Экономика

У полі, у доле, з сялянскаю доляй – Вадоль. Даследванне краязнаўцы Алега Ігліцкага (пачатак)

✔ Гістарычная даведка

ВАДОЛЬ – вёска ў Суботніцкім сельсавеце, за 14 км на поўнач ад Іўя, 160 км ад Гродна, 10 км ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі на лініі Ліда – Маладзечна.

У 17-18 ст. Вадоль – сяло маёнтка Іўе ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства ВКЛ. Паводле інвентара маёнтка за 1634 год налічвалася 3 дымы. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) у Расійскай імперыі.

У сярэдзіне 19 – пачатку 20 ст. вёска ў Суботніцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. Адносілася да маёнтка Іўе, уласнасць графіні Замойскай. У 1861 годзе – 93 рэвізскія душы (мужчынскага полу).

Паводле перапісу насельніцтва 1897 года ў вёсцы 45 двароў, 321 жыхар. У 1905 годзе тут 349 дзесяцін зямлі. У 1909 годзе 57 двароў і 364 жыхары. 3 верасня 1915 года да канца снежня 1918 года акупіравана германскімі войскамі. 3 мая 1919 г. да ліпеня 1920 г. і з пачатку кастрычніка 1920 г. — войскамі Польшчы. З 1 студзеня 1919 г. ў БССР, а з 27 лютага 1919 г. у Літоўска-Беларускай ССР. 3 сакавіка 1921 года ў складзе Польшчы, у Суботніцкай гміне Валожынскага, а з 1926 г. Лідскага паветаў Навагрудскага ваяводства. 3 лістапада 1939 года зноў у БССР.

З 12.10.1940 г. Вадоль – вёска ў Суботніцкім сельсавеце Іўеўскага раёна Баранавіцкай вобласці. Тут 65 двароў, 466 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з 26.06.1941 г. да 08.07.1944 г. Вадоль акупіравана нямецка – фашысцкімі захопнікамі.

З 20.09.1944 г. у Маладзечанскай, а з 08.01.1954 г. у Гродзенскай абласцях.

У жніўні 1952 г. арганізаваны калгас “Барацьбіт”. З 1954 г. у калгасе “1 Мая” Суботніцкага сельсавета. З 1960 г. у саўгасе “Жамыслаўль” (пазней калгас “Жамыслаўль”).

У 1999 г. 54 гаспадаркі, 96 жыхароў. З 2003 г. у СВК “Жамыслаўль”. З 02.07.2007 г. у складзе СВК “ Умястоўскі”. У 2015 годзе – 31 жыхар, 22 гаспадаркі.

Назва вёскі ад геаграфічнай мясцовасці

НАСТАЎНІК, краязнаўца і пісьменнік з Іўя Міхаіл Грыбаў 27.05.2000 г. надрукаваў публікацыю “Што ў мінулым нашым?” у раённай газеце “Іўеўскі край”, дзе даў абгрунтаванае тлумачэнне паходжанню многіх назваў вёсак Іўеўшчыны. Есць сярод іх і тлумачэнне камоніма Вадоль.

Аўтар піша: 

“Вадоль. Тут мушу крыху пахваліцца сваім адкрыццём. Калі працаваў школьным інспектарам, іду аднойчы правяраць Вадольскую школу. (Тады даводзілася часцей дабірацца пешшу). Не магу адвязацца ад разважання, што азначае назва Вадоль. Я ўжо тады захапляўся тапанімікай. Думаю сабе: можа тут якая нядоля не пакідала людзей? Калі ж узышоў на ўзгорак, глянуў: вёска размясцілася ў нізіне, глыбокай лагчыне, у доле. Ва долу – Вадоль. Ва лагу – Валожын. Во, думаю, як усё проста.

Філолаг, збіральнік камонімаў Іўеўшчыны з Вільнюса Васіль Майсейчук на маё запытанне адказаў так: “Пра вёску Вадоль думаў доўга, зрэшты, як заўсёды. Але так і патрэбна, калі хочаш дазнацца канчатковага сэнсу. У мяне рой разважанняў, які расцягнуўся не на адзін дзень. Чаму? Бо думаю на некалькі мовах і гэта іншым разам збівае з правільнага курсу. Таму і выбудоўваю версіі. Заўсёды выкарыстоўваю гістарычны, геаграфічны, лінгвістычны, а ў апошні час – і тапаграфічны падыход (карты – рэч сапраўды добрая).

Запытаўся ў роднага брата Сяргея, які пражывае на Іўеўшчыне: што там, ля Вадолі, ёсць асаблівае з пункту гледжання на мясцовасць? Якое там месца – нізкае, ёсць вадаёмы, луг, лес? І брат пацвердзіў, што сапраўды там нізкае месца, забалочанае і невялікі ручаёк.

Далей я трохі ўспомніў польскую мову. І там ёсць выраз – w dol (в дол – уніз). Вось гэтае “в дол” і дало назву вёсцы. Растлумачу. Нягледзячы на змену дзяржаўных уладальнікаў гэтых тэрыторый (Вялікае княства Літоўскае; Рэч Паспалітая, Расійская імперыя), мова там заставалася заўсёды тутэйшай, суржыкам, прабачце, беларускай і польскай моў, з ухілам на беларускую. Таму лёгка трансфармавалася ў мясцовы каларыт. Канчаткова: Вадолі – гэта месца ў нізіне (у доле). Па геаграфічных прыкметах і па спецыфіцы моўных асаблівасцяў».

