Культура и творчество

Вывучайце мінулае, бо яно — падмурак будучага

Геранёны… У нашым раёне гэта, бадай што, адзінае такое знакамітае гістарычнае месца, да якога калісьці ў Сярэднявеччы былі накіраваны погляды ўсёй Польшчы, яе караля і каралевы. А найбольш, канешне, каралевы — Боны Сфорцы, прыгажуні-дачкі італьянскай герцагіні, якая мела дачыненне да старажытнага і багатага роду Італіі. Страта ўсіх багаццяў і прывілей становішча ў магнацкім свеце заставіла яе шукаць выгадны шлюб для сваёй дачкі… І тая  апынулася ў Польшчы.

Бона Сфорца  адчула, як страчвае ўплыў на сына, гаспадара Літвы, калі той у Геранёнах сустрэў юную ўдаву аднаго з гаспадароў замка Гаштольдаў — Барбару з роду Радзівілаў. Каханне  еўрапейскага значэння ўскалыхнула палітыку Польшчы, занепакоіла  каралеву Бону. Аднак, хоць асобныя гісторыкі і звязваюць заўчасную і незразумелую смерць маладой каралевы Польшчы Барбары з імем Боны Сфорцы (атручванне было майстэрствам яе продкаў), усё ж сёння мы гаворым не пра яе, а менавіта пра Геранёны і ўспамінаем Барбару Радзівіл як тую, хто ўпрыгожыў гісторыю старадаўняга месца сваім кароткім жыццём. Таксама дзякуючы ёй, да сённяшняга дня цікаўнасць да Геранён  не  гасне і для краязнаўцаў, і проста  для людзей, якія   хочуць ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны.

Геранёны — гэта таксама яшчэ і Ігнацій Корвін-Мілеўскі —  значная асоба палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця Літвы, Польшчы, Расійскай імперыі і, наогул, Еўропы. 

Тут пісаў свае палотны Напалеон Орда. Тут віравала культурнае і палітычнае жыццё. Тут  вялікае раздолле для даследаванняў культуролагаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, аматараў сівой даўніны. Чарговая канферэнцыя, якая адбылася нядаўна ў Геранёнах, —  яркае сведчанне таго.   

Краязнаўчую канферэнцыю «Помнікі архітэктуры Геранён» у рамках рэгіянальнага культурна-гістарычнага праекта «Старажытныя Геранёны ў адлюстраванні часу. Падзеі. Асобы» падрыхтавалі метадысты аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі звярнулася галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  Іўеўскага райвыканкама Ірына Мечыславаўна Грынкевіч.

Геранёнцы ахвотна адклікаюцца на наладжванне розных мерапрыемстваў, якія маюць дачыненне да іх аграгарадка. Мясцовы патрыятызм адчуваецца паўсюдна. Таму на канферэнцыі былі і тыя, хто па сваёй пасадзе павінен падтрымліваць падобныя праекты, і тыя, каму цікава, каму хочацца ведаць і карані, і гісторыю, і дзень сённяшні, ды і расказаць пра тое іншым, не такім дасведчаным.

На канферэнцыі выступіў старшыня Геранёнскага сельвыканкама Віктар Эдвардавіч Вершаловіч, які павёў сваю гутарку аб праблемах захавання гісторыка-культурнай спадчыны і помнікаў Геранёнскага сельсавета. Безумоўна, у гэтым рэгіёне ёсць што захоўваць, ёсць пра што непакоіцца. 

На тэрыторыі сельсавета маецца шмат помнікаў прыроды, гісторыі, пабудоў  18-19 стагоддзя. Гэта помнік невядомаму саддату, помнік культавай архітэктуры — касцёл Святога Мікалая, тры каменныя  капліцы, лядоўня, млячарня, дом аховы; пяць помнікаў археалогіі (курган-могільнік, руіны замка, каменныя могілкі),  помнікі прыроды  туланскі камень і камень у вёсцы Забалаць.

Віктар Эдвардавіч адзначыў, што ўсе пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны ў Геранёнскім сельсавеце вырашаюцца станоўча.

На канферэнцыі прысутнічала і няўрымслівы творца на ніве краязнаўства Алена Іванаўна Смалянічэнка, якая, прынамсі, у мінулым годзе выдала кнігу- даведнік пра Геранёны. На канферэнцыі Алена Іванаўна расказала прысутным пра касцёл Святога Мікалая.

    I. Грынкевіч

 

 А. Смалянічэнка

 Юны даследчык вучань 3 класа Геранёнскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Кірыл Жалтко, які пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Іванаўны Жылевіч правёў работу па вывучэнні гісторыі роднага краю і прадставіў прэзентацыю «7 чудес агрогородка Геранёны» — агульная характарыстыка помнікаў архітэктуры Геранён: гісторыя і сучаснасць». Юны краязнаўца — даследчык выступіў перад прысутнымі.

З выставай літаратуры «Духоўнае багацце народа» пазнаёміла загадчык бібліятэкі-філіяла аг.Геранёны Вольга Андрэеўна Уляш.

Гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі быў прапанаваны відэафільм тэлепраграмы беларускага тэлебачання «Падарожжа дылетанта. Геранёны». 

На канфэрэнцыі таксама працавала выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг. Геранёны.

Завяршыла краязнаўчую канферэнцыю «Помнікі архітэктуры Геранён» міні-экскурсія «Касцёл Святога Мікалая як аб’ект гістарычна-культурнай спадчыны регіёна», якую правяла Алена Іванаўна Смалянічэнка.

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.