Неад’емнай часткай духоўнай культуры беларускіх татар з’яўляюцца такія сакральныя прадметы, як мугіры. Яны ўяўляюць сабой выслоўе або Суру з Карана, выявы святых мест па-майстэрску нанесеныя на тканіну, шкло, паперу.
Мугіры ніколі не з’яўляліся прадметамі культавага пакланення, яны выражалі і выражаюць набожнае стаўленне татараў-мусульман да слоў Усявышняга, спасланых у Каране, іх прыхільнасць ісламскім каштоўнасцям і з’яўляюцца элементам насценнага ўбранства мячэцей і жылых дамоў.
Іўеўскія татары былі і застаюцца галоўным цэнтрам захавання і адраджэння майстэрства стварэння мугіроў. Своеасаблівы пік іх вырабу прыйшоўся на 1950–1980 гг. Адсутнасць падобных рэчаў у продажы вымушала ствараць мугіры ўласнымі сіламі. Іўеўскія мугіры вызначаюцца прыгажосцю колеравых спалучэнняў, высокім майстэрствам, выкарыстаннем расліннага арнаменту і кветкавага матыву.


Першым вядомым майстрам мугіроў і адначасова перапісчыкам свяшчэнных кніг і малітваў з’яўляецца Сулейман Іванавіч Рафаловіч (1909 — 2001 гг.). Нарадзіўся ён у Іўі. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы. У савецкі час працаваў мярнічым у калгасе.
Ствараць мугіры пачаў яшчэ ў маладым узросце. Маляваў на паперы. У даваенны час Сулейман Іванавіч карыстаўся тушшу, а у пазнейшы — водарастваральнымі фарбамі і каляровымі алоўкамі. Яго працам характэрна стылізацыя, белы фон, сувязь з турэцкай культурай, шматколернасць. Найчасцей на яго мугірах можна бачыць герб Асманскай імперыі або яго элементы.
Цікавай з’яўляецца выява карты мячэцей Стамбула, дзе кожная мячэць падпісана. Асаблівае месца сярод работ займае выява легендарнай мячэці Айя-Сафія, помніка архітэктуры VI стагоддзя.
Напісаныя ім мугіры і цяпер можна бачыць у хатах іўеўскіх татар.
Некалькі яго работ захоўваюцца ў мячэці Іўя, у зборы Іўеўскага музея нацыянальных культур і Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі. Датаванне іх самае рознае: ад 1920-х да 1990-х гг.
Другі майстар — Халіль Іванавіч Шчуцкі. Нарадзіўся ў 1912 годзе. У 1941 годзе жаніўся на Мер’еме Іванаўне.

У ліпені 1944 года быў мабілізаваны Іўеўскім РВК у Чырвоную армію. Трапіў у палон, знаходзіўся ў лагеры. Пры перавозцы ў другі лагер удалося збегчы з цягніка. У кастрычніку 1944 г. дабраўся да дому. Сам прыйшоў у ваенкамат і папрасіў накіраваць яго на фронт. Халіль Ях’янавіч дайшоў да Берліна. У кастрычніку 1945 года быў дэмабілізаваны. Жыў па вул. Савецкай, д. 101. Працаваў сталяром у камунгасе. Маляваць мугіры пачаў у пасляваенны час. На ўсіх работах адзін сюжэт – свята Курбан-байрам ля іўеўскай мячэці.

Дарэчы, больш ніхто з тагачасных майстроў абшчыны Іўя не пісаў на мугірах нашу мячэць. Выкарыстоўваў толькі водарастваральныя фарбы.
Вельмі добра ведаў малітвы. Пісаў пад заказ далавары (на арабскай мове). Ствараў невялікія хамаілы з паўсядзённымі малітвамі (гучанне запісваў рускімі літарамі).
Сустракаюцца мугіры Халіля Давыдавіча Александровіча (1926-1983). Іх няшмат. Халіль Давыдавіч маляваў толькі ў маладосці і толькі ў зімовы час. Працаваў у калгасе ў будаўнічай брыгадзе, сам асвоіў справу печніка На яго мугірах — выявы герба Асманскай імперыі і знакамітых мячэцяў свету. Пры маляванні выкарыстоўваў самаробны светавы стол: на шкло (якое знізу падсвечвалася) клалася калька з малюнкам, на яе — чысты аркуш паперы. Выяву спачатку пераводзіў на паперу простым алоўкам, а затым размалёўваў. Карыстаўся толькі фарбамі.



Нядаўна ў збор музея трапіў вышыты мугір: знакамітая Шахада (сведчанне аб веры ў Алаха і пасланніцкую місію прарока Мухамеда) ў абрамленні вянка з кветак. Дзякуючы дапамозе Ганны Матвееўны Рафаловіч, настаўніцы гісторыі Іўеўскай СШ, удалося устанавіць, што вышываннем мугіроў і дыванкоў для малітвы займалася яе бабуля — Айша Адамаўна Радкевіч (Шабановіч) (1922-1989). Вышывала яна з 1960-х гг. Любімай справе пасвячала ўвесь вольны час. Акрамя мугіроў, вышывала самыя розныя рэчы: сталовую і пасцельную бялізну, занавескі. У 1974 годзе ў доме адбыўся пажар. Усе яе вышыўкі былі знішчаны полымем. Захаваліся толькі работы пазнейшага часу.
На мугірах Айшы Адамаўны баваўнянымі рознакаляровымі ніткамі на льняной тканіне гладдзю вышыты вянок з кветак. З тых кветак, якія найчасцей сустракаліся ля хат мясцовых жыхароў: анюціны вочкі, півоні, макі, нарцысы. Яе нявестка — Тамара Сялімаўна Радкевіч (Сафарэвіч), па сённяшні дзень здзяйсняе намаз на дыванку, вышытым Айшай Адамаўнай.
Сёння ж адзіным захавальнікам традыцыі стварэння мугіроў не толькі ў Іўі, але і ў Беларусі, з’яўляецца Эмілія Халільеўна Шабановіч (Сафарэвіч). У 2009 годзе яна пачала авалодваць вышыўкай “крыжам” і тэхнікай “роспіс па шкле”. На тканіне з’явіліся выявы велічных мячэцей, цытаты і суры з Карана. Пазней была асвоена алмазная вышыўка. Яе работы ўпрыгожваюць сцены Іўеўскай мячэці, ёсць яны і ў Навагрудскай, і ў Саборнай у Мінску.

Штогод мугіры Эміліі Халільеўны выстаўляюцца на рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Госці Іўя і турысты развезлі работы майстрыцы ў розныя куточкі не толькі Беларусі, але і ў іншыя краіны.

Мугіры татараў Іўя адлюстроў-ваюць даўнюю рэгіянальную традыцыю, якая мела не толькі рэлігійнае значэнне, але і вялікую мастацкую вартасць. Невыпадкова элементу “Выраб мугiроў у Iўеўскiм раёне” нададзены статут нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.
Ёсць надзея, што традыцыя стварэння мугіроў на іўеўскай зямлі мае сваё будучае. Выкладчык мастацкага аддзялення Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў Сялім Сямёнавіч Ільясевіч з’яўляецца паслядоўнікам гэтай адметнай мастацкай практыкі.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
М. Пазняк, галоўны захвальнік фондаў Іўеўскага музея нацыянальных культур.






