Экономика

Так хочацца ў Шчучы Бор: радавод сям’і Кімейшаў. Працягваем падарожжа па малой радзіме з Алегам Игліцкім

 

Мяне ў першую чаргу зацікавіла, адкуль паходзіць прозвішча Кімейша. І я звярнуўся да нашага земляка, філолага і тапаніміста з Вільнюса Васіля Майсейчука. Ён напісаў, што ключ да разгадкі этымалагічных каранёў прозвішча Кімейша ляжыць у літоўскім слове kamstis – корак (чытаецца камштіс, націск на “а”) і яго вытворных uzkimsti (buteli), чытаецца – ужкімсці (бутэлі), у перакладзе – закупорыць бутэльку. У цэлым, гэта быў спецыяліст па вырабу коркаў (па руску – пробак). Магчыма, ён вырабляў і чучалы, так як чучала па літоўску – iskamsa (чытаецца ішкамша, націск на “і”). А ў выпадку з чучалам усё лагічна: бо чучала – гэта набітая чымсьці і закрытая (зашытая, заклееная) абалонка, гэта значыць, нешта закупоранае.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12764/2025/10/4/QdSKefgrbgnQv-sr0iyQnaCqBb4uc9z9PaUXIYZtfI64GfSao6VgUxTgvKso1pcL32oyZLdbDfCy6f7h83lWfL5B.jpg
Дзеці Кімейшаў Іван  і Валянціна

Такім чынам, старт прозвішчу Кімейша дала прафесія. Гэта быў нейкі рамеснік, які вырабляў коркі для бутэлек (бутляў, бочак і г.д.) ці набіваў чучалы звяроў і птушак.

Пра радавод сям’і Кімейшаў са Шчучага Бору расказала ўраджэнка гэтай вёскі Валянціна Іванаўна Цыбульская (дзявочае прозвішча Кімейша). Яе дзед па бацькоўскай лініі Міхаіл Іванавіч Кімейша, 1899 г.н., родам з вёскі Сябрынь Бакштаўскага сельсавета. Працаваў вальшчыкам лесу, які дастаўлялі для адпраўкі на чыгуначную станцыю Юрацішкі. Жонка Міхаіла Анастасія Андрэеўна, 1910 г.н., была з вёскі Заберазь са шматдзетнай сям’і. Яны пабудавалі хату ў вёсцы Гудзішкі. Анастасія працавала звеннявой па вырошчванні ільна ў мясцовым калгасе. У іх сям’і выраслі двое сыноў: старэйшы Іван, 1933  г.н., і малодшы Рыгор, 1934 г.н.

Малодшы сын Рыгор ажаніўся з мясцовай дзяўчынай з Даўнараў Яўгеніяй. Пасля вяселля ў Гудзішках маладая сям’я паехала на заработкі ў Какчатаўскую вобласць Казахстана і пражывала там у пасёлку зернесаўгаса “Ураджайны”.

Рыгор працаваў механізатарам на палях саўгаса “Ураджайны”, а Яўгенія – на малочна-таварнай ферме. У іх сям’і чацвёра дзяцей: сын Міхаіл пражывае ў Херсонскай вобласці Украіны і працуе на чыгунцы. Дочкі Валянціна і Наталля пражываюць і працуюць у Маскве. Дачка Алена засталася жыць у саўгасе “Ураджайны” і працуе поварам. Іх маці Яўгенія на пенсіі і пражывае там жа, у пасёлку зернесаўгаса “Ураджайны”.
Старэйшы сын Кімейшаў Іван закончыў вучылішча механізацыі ў Бабруйску і атрымаў прафесію трактарыста – машыніста шырокага профілю. Вярнуўся ў бацькоўскі дом у Гудзішкі і пайшоў працаваць на трактар у мясцовы калгас “Іскра”.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12764/2025/10/4/2CzEEAMDhbaFyLFFrssDqGNoXIX-XuitwMEoAlUWC7bm2yZuMQ3mcquZuGVBs9Fnm88BjxFCcynE9KyC_L7B6U53.jpg
Зінаіда Уладзіміраўна Кімейшы і Іван Міхайлавіч

