Экономика

Вадольская школа збірала дзяцей наўкола. Даследванне Алега Ігліцкага (частка 4)

Чытайце пачатак, частку 2, частку 3

Вадольская школа збірала дзяцей наўкола

Школа ў Вадолі размяшчалася пасля вайны ў трох хатах мясцовых жыхароў. Настаўнікам запомніліся бацькі вучняў – уважлівыя і адказныя да просьбаў настаўнікаў, паслухмяныя і шчырыя дзеці.

У 1960-х гадах у суседніх Хілевічах, дзе працавала на даму пачатковая школа, пабудавалі ў 1957 годзе драўляную, аднапавярховую, базавую школу. Былую калгасную кантору перадалі пад школьны будынак. Тут працавала школьная сталовая і майстэрня. І хоць школа была пераведзена з Вадолі ў Хілевічы, аддзел адукацыі райвыканкама захаваў ранейшую назву: Вадольская школа, якая пачала працаваць як сямігадовая. 

Піянерважатая Яніна Даўкша з піянерамі Вадольскай школы. 1976 г

Ад Хілевічаў да Вадолі рукой падаць – усяго 1 км. Месца для новай школы ў Хілевічах выбралі такое, каб аднолькава зручна было дабірацца на вучобу дзецям з пяці вёсак: Хілевічаў, Васілевічаў, Вадолі, Кіслых, Лабачоў. У 1-7 класах навучаліся больш 100 дзяцей. Вучэбна-выхаваўчы працэс у школе ажыццяўлялі дырэктар, завуч і 9 настаўнікаў — прадметнікаў. З часам школа стала васьмігадовай. Вучні пасля заканчэння 8 класаў паступалі ў вучылішчы, або атрымоўвалі сярэднюю адукацыю ў Суботніцкай сярэдняй школе.

Валянціна Сяргееўна Жэбрык прыехала ў Вадольскую базавую школу як малады спецыяліст, настаўнік пачатковых класаў. Тут выйшла замуж за мясцовага хлопца з Вадолі. Муж Часлаў Іванавіч працаваў трактарыстам у саўгасе “Жамыслаўль”. Сям’я жыла ў вёсцы Вадоль. Валянціна Сяргееўна любіла свой прадмет, школу, дзяцей. Была адказнай, карысталася аўтарытэтам сярод калег па рабоце. Тры дачкі Жэбрыкаў – Валянціна, Таццяна і Ніна – пражываюць у г. Ліда, цяпер усе на пенсіі.

У параўнанні з іншымі навакольнымі вёскамі Вадоль была абдзелена аб’ектамі сацкультбыту. Калі ў Хілевічах працавалі базавая школа і магазін, у Васілевічах – клуб і бібліятэка, саўгасная баня каля мехдвара, то ў Вадолі не было нічога. Вадольцы ехалі штодзённа вырашаць свае пытанні ў бліжэйшыя вёскі, у Жамыслаўль або Суботнікі.

Вялікім падспор’ем для іх была чыгунка і бліжэйшы прыпынак цягніка на пераездзе за 2 км ад вёскі Лабачы. Штодня вадольцы маглі адправіцца поездам у Ліду па маршруце Маладзечна – Ліда ў 10.30 дня, купіць у Лідзе свежы хлеб і іншыя прадукты і тавары, а ў 16.00 вярнуцца назад. 

Цяпер два разы на тыдзень (панядзелак і чацвер) жыхароў Вадолі абслугоўвае аўталаўка Лідскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

Настаўнік Валянціна Жэбрык (другі рад, першая справа) з калектывам Вадольскай школы

Праз зімы і вёсны – у вадольскія гнёзды

Людміла Яўгеньеўна Нехвядовіч (дзявочае прозвішча Чакавая) нарадзілася ў 1962 годзе ў г. Мурманску Расійскай Федэрацыі. Але воляй лёсу ёй было суджана вярнуцца на Іўеўшчыну, у беларускую вёску Вадоль, на малую радзіму сваіх дзядоў па бацькоўскай лініі. Людміла Яўгеньеўна добра ведае свой радавод і цікава расказала факты біяграфій родных ёй людзей.

Моладзь вёскі Вадоль. 1980г.
Сяброўкі Леакадзія Жэбрык, Людміла Чакавая, Данута Кяўра з вёскі Вадоль. 1982 г

Яе прадзед па прозвішчу Чакавы прыехаў у прымы ў Вадоль да мясцовай дзяўчыны. У іх сям’і нарадзіліся тры сыны: Іосіф, Станіслаў і трэці сын, які рана памёр, а імя яго не захавалася. Была і дачка, якая выйшла замуж у вёску Пасека.

