Актуальное Культура и творчество

У Крывічах адрадзілі традыцыю літаратурных вячорак

Ці ведаеце вы, што такое хата-чытальня (изба-читальня)? У савецкія часы так называлі першыя бібліятэкі ў вёсках. Іх галоўнай мэтай была ліквідацыя непісьменнасці вясковага насельніцтва. Вядома ж, яны займаліся і прапагандай савецкага ладу жыцця, і агітацыяй за калектывізацыю. Дарэчы, першую ў жыцці кніжку я прачытаў менавіта ў хаце-чытальні, што была па суседству з маёй хатай, і на ўсё жыццё запомніў маладога бібліятэкара, камсамольца Валодзю Маляўскага, які і прапаноўваў мне дзіцячыя кнігі, і заўсёды патрабаваў, каб я пераказваў яму змест прачытанага.

Такія хаты-чытальні існавалі ў вёсках да з’яўлення новых устаноў культуры — клубаў і бібліятэк (дзе разам, у адным будынку, а дзе і паасобку).

Цяпер у маленькіх вёсках ні клубаў, ні бібліятэк няма, у сувязі з урбанізацыяй яны спынілі сваю дзейнасць. І таму ў мінулым годзе мне і маім аднавяскоўцам прыйшла ідэя сабрацца разам на літаратурны, паэтычны вечар у адной з вясковых хат. Такую магчымасць прадаставілі мае суседкі Таццяна і Алена Найдзен. Ва ўтульнай і прасторнай хаце (іх спадчынная, бацькоўская сядзіба — лепшая ў Крывічах, вылучаецца сваёй добраўпарадкаванасцю і кветкавым багаццем) і прайшоў мінулай восенню літаратурны вечар, на якім прагучалі і мае вершы, і вершы мясцовых паэтаў. Тады мерапрыемства атрымалася жывым і цікавым, была выказана просьба праводзіць такія вечарыны часцей.

Сёлета мы вырашылі правесці падобнае мерапрыемства ў іншым фармаце — прачытаць калектыўна, разам з аўтарам, маю аповесць «Двойчы грэшнік», якая выйшла ў 2025 годзе ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» (кніга прозы «Усміхніся шчасцю свайму») і прысвечана жыццю вёскі з пасляваенных часоў да нашых дзён. Прачытанне аповесці доўжылася два вечары, з абмеркаваннем прачытанага.

На мерапрыемства прыйшлі і тыя, каму за 80, і людзі сярэдняга ўзросту, і маладыя. Розгалас аб літаратурных вячорках пайшоў па ўсёй вёсцы…

А я з хваляваннем чакаю новых сустрэч з маімі самымі лепшымі чытачамі — землякамі.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: telegram.me/ivyenews

Іван КАРЭНДА.