Экономика

Так хочацца ў Шчучы Бор. Заканчваецца падарожжа па малой радзіме з краязнаўцам Алегам Ігліцкім

На хутары Брадоўка
Паміж хутарамі Кімейшаў і хутарамі Ліпніскія, пры лясной дарозе, стаяў адзіночны хутар, які меў афіцыйную назву Брадоўка. Да таго, як хутар быў уключаны ў склад вёскі Шчучы Бор, яго жыхарам у дакументах пісалі: месца нараджэння, або месца жыхарства – хутар Брадоўка.

Калісьці гэты багаты панскі хутар, дзе было шмат зямлі, уласны лес, сенажаць і вялікі драўляны дом з гаспадарчымі пабудовамі, купіў у мясцовага пана Аляксей Рыжэвіч, жыхар вёскі Бакшты. Ён ажаніўся з дзяўчынай з Бакштаў Марыяй і пераехаў жыць на хутар.
 

Сем’і раней былі вялікія. Дзеці раслі і з узростам станавіліся надзейнымі памочнікамі бацькоў па гаспадарцы. У Аляксея і Марыі было сямёра дзяцей – чатыры дачкі і тры сыны. Усе яны выраслі і пакінулі хутар, не ад’ехаўшы далёка ад бацькоўскай хаты. Старэйшая дачка выйшла замуж у вёску Астраўцы, Ганна – у Грабава, Вера – у Барсукі, Эмілія – у Баруцішкі.
 

Старэйшы сын Іван жыў з сям’ёй у суседняй вёсцы Гудзішкі. Малодшы Міхаіл – таксама ў Гудзішках. З бацькамі застаўся жыць сын Уладзімір, 1908 г.н. Пасля вяселля ён прывёз на хутар маладую жонку Лідзію Бараноўскую, 1914 г. н., з вёскі Рум, што на Валожыншчыне. Яе бацька Уладзімір быў паляўнічы, а маці Яўгенія была хатняй гаспадыняй і гадавала сямёра дзяцей. 
 

Уладзімір Аляксеевіч і Лідзія Уладзіміраўна Рыжэвічы мелі трое дзяцей. Старэйшы сын Віктар рос у дзядулі і бабулі ў вёсцы Рум і там закончыў школу. Пасля набыў прафесію механіка ў тэхнікуме механізацыі і працаваў  у калгасе імя Леніна ў Суражы механікам. Затым паехаў да радні Бараноўскіх ў горад Омск Расійскай Федэрацыі, закончыў ваеннае вучылішча і служыў афіцэрам у Омску.
Малодшы сын Уладзіміра і Лідзіі Міхаіл, 1947 г. н., на пенсіі, і па стану здароўя пражывае  ў дачкі Марыны ў вёсцы Заберазь Бакштаўскага сельсавета.
 

Дачка Уладзіміра і Лідзіі Ніна, 1946 г. н., закончыла Даўнарскую сярэднюю школу. Пасля навучання ў Гродзенскім заатэхнікуме набыла прафесію заатэхніка. Тут пазнаёмілася з будучым мужам Пятром Пятніцай, з якім вучылася ў адной групе, па адной спецыяльнасці. Маладыя пажаніліся  ў 1965 годзе і былі накіраваныя па размеркаванні ў калгас “Іскра” на Іўеўшчыну. Разам працавалі на малочнатаварнай ферме “Гудзішкі”.
 

Старшыня калгаса “Іскра” Пётр Іванавіч Асіпенка заўважыў дзелавыя і арганізатарскія здольнасці Ніны Уладзіміраўны Пятніцы і папрасіў яе ўзначаліць цэнтральную малочнатаварную ферму ў Даўнарах. Дойнае стада фермы налічвала 200 галоў, бычкоў і цялят на адкорме было 50 галоў, маладняка на дарошчванні – 50 галоў. Ферма трымала станоўчыя і стабільныя паказчыкі па надоях і прывагах. Але недасыпанняў і вымотвання нерваў загадчыцы фермы за 30 гадоў працы хапіла, як кажуць, пад завязку. Не ўсе работнікі фермы былі дысцыплінаваныя і адказныя. Бывалі выпадкі, калі Ніне Уладзіміраўне самой прыходзілася даіць кароў і пасвіць разам з галоўным заатэхнікам  Ядвігай Канстанцінаўнай Лобач. Але усё гэта ўжо ў мінулым, тыя падзеі сталі гісторыяй.
 

За дасягнутыя поспехі ў галіне жывёлагадоўлі ў гаспадарцы, Ніна Уладзіміраўна Пятніца была адзначана нагрудным знакам “Ударнік камуністычнай працы” (1982 г.), медалём “За трудовое отличие” (1986 г.). Яе партрэт неаднаразова  заносіўся на Дошку гонару перадавікоў раёна.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12892/2025/10/10/RkGYBQT2XYdRRZPE5oVhnen5AdLcdptl1JqXgkQjVpYIT-kRWqhwwKx5L4IN_QVwNxTPxctNR8bgkwDXTM-l9Io7.jpg
Ніна Уладзіміраўна Пятніца з удзельнікамі першага конкурсу жывёлаводаў Іўеўскага раёна

Муж Ніны Уладзіміраўны Пётр Фаміч працаваў загадчыкам фермы ў Гудзішках, а затым у будаўнічай брыгадзе калгаса.
Старэйшы іх сын Уладзімір працаваў шафёрам калгаса, а пасля далучэння калгаса “Іскра” да СУП “Лаздуны – Агра” працуе жывёлаводам на ферме “Даўнары”. Пражывае з сям’ёй у вёсцы Даўнары. Другі сын Сяргей таксама пражывае ў Даўнарах і працуе ў Бакштах токарам у ААТ “Мастадрэў”.