Іосіф Чакавы, 1901 г.н., ажаніўся на дзяўчыне з Вадолі Ганне Казіміраўне Кяўра. А яго родны брат Станіслаў закахаўся ў родную сястру Ганны Яніну, і яны таксама згулялі вяселле.

Іосіф Чакавы (справа) з сябрам у Вадолі. 1995 г

Ажаніўшыся на родных сёстрах, браты не сталі дзяліць бацькаву хату. Разышліся памяркоўна. Стась застаўся жыць у бацькавай хаце ў Вадолі і працаваў на ўласнай гаспадарцы. А Іосіф працаваў абходчыкам на ўчастку чыгункі Юрацішкі – Гаўя. Яму далі па месцы працы службовы домік побач з чыгункай у вёсцы Навікі. Тут ён пражываў з сям’ёй.

Браты жылі дружна, дапамагалі адзін другому, выручалі ў неабходны момант. У час Вялікай Айчыннай вайны здарыўся такі выпадак. Станіслаў ішоў да брата Іосіфа ў госці. У гэты дзень чыгуначнікі знайшлі на адкосе чыгуначнага палатна забітага немца. Нямецкая паліцыя пачала пошукі. Падазрэнне пала на Станіслава Чакавага. Хтосьці даклаў, што яго бачылі ў Навіках. Паліцыя яго арыштавала. Сям’я занепакоілася. Але як можна было вызваліць невінаватага з няволі?

За вызваленне ўзяўся брат Іосіф. Ён узяў з дому вядро мёду і вялікі кавалак сала, сеў як чыгуначнік на дрызіну і паехаў следам за цягніком, на якім павезлі ў Ліду арыштаванага брата. Яго ці расстралялі б, ці павезлі б на работы у Германію, бо поезд для адпраўкі “гастарбайтараў” ужо стаяў. І што вы думаеце? Выкупіў брата. На дрызіне дамоў прыехалі ўдваіх. Пазней высветлілася, што забіты немец меў каханку ў Лабачах. Ішоў са спаткання ў казарму п’яны, трапіў пад поезд і загінуў.

Жыхары Вадолі паважалі Іосіфа Чакавага. Ён быў узорным сем’янінам і гаспадаром, мудрым чалавекам. Ніколі не піў, не курыў. Любіў сваю сям’ю, дбайна вёў гаспадарку. Пасля вайны пабудаваў сваю хату ў Вадолі і пераехаў сюды з сям’ёй. Ды і іншым дапамагаў як цясляр. Да яго звярнулася вадольская жанчына, якая жыла без мужа. У яе было трое дзяцей, а хата старая, урасла ў зямлю. Яна не ведала, як пабудаваць новую хату. Іосіф Чакавы параіў жанчыне: “Старайся купіць дрэва на зруб. А я табе пабудую хату бясплатна. А твае дзеці за гэта няхай сезон пасуць маіх кароў”. Жанчына згадзілася. А Іосіф пабудаваў хату, слова сваё стрымаў.

Жонка Іосіфа Ганна была хатняй гаспадыняй і гадавала дзяцей. Іх было ў сям’і пяцёра. Старэйшая дачка Уладзіслава выйшла замуж у Юрацішкі за Сяргея Дабаровіча. Яна працавала ў гарадскім пасёлку рабочай на малочным заводзе. Муж Сяргей быў чалавек партыйны, член КПСС, таму кіраўніцтва Юрацішкаўскага раёна прызначала яго на розныя кіруючыя пасады. Тым больш, што ён быў франтавік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

З другога дня вайны Сяргей і яго брат Канстанцін былі мабілізаваны і прайшлі франтавымі дарогамі ў барацьбе з фашыстамі ў складзе Першага беларускага фронту. У бітве на Одэры на тэрыторыі Польшчы браты разам вялі бой у адным акопе. На вачах Сяргея загінуў яго брат Косця, а Сяргей у гэтым баі быў паранены. Магіла брата знаходзіцца каля польскага горада Зялёна Гура (месца 40). Пасля лячэння Сяргей Дабаровіч зноў вярнуўся ў строй і ваяваў да Перамогі. Вярнуўся ў Юрацішкі і 17 снежня 1945 года пайшоў на працу. Працаваў стрэлачнікам на чыгуначнай станцыі Юрацішкі, загадчыкам хлебапякарні гарпасёлка Юрацішкі, агароднікам, а затым загадчыкам фермамі калгаса імяні Заслонава.

За актыўную вытворчую і грамадскую працу ў сувязі з 50-годдзем БССР і камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Канстанцінавіч Дабаровіч быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР у 1968 годзе. А ў 1971 годзе калегі па рабоце і сябры выпраўлялі яго на пенсію. Як франтавік Сяргей Канстанцінавіч узнагароджаны многімі баявымі і юбілейнымі медалямі.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег Ігліцкі. Працяг будзе.