Міхась Міхайлавіч Зізюк нарадзіўся ў 1967 г. у вёсцы Лучыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Лучыцкую сярэднюю школу і Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча. Служыў на Далёкім Усходзе. У 1993 годзе вярнуўся на Беларусь. Працаваў у аддзеле ўнутраных спраў, скончыў Акадэмію МУС РБ і атрымаў кваліфікацыю юрыста.
Першае апавяданне — «Цяпло яе сэрца» (2005), змешчана ў газеце «Звязда». Аўтар кніг прозы: «Пропавшая свадьба» (2007), «Зелянее рунь» (2011), «Храм его души» (2011), «Оракулы Междуречья» (2013), кніг для дзяцей «Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя» (2015), «Энерджы і дзеці з 5″А» (2017). Друкаваўся ў газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Новы час», часопісах «Маладосць», «Полымя», «Дзеяслоў». Лаўрэат конкурсу апавяданняў газеты «Звязда» ў 2008 і 2011 гадах. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2013 года.
Хто лепш за ўсё арыентуецца ў свеце дзіцячых мар і фантазій? Напэўна, той, хто яго стварае і прапануе чытачу, — сам аўтар.
26 кастрычніка Іўеўская дзіцячая бібліятэка вітала сучаснага беларускага пісьменніка Міхася Міхайлавіча Зізюка са сваёй новай кнігай «Энерджы і дзеці з 5″А». Удзельнікаў мерапрыемства, вучняў 3-х і 4-х класаў гімназіі №1 г. Іўе і іх класных кіраўнікоў чакала нямала сюрпрызаў.
Прыехаў пісьменнік на сустрэчу з Навагрудка — аднаго са старажытных гарадоў Беларусі. Маці яго, як адзначыў сам аўтар, нарадзілася на Іўеўшчыне, таму ён часта бывае ў нашым раёне ў якасці госця.
Ён расказваў усім прысутным, што з дзяцінства захапляўся фантастыкай і цікавіўся космасам і, нават, хацеў здзейсніць палёт на Месяц, але не было сродкаў. А пасля, у 10-гадовым узросце, пачаў спрабаваць пісаць вершы, але ніхто са старэйшых не звярнуў на гэта ўвагі, і хлопчык “перагарэў”. Прафесійна пісаць пачаў у больш сталым узросце: у сярэдзіне 2000-х гадоў. Сюжэты некаторых твораў прыходзілі ў сне, а затым пісьменнік іх дапрацоўваў.
Міхась Міхайлавіч — аўтар некалькіх кніг для дарослых і 2 кніг для дзяцей. Піша пераважна на беларускай мове. Найбольш вядомымі творамі Міхася Зізюка з’яўляюцца кнігі «Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя» і «Планктон».
У выдавецтве «Пачатковая школа» выйшла новая кніга пісьменніка «Энерджы і дзеці з 5 «А». Гэта казачная аповесць для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, у якой гаворыцца пра тое, што патрэбна любіць і берагчы нашу планету — Зямлю.
Кніга пабачыла свет дзякуючы праекту «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне — Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі» і будзе прэзентавацца па ўсёй рэспубліцы, але больш у Гродзенскай вобласці. Праект з’явіўся пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь, арганізацыйнай і фінансавай дзейнасці Навагрудскага райвыканкама.
Вялікую цікавасць, усмешку выклікалі байкі, аўтарскія маналогі, якія прагучалі ў выкананні аўтара. Вучням вельмі спадабалася гульня «Перакладзі слова» (пераможцы атрымалі ў падарунак кнігу з аўтографам аўтара) і дэкламацыя вершаў у выкананні саміх дзяцей. Міхась Міхайлавіч адзначыў: «Галоўнае — выступаць з душой. Можна і гадзіну вершы чытаць, але пытанне — як: проста, «бу-бу-бу», ці неяк незвычайна».
— Любіце кнігу, чытайце кнігу! Кожная кніга — гэта свой непаўторны свет, свой непаўторны пах прыгод і асаблівая атмасфера. Кніга дапаможа вам у жыцці, дапаможа стаць сапраўдным чалавекам з вялікай літары,» — з такім цудоўным пажаданнем звярнуўся Міхась Міхайлавіч Зізюк да сваіх маленькіх чытачоў падчас сустрэчы.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе жадаючыя змаглі атрымаць аўтограф аўтара з найлепшымі пажаданнямі і зрабіць фотаздымак на памяць. А дзіцячай бібліятэцы і Іўеўскай раённай бібліятэцы пісьменнік прывёз і падараваў свае кнігі, якія можа ўзяць і пачытаць кожны.
Таму, калі вас зацікавіла творчасць пісьменніка і яго кнігі, то запрашаем вас наведаць нашу бібліятэку. Будзем чакаць вас! Абавязкова прыходзьце!
В. КЕПЕЛЬ, бібліятэкар аддела бібліятэчнага маркетынгу ДУК «Іўеўская раённая бібліятэка».