Сустрэчы, якія не забываюцца
На гэтым мы завяршаем віртуальнае падарожжа ў лясную вёску Шчучы Бор. Невялікая, але раскіданая хутарамі па лесе даўжыней 3 кіламетры, яна, дзякуючы цікавым жыццёвым лёсам і біяграфіям жыхароў, не згубілася на зямлі і ў часе, а, здаецца, раскінулася на тысячы кіламетраў туды, куды раз’ехаліся шчучаборцы і пакінулі свой адметны след, дзе засталіся жыць іх дзеці і ўнукі. І, як бачна, з гутарак і сустрэч з былымі жыхарамі вёскі, большасць іх былі і ёсць патрыётамі сваёй радзімы — Беларусі. І нават праз шмат гадоў вярнуліся на зямлю продкаў.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12892/2025/10/10/fnajlKBML4g0VwKreSizwX8m3E8uuTR7eHD7tTjAzRxj2hije1uc9avrxV02GHf8LJqhyGA0EXGXM4C9cwH8zUpG.jpg
М. Лапуць, В. Цыбульская, Г. Міхалевіч, Л. Каваленка — былыя жыхары Шчучага Бора падчас сустрэчы ў 2022 годзе

А з якім трапяткім пачуццём у сэрцах і любоўю прыязджаюць яны ў Шчучы Бор, на магілы дзядоў і бацькоў! Як адклікаюцца на званкі Валянціны Іванаўны Цыбульскай, якая ўжо двойчы арганізоўвала сустрэчы. Яны дружна прыехалі ў прызначаны дзень на сустрэчу сем’ямі з розных гарадоў і пасёлкаў Беларусі.
 

Першая такая сустрэча адбылася ў 2012 годзе за вёскай, на беразе рэчкі Бярэзіна, на скошаным, духмяным лузе. З’ехаліся больш 100 чалавек. На паляне былі імгненна пасланыя настольнікі, за якія селі госці. Частаваліся і напоямі, і дамашнімі стравамі. У той час яшчэ жылі некаторыя бацькі і прыйшлі на сустрэчу з дамашнімі дэлікатэсамі: каўбасамі, паляндвічкай, кумпячком, сваёй агароднінай і садавінай. 
 

Гэта была цёплая сустрэча розных пакаленняў шчучаборцаў, дзе госці выступалі і падымалі тосты за вёску, за здароўе сваіх родных і блізкіх, успаміналі гады дзяцінства і юнацтва, родную пачатковую школу і настаўніка. Дзякавалі бацькоў за тое, што навучылі іх усяму, адправілі ў свет з вялікім багажом гаспадарскіх вясковых ведаў, навыкаў і працавітасці, мудрых парадаў. А потым разам спявалі песні, танцавалі.
 

Наступная сустрэча вяскоўцаў, на якую зноў сабралася больш 100 чалавек, адбылася ў 2022 годзе ў тым жа жывапісным месцы, на беразе Бярэзіны. Госці сядзелі за багатым сталом вялікім кругам. Зноў гучалі шчырыя тосты за вёску, словы ўдзячнасці дзядам і бацькам, якія перажылі цяжкія часы вайны, працавалі тут, на зямлі, і рабілі ўсё, каб забяспечыць лепшае жыццё сваім дзецям і ўнукам. На сустрэчы землякоў спявалі самадзейныя артысты з Лаздунаў і Бакштаў.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12892/2025/10/10/c1m8YcjcWwIf_f4TLVErQL1NKEhs-3s0Ab2-L7uVz1RI4RCrYr_Z37VEomuvTJL7xoc31Vlm_FYVA9EfTiui3wXu.jpg
https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12892/2025/10/10/JMOBhGy7CFhdHWYRTXIvpeB_ZbsXwyQycl7WzLvnHauz5d_TByMCNFpAuHMuIBFddrrTlwRapnn7bsSt-Qg2TVzb.jpg
Сустрэча шчучаборцаў у 2022 годзе

Хвалявала гасцей пытанне: што будзе далей з Шчучым Борам? Бо так хутка і бясследна знікаюць многія малыя палявыя вёскі, дзе няма лесу, рэчкі, возера. У гэтым плане Шчучаму Бору пашанцавала. Вядома, той вёскі, маладой і шматлюднай, з патрыярхальным укладам жыцця, ужо ніколі не будзе. Яе захаваюць новыя жыхары – дачнікі, якія любяць вясковую ідылію, адпачынак у цішы, сярод лесу, куды можна прыехаць на выхадныя ці водпуск з гарадоў і правесці тут сапраўдны адпачынак у паходах па грыбы і ягады, на рыбалку на раку Бярэзіна. І Шчучы Бор – выдатнае месца для такога адпачынку.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12892/2025/10/10/d5duKsPiT7gT6SdF2r9GXZFxV_DIKvszbA2zVY-cGBm78sjqcpBD2e1-ybOY4Ge9UaOCRTcefrvClS2P1jcInYd5.jpg
Хата дачніка з Ніжняга Ноўгарада

Тыя, хто адкупіў у Шчучым Бары хаты на дачы, будуюцца, вобразна кажучы, на вякі: рамантуюць дамы, будуюць бані, засаджваюць прысадамі і кветкамі двары, ставяць высокія агароджы ад лясных жывёл. І гэта сведчанне таго, што Шчучы Бор не знікне, як і іншыя прывабныя для адпачынку гараджан вёскі Іўеўшчыны.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег Ігліцкі.