Гістарычная Даведка
Вёска Шчучы Бор размешчаная ў Бакштаўскім сельсавеце. У канцы ХIХ – пачатку ХХ ст. – урочышча ў Юрацішкаўскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1905 годзе — 4 жыхары, 22 дзесяціны зямлі, уласнасць Радкевіча. У 1921 годзе 15 двароў, 92 жыхары. З 12.10.1940 года – хутар (22 двары, 114 жыхароў) у Даўнарскім сельсавеце Юрацішкаўскага раёна.

25 чэрвеня 1951 года рашэннем Юрацішкаўскага раённага выканаўчага камітэта на базе хутарскіх прыватных гаспадарак Шчучага Бору быў створаны калгас імя Будзённага. Ён праіснаваў 9 месяцаў і 17 сакавіка 1952 года разам з іншымі вёскамі Даўнарскага сельсавета быў далучаны да калгаса “Змагар”Лаздунскага сельсавета.
У 1960 годзе Юрацішкаўскі раён быў далучаны да Іўеўскага. З 20.12.1960 года Шчучы Бор – у Бакштаўскім сельсавеце. 15.02.1968 года з калгаса імя Ульянава Бакштаўскага сельсавета выдзеліўся калгас “Іскра”. У яго ўвайшлі землі былога калгаса “Змагар” – вёскі: Барсукі, Вольдзікі, хутар Волка, Гудзішкі, Гудзяняты, Даўнары, Дзевергі, Жыдзевічы, Замошша 1, Замошша 2, Зубавічы, Мягавічы, Асігіры, Пасолі, Сматра, Старое Козінава, Шашкі, Трыбунава, Лаўкенікі, Янцавічы і Шчучы Бор.
У 1970 годзе ў Шчучым Бары 159 жыхароў. У 1986 годзе – 37 двароў, 96 жыхароў у складзе калгаса “Іскра”. У 1999 годзе – 19 двароў, 35 жыхароў. З 1986 года знаходзіцца ў зоне радыёактыўнага кантролю.

Даехаць да Шчучага Бору можна асфальтаванай дарогай па маршруце Іўе – Даўнары. Гэта адлегласць складае 23 км. Ад Даўнараў да Шчучага Бору ідзе гравійная дарога праз вёскі Гудзішкі, Барсукі даўжынёй 5 км. Уся адлегласць з Іўя да Шчучага Бору складае 28 км.
Каля Шчучага Бору не было вялікіх палёў, бо нават соткі зямлі пад пасевы яго жыхарам давалі каля суседніх вёсак. Каля хатаў былі толькі агароды. Вёску шчыльна акружаў лес і сенажаці. Хаты жыхароў стаялі на ўзгорках сярод лесу, пры дарозе, некаторыя на беразе ракі Бярэзіна. Цяпер некаторыя хаты на дачы купілі гараджане.
Калісьці ў вёсцы ў большасці пражывалі праваслаўныя беларусы, якія наведвалі і маліліся ў Бакштаўскай царкве Святога Панцеліймона. Меншасць жыхароў вызнавалі каталіцызм і былі парафіянамі касцёла Святых Сымона Юды – Тадэвуша ў вёсцы Лаздуны.
Лепшай назвы, чым «Шчучы Бор», не прыдумалі
На традыцыйным мерапрыемстве “Калядныя сустрэчы” работнікаў адукацыі раёна да мяне падышла выкладчык Іўеўскага дзяржаўнага каледжа Валянціна Іванаўна Цыбульская і сказала:

“Вы пішаце пра вёскі Іўеўшчыны. Напішыце пра нашу вёску Шчучы Бор. Мы, былыя жыхары вёскі, дапаможам вам у зборы інфармацыі”.
Мяне заінтрыгавала ў першую чаргу сама назва вёскі Шчучы Бор. Драпежная рачная рыба шчупак і сасновы бор… Здаецца, што можа аб’ядноўваць гэтыя два словы, якія не маюць нічога агульнага? А калі паразважаць глыбей, то аб’ядноўвае іх наша беларуская прырода.

Калі паглядзець на фотаздымкі вёскі з касмічнага спадарожніка, то наглядна бачна, як сярод бязмежнага, цёмна-зялёнага лесу, выдзяляюцца пяць большых светлых астраўкоў на пясчаных узгорках і два маленькія. Гэта калісьці жыхары з недалёкіх мясцін, каб надоўга пасяліцца тут, адваявалі ад лесу лапіны зямлі: выкарчавалі дрэвы, пабудавалі хаты і гаспадарчыя пабудовы, узаралі зямлю пад пасевы. Тых першых жыхароў можна сапраўды назваць ляснымі рабінзонамі, смелымі і працавітымі людзьмі, якія не чакалі міластыні ад прыроды, а без страху перад цяжкасцямі яе асвойвалі.

