О людях

Творчая гасцёўня. Антон Піліпчык прывёз у Іўе новы паэтычны зборнік

Вершы з новага зборніка «Безбярэжжа»

Незабыўная хвілінка
«Люблю!..»
На кожным кроку чую.
Прыемна, нават акрыляе.
Але… Адным-адзін варкую.
Каб сэрцу ўспалымнець,
Іскрынка — ўсё не тая…
Ў душы жыве цудоўны, рамантычны вечар —
Далёкі майскі: зарападу блікі,
Вяночкам рук абхопленыя плечы…
І не гучыць «люблю» —
Ні шэптам і ні з рокатам,
Ды трапятліваю істотай адчуваю:
Мне — як шаўкапраду тутаваму
Ў кокане — лагодна, ўтульна, я ў душы спяваю…
Абое мы — нібыта тонкая былінка,
І на дваіх нас — Усясвет наўкола…
Вось тая, дарагая мне хвілінка
Ў ва мне не гасне. Аніколі…

Шчэ верас не адцвіў…

Змрачнае неба…
Сонцу — не прабіцца…
Шчэ верас не адцвіў, а восені — вянец?
Мароз. Сцяжынкі усхадзіліся кружыцца,
Сцяжынка да цябе — бялець…
Маркотна абсалютна…
Дзівосная плюхота
Агортвае зялёны ў бель прасцяг.
Паманіш да сябе — на снезе першым,
Што ў восені ў гасцях,
Мой след адзначыцца магутна…

Светла, мёдна…
Вось і май бушуе ў нашых душах!
Ў думках я — дзе ты, а ты — дзе я …
Светла, мёдна… Вельмі міла слухаць
Ад любові п’янага ў садзе салаўя…
Ў нас любоў таксама казачна зардзела
Фарбамі світанку над жыцця ракой,
Падаецца: ўся Зямля запела
З гэтае падзеі — простай і святой…
З сэрца ў сэрца хай крыляюць тайны
Самыя таемныя — не даюць нам звяць!..
Дні, гады старэчыя — не пара адчайная,
Маладым душой быць — нам не прывыкаць.

 
Сустрэча з творчым чалавекам — гэта заўсёды свята для душы. Таму што таленавітыя людзі маюць асаблівую аўру, якая запаланяе ўсё наўкол, і табе здаецца, што ўдыхнуўшы яе, сам нейкім чынам атрымоўваеш порцыю натхнення і творчай энергіі. Новы погляд на простыя рэчы, якія, здавалася б, ужо немагчыма перайначыць, цікавыя развагі аб месцы чалавека ў свеце, грунтоўны падыход да літаратурнай дзейнасці належыць паэту і празаіку, былому супрацоўніку рэдакцыі газеты «Іўеўскі край» Антону Сямёнавічу Піліпчыку, які днямі прыехаў, каб падзяліцца са сваімі землякамі — іўяўчанамі -новымі творчымі набыткамі — зборнікам вершаў «Безбярэжжа», які выйшаў нядаўна ў свет. Сустрэча з паэтам прайшла ў Іўеўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы пад назвай «І пяе душа»…

Да гэтага аўтар выпусціў зборнік аповесцяў, апавяданняў і нататкаў «Пакуль сонейка заззяе…». А папярэднічаў яму зборнік вершаў «Лятуць восені, зімы, як і вёсны і леты…». Іх паэт і празаік таксама прывозіў іўяўчанам для знаёмства і ў падарунак. З усімі творамі аўтара можна пазнаёміцца ў бібліятэцы.
Антон Сямёнавіч друкаваўся ў цэлым шэрагу калектыўных зборнікаў «Галасы» (2002), «Іўеўшчына літаратурная» (2014), «У прыгаршчах Айчыны» (2015), «Пяшчота верасу» (2016), а таксама ў вялікай колькасці перыядычных выданнях, на літаратурных сайтах. На Мінскім трактарным заводзе яго рыфмоўкі гучалі ў флэшмобу «Беларусь мая».

