0
Местное управление и самоуправление

Твае палі і сінь нябёс мне будуць бачыцца і сніцца, куды б мяне не кінуў лёс…

У кожнага чалавека ёсць Радзіма, і ёсць самы родны куток – малая радзіма. Месца, дзе ён нарадзіўся, дзе спявалі калыханкі бабуля і мама, дзе зроблены першыя самастойныя дзіцячыя і сур’ёзныя  дарослыя крокі, дзе так соладка спалася на світанку, калі выводзіў у садзе свае спевы салоўка; дзе прыйшло першае каханне і першыя  слёзы ўлюбёнасці… Хіба могуць гэтыя ўспаміны патухнуць, хіба можа быць што даражэй? Таму так і кліча да сябе гараджан пакінутая некалі вёска, таму і едуць яны сюды ўжо дачнікамі, каб вярнуць тое, страчанае, каб зноў набыць салодкі сон і душэўную раўнавагу.

Але ёсць людзі, якія ніколі і не з’язджалі з вёскі. Яны жывуць яе жыццём, ствараюць гэтае жыццё, яны прывыклі ўлетку прачынацца рана з першымі промнямі сонца, а зімой адчуваць сябе амаль што курортнікамі без працы. І хоць вёска ўжо не тая (як і само жыццё), а ўсё ж яна імкнецца захоўваць свае традыцыі, свой уклад. Таму і жыве.

Бакшты – гэта наогул населены пункт асаблівы. Асаблівая прырода ля Налібоцкай пушчы, асаблівыя заняткі людзей, якія спрадвеку мелі справу з лесам і рэчкай. Тут ніколі не было ўрадлівых зямель, аднак людзі знаходзілі магчымасць карміць сем’і, мець грошы, каб будаваць дамы. Прырода велічная, прыгожая, як і людзі.

Бакшты ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі сталіцай партызанскага руху, тут кватэравала брыгада спецыяльнага прызначэння “Уперад”, тут у кожнай сям’і быў свой воін ці партызан, свой змагар за незалежнасць і свабоду роднага краю. Тут уздымалі сельскую гаспадарку людзі — ардэнаносцы, тут здзіўляў сваімі высокімі ўраджаямі ў 70-80-х гадах мінулага стагоддзя сінявокі лянок, у мясцовай школе выхоўваліся будучыя ўрачы, настаўнікі, інжынеры, навукоўцы, тут дзейнічала ўчастковая бальніца, тут працаваў лесаўчастак і г.д.

…У гэтыя дні, калі па Іўеўшчыне ладзяцца рэгі-янальныя святы і святы вёсак, бакштаўскія культработнікі запрасілі вяскоўцаў і гасцей вёскі на сваё свята – “Кліча ў госці Налібоцкая пушча”.

І першым, хто вітаў землякоў, стаў гаспадар краю – старшыня Бакштаўскага сельвыканкама Аляксандр Уладзіміравіч Буляк. Самыя цёплыя і шчырыя словы сказаў ён сваім землякам, павіншаваў іх са святам роднай вёскі, падзякаваў  за працу, за жыццё.

Як і на кожным падобным свяце, сёлета прысвячаецца яго частка знамянальнай даце ў жыцці Рэспублікі Беларусь – 70-годдзю Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Памяць – гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека. Яна не падуладна часу. Наадварот, чым далей падзеі, тым больш значным становіцца іх сэнс.

Вядучыя сказалі:

— Няпраўда, што ад той часіны горкай

Дайшлі да нас адны  магільныя пагоркі.

І 40 год, і 70 год адплыве,

А нам ад той вайны не адагрэцца,

Нас ад яе ніхто не адарве,

Мы зліты з ёй і памяццю, і сэрцам.

…І паплыла над Бакштамі песня – рэквіем на словы славутага савецкага паэта Расула Гамзатава “Жураўлі”. І сціхла  ўсё наўкол, і заплакалі, напэўна, бары і дубравы, лугі і азёры, бо жураўліны клін з бакштаўскай зямлі надзвычай доўгі і жалобны. Адны не прыйшлі з вайны, другія далучыліся да той самотнай стаі ўжо ў мірны час – ад хвароб і ад старасці…

Жыццё працягваецца, менавіта дзякуючы ім. Таму вёска, схіліўшы долу галовы перад памяццю, потым пачала ўшаноўваць жывых. Таму і загучалі вясёлыя, цудоўныя песні.

Як ім ні гучаць, калі спявае іх жанчына, што валодае такім прыгожым акадэмічным голасам – Ніна Аляксееўна Шэмет – загадчыца аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты, шматдзетная маці, шчаслівая бабуля і проста прыгожая і прыемная жанчына. Ёсць і яшчэ адна зорка на бакштаўскай сцэне сярод культработнікаў — Святлана Аляксандраўна Варанюк. Разам гэты дуэт можа “выцягнуць” любы канцэрт.

Свята ўшаноўвала працаўнікоў палеткаў і ферм, медыцынскіх работнікаў, педагогаў, работнікаў лесу, прадпрыемстваў і арганізацый, работнікаў аддзялення сувязі, працаўнікоў гандлю, сацыяльнай службы, супрацоўнікаў   пажарнага аварыйна- выратавальнага паста, хатніх гаспадынь, дарослых і дзяцей – усіх, хто прыйшоў на свята. Таму што не месца ўпрыгожвае чалавека, як вядома, а чалавек месца. Вось і Бакшты славутыя менавіта сваімі працавітымі, добрасумленнымі людзьмі, патрыётамі сваёй  малой радзімы. Хвала ім і слава, а яшчэ — добрыя песні, шчырыя словы, заліхвацкія танцы, такія, напрыклад, якія танцавалі дзяўчаткі-падлеткі, мілыя, прыгожыя гарэзы, выхаванцы мясцовых культработнікаў.

А дапамаглі бакштанцам зрабіць свята незабыўным культработнікі Лаздунскага аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы, якія выступілі з вялікім канцэртам.

Свята атрымалася сапраўдным. Было шмат людзей, было шмат дзяцей. Для іх разгарнуўся гарадок атракцыёнаў, раскінулі свае палаткі прадаўцы рознымі смачнасцямі і цацкамі. Гучалі музыка і смех, гуляла вёска.

Зараз былы Дом культуры знаходзіцца ў новым будынку. Яго  ганак перад уваходам пераўтварыўся ў дастаткова зручную сцэну, а прыдваровая тэрыторыя — у ёмкую залу. Было ўтульна і светла на душы – свята адбылося!

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.