Калі паглядзім на геаграфічную карту Іўеўскага раёна, то бачым, што Шчучы Бор пачынаецца ў 300 метрах ад ракі Бярэзіна. Мясцовасць поймы ракі – нізкая, забалочаная. Лес вакол вёскі, які жыхары называлі борам, таксама ў забалочанай мясцовасці. І толькі астраўкі на лясных выспах, выбраныя людзьмі для жылля, узвышаліся над нізінамі і надзейна бераглі лясных насельнікаў у час прыродных стыхій.
Адной з такіх стыхій была вясенняя паводка. Калісьці зімы былі марозныя і снежныя. Снегавое покрыва дасягала больш метра. У час масавага раставання снегу рака Бярэзіна выходзіла з берагоў, разлівалася. У многіх месцах затапляла пойму, навакольны лес. Хаты на хутарах, якія бліжэй да рэчкі, надзейна стаялі на ўзгорках. А вось да хлявоў вада падыходзіла, залівала платы агароджаў і агароды.

Крыгаход на Бярэзіне ў сакавіку ішоў бурна, крыгі лёду плылі ўніз па цячэнні вады, ламалі ўсё на сваім шляху: вырывалі лазу і дрэвы з карэннем, зносілі самаробныя масты, якія мясцовыя калгасы будавалі для перагону жывёлы на пашы ўлетку.
Вясенняя паводка затапляла нізіны на лугах Бярэзіны і трымалася да месяца. У гэты перыяд з Нёмана ў рэчкі, рачулкі і нават у меліярацыйныя канавы заходзіла на нераст рачная рыба: шчупак, акунь, лешч, язь, карась, плотка, краснапёрка і іншыя.
Браканьерства ў тыя часы каралася. Але паласавацца рыбай жадалі многія. Лавілі рыбу сеткамі, крыгамі (брадамі), донкамі, вудамі. Па ўспамінах старажылаў на Бярэзіне была не адна затока каля Шчучага Бору, куды заходзілі на масавы нераст шчупакі. Мяса гэтай рыбы смачнае, тугое, не касцістае. Аднераставаўшы на цёплай стаячай вадзе ў затоках, шчупакі выходзілі ў рэчку, а частка іх, як і іншай рыбы, заставалася ў затоцы. Пасля спаду вады затока перасыхала і ператваралася ў азярцо. Былі і іншыя ямкі, дзе рыбакі лавілі летам шчупакоў і іншую рыбу, якая не паспела ўцячы ў Бярэзіну.
Дзеці з хутароў муцілі ямкі лазовымі кошыкамі і таксама вярталіся дахаты з уловам. Шчучаборцы смажылі рыбу на алеі, на свіным жыры, у смятане. Свежая рыба на стале вяскоўцаў заўсёды дабаўляла разнастайнасць да звычайных сялянскіх страў.

Дзякуючы рачной паводцы шчупакі плылі па затопленай пойме рэчкі і даплывалі да бору, да якога блізка падступала вада. Таму сярод мясцовых жыхароў замацавалася тапанімічная назва ўрочышча Шчучы Бор. Гэтая назва перайшла і ў назву вёскі, у якую ўвайшлі бліжэйшыя хутары. Лепшай назвы для вёскі, чым Шчучы Бор, не прыдумалі.
Сёлетняй вясной у красавіку, на чацвёрты дзень пасля вялікадня, з ураджэнкай Шчучага Бору Вялянцінай Цыбульскай мы наведалі яе родную вёску.

Быў цёплы красавіцкі дзень. Вясна набірала сілу. У лесе шчабяталі птушкі. Цвілі грушы ў садах хутароў, чаромха на ўзбочынах лясных дарог. Водар чыстага паветра сасновага бору і лёгкі цёплы ветрык на ўзбярэжжы Бярэзіны ласкава сустрэлі нас. Ад рэчкі мы прайшліся лясной дарогай і заглянулі на ўсе хутары, якія тут захаваліся. Лес і навакольная прырода так блізка, што заглядваюць у вокны хутаран. Толькі пабыўшы ў Шчучым Бары пачынаеш разумець, чаму людзі сяліліся тут і любілі хутарское жыццё.
Многіх хутароў за даўнасцю часу ўжо няма, захаваліся толькі каменныя падмуркі, у якіх цвілі лясныя кветкі: сіні барвінец і блакітныя фіялкі, белыя падснежнікі, як памяць аб тых, хто будаваў вёску, жыў тут і прадаўжаў род сялян – шчучаборцаў.

Хтосьці з дзяцей прадаў хаты бацькоў на вываз. Але ёсць і тыя, якія берагуць хаты бацькоў, даглядаюць іх, як родную і святую спадчыну. Сярод іх і Валянціна Іванаўна Цыбульская. У розныя поры года яна рэгулярна з сям’ёй наведвае бацькоўскую хату, прыводзіць у парадак двор, садзіць кветкі, агарод. Тут Цыбульскія чэрпаюць духоўныя сілы, паглядзеўшы на фотаздымкі дзядоў і бацькоў у рамках на сцяне, пасядзеўшы за сталом, дзе сядзелі калісьці ўсёй сям’ёй у дзяцінстве, датуліўшыся да печы, у якой руплівая мама пякла бліны і пірагі.

Валянціна Іванаўна ад душы сказала: “Мы едзем сюды з мужам і дзецьмі не толькі прывесці хату і двор у парадак. Любім прыехаць адпачыць, сабраць ягады і грыбы ў лесе. Вам не расказаць. Так хочацца ў Шчучы Бор.”
Шчырыя словы Валянціны Цыбульскай сталі загалоўкам публікацыі пра родную вёску.
Алег Ігліцкі. Працяг будзе.