Тут цячэ каля вёскі ручай, ён, як сведка жыццёвых падзей

ВАДОЛІ не было наканавана пабудавацца ў глушы, сярод лесу, і згубіцца ўдалечыні ад людской цывілізацыі. Вёска і цяпер, праз стагоддзі, прыгожа глядзіцца здалёк, на адкрытай мясцовасці, у доле, кампактна пабудаваная ўздоўж ручая, даўжынёй 1,5 км. Яна бачная здалёк, з міма праезджых машын па асфальтаванай дарозе з Іўя на Суботнікі. Пры Польшчы праз вёску быў пракладзены брук, а ў 1992 годзе – асфальт.

Абапал безымяннага ручая (на фота), які працякае ўздоўж вёскі, растуць вербы і вольхі, зрэдку – бярозы і асіны. Яго русла пашыраецца і ўтварае дэльту каля маста аўтатрасы. Зімой ручай замярзае і пакрываецца лёдам. Затое вясной, у час таяння снегу і дажджоў, ён становіцца больш паўнаводны. Вада каля маста шуміць белай пенай, калыша пажоўклыя чароты і асаку. Здаецца, што ручай тут не цячэ, а імкліва бяжыць у калектар пад бетонны мост, каб хутчэй даплыць, данесці свае воды да паўнаводнай Гаўі. Яшчэ два кіламетры імклівага бегу лясной канавай – і ручай злучаецца з Гаўяй каля вёскі Чэхаўцы.

Ручай каля маста не раз аблюбоўвалі бабры, будавалі хаткі і плаціну. Была пагроза падтаплення дарогі. Таму дарожнікі праганялі іх адсюль у больш бяспечнае месца.

Па левы бок дарогі на Суботнікі, насупраць Вадолі, ёсць паросшая лесам гара. Тут з зямлі б’е крыніца і сцякае ручайком уніз, зліваецца з вадольскім ручаём, які бяжыць у бок Гаўі. Пра крыніцу даўно ведалі жыхары вёскі і хадзілі туды па ваду. Старажылы казалі, што яна лячэбная. Пра гэта расказаў жыхар Вадолі Станіслаў Латвіс.

Вадольскі ручай – прыродная адметнасць вёскі.  Без яго і мясцовы краявід выглядаў бы не так прывабна. Ручай бярэ пачатак за чыгуначным палатном, дзе калісьці было Доўгае балота, недалёка ад вёскі Лабачы. 

 У пачатку 1970-х гадоў меліяратары асушылі балота Доўгае. Жыхары Вадолі бедавалі, што ручай пасля меліярацыі знікне. Струмень яго значна аслаб, але не знік, бо блізка ад паверхні зямлі залягаюць грунтовыя воды і б’юць крыніцы. І ручай ціхенька сочыцца ў сваім русле.

Калісьці вадольцы выкапалі сажалкі, каб паіць дамашнюю жывёлу ў час выпасу. Найбольшую сажалку выкапалі ў канцы вёскі і назвалі яе Валаснік. Тут вадзілася рыба, сядзелі з вудамі рыбакі, а вось купацца баяліся, бо вадзіліся піяўкі. У бліжэйшым азярцы Падлаза піявак не было, і сюды вясковая дзетвара з Фаліварка бегала купацца. Была яшчэ і невялікая ямка для купання на хутары, дзе пражывала сям’я Таруць.

Часта пасля працы на полі ці сенажаці дзеці і моладзь ездзілі на веласіпедах купацца за два кіламетры на левы бераг ракі Гаўя, ва ўрочышча Выспа, насупраць вёскі Чэхаўцы.

З вадольскім ручаём звязаныя забавы і дзіцячая праца не аднаго пакалення вадольскай дзетвары. Яны раслі і выхоўваліся ў асяроддзі прыроды, слухалі шчабятанне птушак у гнёздах, выганялі на ваду качак і гусей, дапамагалі бацькам у працы на агародах і ў  полі. Па правы бок вёскі агароды раней цягнуліся з горкі ў дол аж да ручая.

Вёску раней акружалі толькі палі – узараныя, засеяныя сельгаскультурамі, аполатыя і дагледжаныя. Каля вёскі нават кароў не было дзе пасвіць. Пастушкі ганялі стады на выпас у лес, на бераг ракі Гаўя, за 3 км ад вёскі, або за Фаліварак, на Доўгае балота, ці каля чыгункі.

У памяці многіх жыхароў вёскі яшчэ ў 1980-я гады тут стаялі 58 хатаў, і амаль у кожнай гаспадарцы было па 2-3 каровы. Вёска пачыналася ад шашы, ад першай хаты Латвісаў, а ад хаты, дзе пражываў Станіслаў Казіміровіч, пачынаўся асяродак вёскі, які жыхары цяпер называюць Фаліварак. Мясцовыя называлі Фаліварак без мяккага знака, праз “і”, таму і мы захаваем аўтэнтычную назву.

На ўсю вёску раней было 3 стады кароў, па 30-33 каровы ў кожнай спасцы. Лічы — ферма, дзе кожны вясковец здаваў малако дзяржаве. У летні сезон малаказборшчыца Вікторыя Канстанцінаўна Лукашэвіч аб’язджала вёску на кані кожную раніцу і збірала з усіх двароў 10 флягаў малака вячэрняй і ранішняй дойкі. А гэта – 400 літраў. Пасля яе малаказборшчыцай працавала Галіна Флёр’яўна Кяўра. Яны ехалі на гасцінец – дарогу каля Вадолі на Іўе. Туды прыязджаў малакавоз і адвозіў малако ў Іўеўскі малочны цэх на перапрацоўку. А колькі вадольцы прадавалі свініны, ялавічыны! Былі часы, калі вясковае падвор’е сапраўды карміла горад.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег ІГЛІЦКІ.

Працяг будзе.