Экономика

Топ-5 книг. Современная белорусская проза с осенним настроением

Сучасная беларуская проза жыве клопатамі пра час, народны лёс, які праламляецца ў лёсе асобных людзей. Яна вызначаецца пільнай увагай да асобы чалавека і штодзённых праяў жыцця. Агульнымі для многіх твораў пісьменнікаў з’яўляюцца шырыня ахопу падзей, гуманістычны пафас, імкненне аўтараў даць праўдзівую ацэнку таму, што робіцца сёння на Зямлі.

Прапануем вашай увазе падборку твораў сучасных беларускіх аўтараў.

Гальпяровіч Н. “Чырвоны мост”

Чырвоны мост – адна са знакавых мясцін старажытнага Полацка. Для аўтара, вядомага паэта і празаіка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь – гэта сакральны вобраз яго дзяцінства і юнацтва, першага кахання і вернага сяброўства. 

Своеасаблівы нябачны герой рамана – родны горад, які стаў крыніцай духоўнага станаўлення, месцам сілы аўтара. Твор напоўнены шчымлівым лірызмам, тонкім гумарам, светлай самотай. Гэта своеасаблівая споведзь, лірычны дзённік аднаго з сучаснікаў, чалавека з багатай і цікавай біяграфіяй.

Карэнда І. “Усміхніся шчасцю свайму”

Новая кніга Івана Карэнды “Усміхніся шчасцю свайму” — гэта не проста эмацыйная проза, але і своеасаблівае падарожжа праз лёсы і ўрокі жыцця.

Вы даведаецеся гісторыю Аляксандра Паруліка — адзінокага хлопца з парушэннем маўлення, які становіцца ўпэўненым у сабе чалавекам, стварае сям’ю і паспяхова будуе кар’еру. Ён праходзіць шлях страт і пакут і ўрэшце знаходзіць сваё месца ў свеце. Пазнаёміцеся з натхняльным аповедам пра тое, як моцнае каханне можа адрадзіць чалавека ў сталым узросце. Адносіны беларуса Івана і расіянкі Ірыны — вір пачуццяў, які перайначвае лёс абаіх, выпрабоўваючы часам і адлегласцю.

Калі вы любіце творы, дзе кожная старонка дыхае душэўным настроем, — гэтаяф кніга для вас. Яна прыгадае: нават тады, калі жыццё здаецца чорна-белым, усміхніцеся — і колеры вернуцца.

Кебіч Л. “Неба ў дыяментах”

У кнізе прозы Людмілы Кебіч “Неба ў дыяментах” паказана духоўнае жыццё, свет пачуццяў і ўяўленняў аўтара, усё, што хвалюе, радуе, дае асалоду, заспакойвае, турбуе, выклікае смутак, – адным словам, усё, што з’яўляецца зместам жыцця. Тэматычна ўсе творы розныя. Гэта і рэальныя гісторыі, і прыгоды, і глыбокія расчараванні, і роздумы пра з’явы жыцця, і няспраўджаныя мары пра сапраўднае каханне. 

Кунцэвіч В. “Калі чужая душа – твая”

Часта здараецца, што ў жыцці чалавек трапляе ў складаную сітуацыю. Чаму гэта адбываецца? Прычын шмат, але часцей за ўсё яго заводзяць у тупік асабістая самаўпэўненасць, зайздрасць і, безумоўна, жаданне хутка здабыць вялікія грошы. Каб выйсці з тупіка, трэба ісці назад. Аднак бывае, што зваротнай дарогі проста няма, і чалавеку трэба шукаць, адкрываць новы шлях. Гэта і робяць літаратурныя героі пісьменніка Віктара Кунцэвіча.

У развіцці падзей аўтар скарыстоўвае дынамічны сюжэт і элементы містыкі, што захапляе чытача і прымушае неадрыўна ісці разам з літаратурнымі героямі.

Лазута Л. “Запавет бацькоў”

Героі апавяданняў пісьменніцы Людмілы Лазуты — нашы сучаснікі розных пакаленняў. І калі ветэраны, фізічна і духоўна загартаваныя ў складаным, а то і жорсткім змаганні за лёс Айчыны, даўно знайшлі сваё месца ў грамадстве, то моладзь аказваецца часам на раздарожжы. І тады прадстаўнікі старэйшага пакалення — бацькі, суседзі, проста незнаёмыя людзі — прыходзяць ім на дапамогу. Цікавыя і такія розныя лёсы герояў, цікавыя падзеі іх жыцця, цікавыя іхнія паўсядзённыя клопаты выклікаюць чытача на роздум аб сваім асабістым месцы сярод людзей.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Т. Грыкень, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі.