Паўлюк піў даўно. І жонка, і дарослыя дзеці з гэтым змірыліся, бо разумелі, што ніхто і нішто не дапаможа мужу і бацьку пазбавіцца ад гэтай хваробы. У любую пару года, перабраўшы гэтай атруты, ён валяўся на вуліцы.
Летам яго не падымалі з зямлі: цёпла, праспіцца і сам дойдзе да хаты. А вось халоднай, дажджлівай восенню ці марознай зімой суседзі ратавалі яго ад пагібелі: прыносілі, прыводзілі пад родны дах.
Зіма ў той час выдалася суровай: шмат наваліла снегу, маразы былі моцныя, часта гулі завеі.
Неяк надвячоркам з суседняй вёскі ішла да сваёй хаты жанчына, суседка Паўлюка. Убачыла, што на зямлі ляжыць чалавек, амаль увесь замецены снегам. Пазнала суседа. Пабегла да яго жонкі. Яна з суседкамі ўзяла санкі і паехалі па замерзшага. Рукі і ногі ў яго не гнуліся. Скалавелага чалавека ледзь уцягнулі на санкі і павалаклі дадому. Палажылі яго на лаву пасярод хаты. Пачалі тармасіць, стукаць па руках і нагах — усё дарэмна – не дыхае. Навіна, што Паўлюк замерз, хутка абляцела невялічкую вёсачку.
Запалілі свечкі, сталі маліцца. Родныя думалі пра памінальны абед, хто будзе капаць дол, як дагаварыцца з ксяндзом пра пахаванне. Прайшло дзве гадзіны. Памерлы адтаў. І тут здарылася цуда. Замёрзшы чалавек раптам адкрыў вочы. Сеў. Падняўся з лавы. Убачыў запаленыя свечкі і жанчын, якія здзіўленымі вачыма паглядалі на яго.
— А што гэта вы тут робіце?! – зароў “памерлы.” – Хаваць мяне ўздумалі? Вон з маей хаты!
Цуды бываюць і ў наш час. Адбылося ўваскрашэнне.
P.S. Знаёмыя медыкі, якія прачыталі гэтае непрыдуманае апавяданне сцвярджалі, што гэты чалавек перажыў клінічную смерць – гэта характарызуецца адсутнасцю дыхання, свядомасці, пульса, астаноўкі сэрца. Клінічная смерць часта пераходзіць у біялагічную, але тут здарылася цуда.
А. СМАЛЯНІЧЭНКА.






