Культура и творчество

Творчасць. Талент. Прызванне

Я знаёма з Ганнай Іванаўнай Пуйдак чатыры гады. Яна пераехала ў Геранёны на пастаяннае месца жыхарства з в. Агароднікі Лідскага раёна.

З.Э. Старасціна, загадчык сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка Геранёны, запрасіла гэтую надзвычай таленавітую жанчыну на работу — і не памылілася. Ганна Іванаўна разумее, што і ў наш час трэба вучыць моладзь ствараць прыгожыя рэчы, упрыгожваць адзенне і памяшканне. З вялікім задавальненнем прыходзяць вучні Геранёнскай СШ на заняткі ў гурткі «Вясёлка» і «Віртуозы іголкі», якія праходзяць цікава і пазнавальна.

Калі я запытала, які від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ёй падабаецца больш, то пачула ў адказ,  што вышыўка. Ганна Іванаўна ўспомніла сваю першую настаўніцу Любоў Макараўну Васько, якая вучыла дзяцей вышываць на ўроках працы. У старэйшых класах яна ўжо вышывала вялікія карціны па схемах. Цяпер работы Ганны Іванаўны можна пабачыць на розных выставах: раённых, абласных і рэспубліканскіх. Вельмі ганарыцца майстар дыпломам за высокі мастацкі ўзровень работы на абласной выставе «Пераможны май», прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі, дзе былі прадстаўлены ручнікі з традыцыйнымі беларускімі ўзорамі.

У Геранёнскай бібліятэцы аформлена выстава «Лясная скульптура». Ганна Іванаўна даўно збірае цуды, якія стварыла сама прырода. Цэлае лета яна шукае і на балоце, і на выкарчоўках карэнне, галінкі дрэў, ствалы, якія штосьці нагадваюць: ладдзю, вазу, балерыну, дзядка, змея, чалавека. У падвале яна захоўвае лясныя скульптуры вялікіх памераў. І наперадзе, я думаю, новыя выставы.

Усё лета майстар засушвае кветкі, траву, каб зімой можна было заняцца плоскай фларыстыкай. Карціны з засушаных раслін паехалі, так сказаць, у Кітай, у Францыю, у Расію. Яна прадае іх на розных рэспубліканскіх святах. 

Бачыла я яе карціны з кары бярозы. Аказваецца, у бяросты ёсць сем слаёў з рознымі адценнямі: ад чорнага да сіняга і ружовага.

У г. Іўе самы знакаміты артэфакт — Ева, а ў Геранёнах — Барбара. (Барбара Радзівіл — гістарычная асоба, якая была замужам за сынам Альбрэхта Гаштольда — Станіславам, і жыла ў Геранёнскім замку).

Пуйдакаўская лялька Барбара надзвычай прыгожая. Створана ў сааўтарстве з З.Э. Старасцінай. А адзявала ляльку менавіта Г.І. Пуйдак, бо яна вельмі добрая швачка.

Адкуль у аднаго чалавека столькі здольнасцей і захапленняў? Аказваецца, што ўсё гэта перадалося ад бацькоў.

Бацька Ганны Іванаўны, Іван Эдвардавіч Базевіч, быў знакамі-тым краўцом у в. Яселевічы Шчучынскага раёна. Шыў касцюмы, кажухі, шапкі, славіўся як каваль. Іграў на гармоніку. У калгасе яго цанілі як стараннага механізатара. А яе маці, Марыя Вікецьеўна Дудзіч, і ткала, і шыла (дапамагала мужу), спявала ў касцёльным хоры ў Жалудку.

А як жа пачынаўся жыццёвы і сямейны шлях маёй гераіні?

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Орлі дзяўчына вучылася і выдатна закончыла аддзяленне харавога дырыжыравання музыкальнага вучылішча ў г. Гродна. Чатырнаццаць гадоў працавала ў музычнай школе Жалудка, выкладала тэарэтычныя дысцыпліны, была дырэктарам гэтай установы. Пры клубе стварыла хор з 35 чалавек. Спявалі ў хоры і медыцынскія работнікі, і настаўнікі, і клубныя спецыялісты. Праграма хора была разнастайнай, займалі прызавыя месцы на многіх аглядах мастацкай самадзейнасці.

Выйшла замуж. Нарадзіла пяцёра дзяцей: чатырох сыноў — Віктара, Аляксандра, Дзмітрыя, Валерыя і дачку Жанну.

У 1980-м годзе ўзнагароджана ордэнам Маці. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў выдадзены загад: калі апошняму дзіцяці спаўняецца 16 год, то маці-гераіня ідзе на пенсію, незалежна, колькі ёй гадоў. Так Ганна Іванаўна стала пенсі-янеркай у 47 год!

Па сямейных абставінах пераехала ў в. Агароднікі Лідскага раёна. Працавала ў клубе. Ужо тады паспяхова ўдзельнічала ў рабоце Лідскага дома рамёстваў «Вытокі». Трымала немалую гаспадарку. І ўсюды паспявала.

Яна і цяпер даглядае з любоўю свой агарод, любіць збіраць грыбы і ягады, ловіць рыбу, можа парамантаваць любую рэч, нават сталярныя работы ёй пад сілу.

Спявае ў ансамблі народнай песні «Вечарынка» аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Геранёны.

Атрымаўся ў мяне вось такі партрэт знакамітага ў Геранёнах чалавека, праводзячага актыўную творчую дзейнасць па захаванні і папулярызацыі традыцыйнай беларускай культуры. 

Неяк А.П. Чэхаў сказаў: «Чалавеку, каб застацца чалавекам, трэба кожны дзень атрымліваць хаця б кроплю радасці».

І гэтай радасцю з намі кожны дзень дзеліцца Ганна Іванаўна Пуйдак.

А. СМАЛЯНІЧЭНКА.

Фота аўтара.