У 1956 годзе Іван ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Зінаідай Міхалевіч са Шчучага Бору. Дзяцінства яе не песціла. Яна шмат перажыла цяжкасцяў, змалку прывыкла да працы, якую  выконвалі дарослыя, бо рана страціла маці. Калі памерла яе мама Лідзія, дзяўчынцы было 11 гадоў, а яе старэйшаму брату Мікалаю 15 гадоў.
Бацькі Ліды з дзецьмі (а іх у сям’і было сямёра) пражывалі ў вёсцы Белы Бераг. Сям’я жыла зажытачна, бо мела дастаткова зямлі і жывёлы, каб весці моцную гаспадарку. Міхалевічы былі працавітыя. Дзеці выраслі і ўсе працавалі з бацькамі вялікай сям’ёй.

У 1950-60-я гады актыўна ішла калектывізацыя прыватнаўласніцкіх гаспадарак, і такіх зажытачных працаўнікоў раскулачвалі і высылалі ў Сібір. Ліда была ў гэты час замужам у Шчучым Бары. 
Бацькі перадалі ёй дрэнную вестку з Белага Берага аб тым, што маёмасць іх канфіскоўваюць, а сям’ю вывозяць на новае пасяленне ў Сібір. Ліда была ў роспачы і басанож прабегла адлегласць 10 км са Шчучага Бору ў Белы Бераг, каб убачыцца і развітацца з роднымі.
Бацькам Ліды пашанцавала. Іх адправілі са станцыі Юрацішкі назад дахаты, бо яны былі людзьмі сталага ўзросту. А паўнагадовых сыноў і дачок, якія жылі разам з бацькамі, вывезлі на вольнае пасяленне. Пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе іх рэабілітавалі. Дамоў яны не вярнуліся, з’ехалі на пастаяннае месца пражывання ў Польшчу.
Прабегшы па халоднай зямлі, Ліда прастудзілася, захварэла туберкулёзам і памерла. Муж яе, Уладзімір Міхалевіч, маючы двух непаўнагадовых дзяцей Зіну і Мікалая, прывёў у хату мачыху Веру з вёскі Мылёва, з-за рэчкі Бярэзіна. Яна была ўдава і прыйшла ў Шчучы Бор не адна, а з трыма сваімі дзецьмі. Мужа Веры фашысты забілі ў вайну разам з іншымі жыхарамі вёскі Кавалёвы, а вёску спалілі. Вось такія людскія лёсы ваеннай і пасляваеннай пары.

Так нечакана ў хаце Міхалевічаў у Шчучым Боры сышліся разам дзве сям’і, дзе гадаваліся пяцёра дзяцей. Мачыха Вера была гаспадыняй гэтага немалога сямейства.
Гады маладосці для Зінаіды Міхалевіч сталі перыядам новых выпрабаванняў. Пасля замужжа з мясцовым хлопцам Іванам Кімейша, маладая сям’я вырашыла паехаць на заробкі ў Казахстан. Бо мясцовыя калгасы толькі становіліся на ногі, і заробкаў амаль не было. Вырашылі і паехалі ў 1956 годзе.
 

Месцам новага пражывання стаў пасёлак Прохараўка Макенскага раёна Акмолінскай вобласці Казахстана. Для жылля перасяленцы атрымалі дом. У Прохараўцы нарадзіліся дзеці Кімейшаў: Валянціна ў 1960 годзе, Ваня ў 1962 годзе.
Здавалася, і жыць можна, і заробкі большыя, і людзі ў пасёлку шчырыя, і дом напоўніўся дзіцячым смехам. Ды не хапала для душы перасяленцам усяго свайго, беларускага. Вакол бяскрайнія палі, а не было таго шумлівага бору з палянамі, усеянымі восеньскімі баравікамі, ягаднікамі са спелымі чарніцамі і суніцамі, імклівай рэчкі Бярэзіны, куды беглі асвяжацца ў вадзе і дзеці, і дарослыя пасля цяжкай працы на сенажаці.
 