Супрацоўнікі бібліятэкі Раіса Майсеенкава і Таццяна Козел, прадстаўляючы чытачам творчасць А. Піліпчыка, адзначалі, што яго творы напоўнены вялікай і неабдымнай любоўю да радзімы, у прыватнасці, да Іўеўшчыны, дзе ён пражыў трыццать шэсць гадоў (ураджэнец Шчучыншчыны, цяпер жыве ў г. п. Бярозаўка Лідскага раёна). Нездарма вершаваныя радкі аўтарства нашага калегі часта гучаць і на вялікіх раённых святах, і на маленькіх літаратурных імпрэзах.
«О, бацюхна-Нёман!.. З маленства чаруеш красой непаўторнай сэрца маё. То коціш ты вольна, то ў скрусе віруеш між пушчаў дрымучых, жытнёвых палёў…».
А. Піліпчык працаваў намеснікам галоўнага рэдактара, загадчыкам аддзела сельскага жыцця газеты «Іўеўскі край». Гаворыць, што ўсё жыццё — дзеля некалькіх радкоў у газеце. Затым пайшоў на заслужаны адпачынак. Аднак, мяркую, у творчых людзей адпачынку не бывае. Яны заўсёды ў пошуку, заўсёды на перадавой. «Жыву, як і раней было, калі працаваў у рэдакцыях: ні дня без радка», — гаворыць суразмоўца. Пра сваё пенсіянерства Антон Сямёнавіч піша з прысутнай толькі яму асаблівай іроніяй:
“Вольны птах я цяпер… На работу — не трэба, не густы, ды ўсё ж маю рубель…- не сяджу без вады, не без хлеба!..».

Паэтам можна стаць ці трэба нарадзіцца?
— Кожны можа быць складальнікам вершаў, — мяркуе паэт. — Аднак для гэтага павінны быць грунтоўныя веды не толькі ў літаратурнай дзейнасці, але і ўвогуле. А яшчэ — уменне бачыць незвычайнае ў звычайным, адчуваць душой і сэрцам падзеі і ўмела рэагаваць на іх.
А мне здаецца, калі першым могуць авалодаць усе, то другое — талент, якім адорваюцца адзінкі. Пра такіх кажуць: «Іх Бог пагладзіў па галаве».
Між іншым, наш калега пачаў пісаць вершы яшчэ ў пяцігадовым узросце, калі нават і ведаць не ведаў пра тыя рыфмы і рытм. Яго першы твор быў пра камічны вясковы выпадак, які абмяркоўвала ўсё наваколле. А ў хлопчыка Антона пераказаць яго атрымалася ў рыфмаванай форме. Хутка верш-гумарэска абляцеў усю вёску. Так наш герой упершыню адчуў на сябе ўсе пабочныя эфекты славы. Калі сур’ёзна, то ўпершыню верш «Беларусі» А. Піліпчыка быў надрукаваны ў шчучынскай «раёнцы», калі ён быў васьмікласнікам. «З першым лагодным матуліным словам, з ласкай, пяшчотай мазолістых рук, з зыркім жаданым сонцам вясновым, з песняй натхнёнай, што дорыць жаўрук, з гоманам родных палёў і разлогаў, з плёскатам ціхім сінеючых рэк — ты ў маё сэрца ўвайшла назаўсёды любай і самай найлепшай навек!».

