будзішча Эйгердаўскага сельсавета за Іосіфа Шчарбачэвіча. На хутары яны жылі пастаянна і вялі гаспадарку. У старасці пераехалі да дачкі Галіны ў Геранёны і там пражывалі.
Дачка Чарвякоў Ніна пражывала ў Шчучым Бары з бацькамі. Працавала ў Бакштах прадаўцом у магазіне. Выйшла замуж за Франца Стэфаноўскага з вёскі Барэйкаўшчына Трабскага сельсавета. Яны жылі ў Трабах, затым пераехалі ў Ліду. У апошні час пражывалі ў пасёлку пад Мінскам.
Хутарскі астравок , дзе званок зваў на ўрок
Рухаемся далей па Шчучым Бары і падыходзім да невялікага астраўка сярод лесу, дзе калісьці стаялі дзве хаты — Івана і Зінаіды Кімейшаў, Іосіфа і Ядвігі Скляповічаў. Скляповічы працавалі ў паляводстве, дзяцей не мелі.
Гэты хутар быў самым ажыўленым у вёсцы, таму што тут працавала Шчучаборская пачатковая школа. Уявіце сабе: на хутары, лясная, сярод прыроды, дзе галасы птушак пераклікаліся з галасамі вясковых дзяцей.
Гісторыя школы такая. Адразу, у пасляваенныя гады, Шчучаборская пачатковая школа была адчынена на акраіне вёскі, а дакладней – на хутарах, якія мясцовыя жыхары называлі па-вясковаму Рыжаўкі, у хаце Ганны Міхалевіч.
Паколькі вёска была раскіданая па лясных хутарах працягласцю да 3 км, то бацькі скардзіліся ў раённы аддзел адукацыі, што малым дзецям далёка хадзіць лясной дарогай у школу. І тады бацькам была прапанаваная ўмова: хто з бацькоў, якія пражываюць у сярэдзіне вёскі, дазволяць сваю хату ў арэнду пад школу, там і будуць вучыцца дзеці.
На гэта згадзілася сям’я Івана і Зінаіды Кімейшаў. Вучэбны клас быў адчынены ў зале хаты. Астатнія пакоі займала сям’я. Гэтая падзея адбылася ў 1966 годзе. А ў 1977 годзе ў вёсцы была пабудаваная аднапавярховая драўляная школа. У школе быў прадугледжаны жылы пакой для настаўніка.

Настаўнікам працавала Ганна Маркаўна Мінчанка, якая была родам з Хоцімска Магілёўскай вобласці. У пачатковай беларускамоўнай школе навучаліся 20-25 вучняў вёскі. У класе сядзелі разам вучні 1-4 класаў, а настаўнік давала ім заданні, адпаведныя школьнай праграме.
Мужам Ганны Маркаўны быў Мікалай Міхайлавіч Мітрушын, які працаваў участковым інспектарам РАУС у Даўнарскім, а затым Бакштаўскім сельсавеце.

У той час вясковая інтэлігенцыя не шукала сабе асаблівых выгод для жыцця і не рвалася выязджаць у гарады. Мітрушыны пражылі сваё жыццё пры школе ў Шчучым Бары, нягледзячы на тое, што Шчучы Бор – гэта спакон вякоў балоты і камары, жыццё і вучоба пры керасінавых лямпах. Электрычнае святло ў вёску было падведзена толькі ў 1983 годзе.
Вучні са Шчучага Бору хадзілі вучыцца ў 5-10 класы ў Даўнарскую сярэднюю школу. Дабіраліся туды і назад пешшу 5 кіламетраў. Але вучоба і веды ў той час былі галоўнай задачай школьнікаў.
Былая вучаніца Даўнарскай сярэдняй школы са Шчучага Бору Валянціна Кімейша ўспамінае: “Мы, дзеці, з такім вялікім жаданнем вучыліся, што ідучы пешшу дахаты 5 кіламетраў, адкрывалі падручнікі, чыталі ўголас дамашнія заданні, паўтаралі, каб запомніць прачытанае.” Валянціна Іванаўна закончыла Даўнарскую школу ў 1977 годзе. А яе родная пачатковая школа закрылася дзесьці ў 1985 годзе.
Мітрушыны пражывалі ў былым будынку школы да апошніх дзён жыцця. Дачка Мітрушыных Зоя працавала медсястрой у Лідзе. А сын Мікалай – ветэрынарным урачом калгаса ў вёсцы Ганчары Лідскага раёна.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег Ігліцкі.
Працяг будзе.