Кімейшы напісалі бацькам пісьмо ў Шчучы Бор, што сумуюць па Беларусі, вельмі хочацца дахаты, да радні. І вярнуліся ў 1964 годзе. Вярнуўшыся ў родную вёску, Іван і Зінаіда купілі хату ў гаспадароў, якія выехалі на пражыванне ў Крым.
Іван Міхайлавіч пайшоў на працу ў калгас “Іскра” трактарыстам, умела выконваў усе віды палявых работ і быў аўтарытэтным механізатарам у калектыве і паважаным чалавекам у вёсцы. У 55-гадовым узросце выйшаў на ільготную пенсію, і яшчэ сем гадоў працаваў у калгасе механізатарам. Пражыў 81 год.
Зінаіда Уладзіміраўна працавала паляводам у калгасе, а з 1966 года, калі ў хаце Кімейшаў адкрылася Шчучаборская пачатковая школа, перайшла працаваць тэхнічным работнікам. Але і ў перыяд працы ў школе не адказвала калгасу ў праполцы ільну і буракоў. Пражыла 89 гадоў.

Аб працавітасці сям’і Кімейшаў сведчыць тое, што яны трымалі вялікую ўласную гаспадарку: два кані, 3-4 каровы, 10 свіней, больш 10 авечак, куры.
Дачка Кімейшаў Валянціна ў 1977 годзе закончыла Даўнарскую сярэднюю школу і адразу паступіла ў Віцебскае тэхнічнае вучылішча лёгкай прамысловасці №19, дзе атрымала прафесію “закройшчык жаночага і дзіцячага адзення”. Пасля тэхнічнага вучылішча Валянціна паступіла на дзённае навучанне Мінскага тэхналагічнага тэхнікума, дзе пасля заканчэння атрымала дыплом тэхніка-тэхнолага швейнай вытворчасці.
 

У 1982 годзе аддзел адукацыі райвыканкама прапанаваў Валянціне Іванаўне працу ў Іўеўскай дапаможнай школе-інтэрнаце настаўніка працоўнага навучання. У перыяд працы яна паступіла на завочнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага, дзе атрымала спецыяльнасць “настаўнік дапаможнай школы-інтэрната, алігафрэнапедагог дашкольных устаноў”. Але па-ранейшаму працягвала працаваць настаўнікам працоўнага навучання.
 

З 2015 года Валянціна Іванаўна працуе выкладчыкам швейнай справы ў Іўеўскім дзяржаўным каледжы. Калі раней тут штогод набіралася група дзяўчынак – навучэнцаў, якія атрымоўвалі прафесію краўчыхі, то цяпер у каледж прывозяць кожную суботу на заняткі па швейнай справе вучаніц 10-11 класаў усіх школ раёна.
У 1982 годзе Валянціна Кімейша выйшла замуж за хлопца з Іўеўшчыны, з вёскі Апіта, Вацлава Цыбульскага. Вацлаў Емельянавіч мае 40-гадовы вадзіцельскі стаж працы ў райсельгастэхніцы, райсельгасхіміі. Цяпер на пенсіі, але працягвае працаваць шафёрам у Іўеўскай раённай бальніцы.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12764/2025/10/4/GOYTcOVmoFDKugWtXukpF2DLqtTnUWGR3_w9k3VM2cBS_a0Mn8fJ5NBa50J5LcfgIOhMipRS2BdCd4JGIxfMTmQ_.jpg
Міхаіл Іванавіч і Анастасія Андрэеўна Кімейшы

Сын Івана і Зінаіды Кімейшаў Іван, 1962 г.н., закончыў Даўнарскую сярэднюю школу ў 1979 годзе і паступіў у Рыжскае мараходнае вучылішча. Пасля яго заканчэння служыў на ваеннай падводнай лодцы, база якой была ў Балтыйскім моры каля гарадоў Клайпеда і Ліепая. 
У 1984 годзе Іван ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Святланай, якая была родам з вёскі Бакшты. Маладая сям’я вырашыла пераехаць жыць і працаваць на Іўеўшчыну, на малую радзіму Святланы – у Бакшты. Пасля пераезду ў Бакшты, Іван Кімейша працаваў газазваршчыкам у калгасе імені Ульянава. Сын Івана і Святланы Сяргей пражывае і працуе ў Мінску. Дачка Наталля ў Гродне – выхавальнік дзіцячага сада. 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег Ігліцкі.
Працяг будзе.