Сапраўдную і моцную любоў да роднай мовы і літаратуры, да творчасці абудзіла ў тады яшчэ юнака настаўніца Марыя Сіланцьеўна Шаўчонак (цяпер вядомы паэт). Яна адразу заўважыла ў нашым героі задаткі будучага паэта. Пагэтаму і адправіла яго верш спачатку ў насценгазету школы, а затым ў «раёнку».
Пазней Антон Сямёнавіч стаў сам пісаць вершы, артыкулы і дасылаць ў раённую газету, скончыў школу рабселькораў. Аднак гаворыць, што звязваць сваё далейшае жыццё з журналістыкай не планаваў. Таму паступаў спачатку на настаўніка фізікі і матэматыкі, а калі першая спроба не ўдалася, вырашыў яшчэ адзін год падрыхтавацца і дабіцца пастаўленай мэты. Зрэшты, яго планам збыцца не ўдалося. Аб гэтым цяпер ён, вядома, не шкадуе. Бо яго жыццём і прызваннем стала журналістыка. Галоўны рэдактар шчучынскай газеты паклікаў юнака працаваць на адказнай пасадзе карэспандэнта аддзела сельгасжыцця практычна адразу са школьнай парты і не памыліўся, бо за ўсякую даручаную справу Антон Піліпчык браўся адказна, грунтоўна, з прысутнай толькі яму манерай дзелавітасці і якаснасці, і гэта пранёс праз усё жыццё. Нам, калегам, гэта відавочна.
Затым было паступленне на журфак БДУ, потым — служба ў арміі, работа ў астравецкай «раёнцы» і затым іўеўскай. І на працягу ўсяго жыцця нашага калегу суправаджала прага да літаратурнай дзейнасці.

Зборнік аповесцяў, апавяданняў і нататкаў «Пакуль сонейка ззяе..», з якім усе жадаючыя могуць пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы, складаецца з двух аповесцяў, дзевяці апавяданняў і аднаго нататка.
Асаблівай ўвагі, на мой погляд, заслугоўвае аповесць » У водблісках несуцішнага зарава…», дзе галоўны герой Іван Патапчык з’яўляецца прататыпам людзей ваеннага пакалення, якім удалося перажыць жах-лівае і страшнае. Дзея аповесці пачынаецца з дзён новай гісторыі нашай краіны. Просьба нечакана патэлефанаваўшага дырэктара навучальнай установы дапамагчы прыняць ад гуманітарыяў з Еўропы дабрачынную дапамогу, вярнула Івана ў віхуру калатнечы таго ваеннага часу, дзе ён расказвае пра перажытае.
Вайна не абышла і сям’ю аўтара. Ад рук фашыстаў моцна пацярпела першая жонка яго бацькі, а дзяцей уратавалі суседзі. Параненая, пакалечаная, яна трапіла ў партызанскі атрад, крыху акрыяла, але падарвалася ад узрыву гранаты.
Антон Сямёнавіч нарадзіўся ў мірны пасляваенны час. Аднак гэта былі першыя гады без вайны, якая прынесла столькі болю і горычы кожнай беларуская сям’і. Таму ў збіральным вобразе Івана Патапчыка многія бачаць сваіх продкаў, аб чым паведамляюць аўтару.
Паэт і празаік асаблівае месца ў сваёй творчасці адводзіць самаму найлепшаму і светламу пачуццю — каханню.
«То з’явішся, то знікнеш, то радасная, то ў журбе, то забалочваеш усё, то — ані пікнеш… Здагадваюся я, здаецца, патрэбна што табе… Я чулы да тваіх настрояў. Ў істоце ўсёй тваёй, як на струне, я адзвінеў, я адстарголіў, і час ужо рашучым стацца мне. Мне варта быць, мабыць, зачыніцца на затворы, і не тырчаць, чакаючы, ў вакне.. З вышынь, як і зляталі, злятаці будуць зоры, але ж — не на мажоры ні табе, ні мне…».

Антон Сямёнавіч у пастаянным творчым гарэнні. Аб гэтым сведчыць і тое, што да друку рыхтуецца новае яго тварэнне. Пакуль гэта невялікі сакрэт. Але відавочна, што з-пад алоўка аўтара выйдзе штосьці неардынарнае і цікавае. З гэтым ён абяцаў абавязкова падзяліцца з іўяўчанамі. Будзем з нецярпеннем чакаць новай сустрэчы і новай порцыі творчага зараду!

І. БУТУРЛЯ.
С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).