Масленіца – вясёлае народнае свята, у час якога адбываецца развітанне з зімой. Гэта свята ў народным календары займае асобнае месца. Нашы продкі ўспрымалі яго як пачатак новага жыцця і ўшаноўвалі сонца, што абуджае ўсё жывое.
Святкаванне Масленіцы з’яўляецца традыцыйным у Трабскай сярэдняй.

Сёлета Масленічны тыдзень завяршыўся такімі словамі:
У нас сёння Масленіца,
Прыляцела ластавіца,
Села на жэрдачку,
Шчабятала вестачку.
Ластавіца песню спела,
Назад у поле паляцела…
Спачатку дзеці вадзілі карагод вакол вогнішча і заклікалі вясну. Затым вядучыя высвятлялі, якая страва пераважае на Масленічным тыдні, з чым на свяце суадносіцца блін? Былі прапанаваны традыцыйныя святочныя забавы, народныя загадкі.
Вучні даведаліся, што першы день Масленкі называлі “Сустрэчай” ці “Стрэчанне”. У гэты дзень Масленку сустракалі і велічалі. Нашы вучні зрабілі гэта з дапамогай вясёлых прыказак і прымавак.

Другі дзень Масленіцы называўся “Зайгрышы” ці “Загвіны”. У гэты дзень каталіся з гор, каб рос доўгі лён. Вось і вучні вызначалі, у якіх гаспадароў лепшы лён вырасце ў гэтым годзе. Каманды павінны былі заплесці касу, толькі не з ільну, а з шалікаў.
Бліны – галоўны пачастунак на Масленіцу. Яны падобны да сонца, якому людзі вельмі рады пасля доўгай зімы. Так, у сераду на Масленіцу пяклі бліны і чакалі да сябе гасцей, каб пачаставаць іх.
Чацвёрты дзень Масленіцыі называўся “Дзень святога Уласа”. Лічылася, што ў гэты дзень павінен першы раз праспяваць жаваранак. Таму дзяцей чакала гульня: хлопцы атрымалі птушачак з паперы і адпраўлялі іх як мага далей. Чыя птушка паляцела далей, той і пераможца.
Пяты дзень Масленіцы называўся “Цешчыны вячоркі”. У гэты дзень зяці сваіх любімых цешчаў у госці запрашалі. Хата ў зяця павінна быць, канешне, вельмі прыбранай. Раней пыласосаў не было, хаты прыбіралі з дапамонай веніка. Каманды дзяцей былі запрошаны да ўдзелу ў эстафеце “Хто хутчэй на мятле”.

У шосты дзень Масленіцы нявестка збірала да сябе ў госці ўсю мужаву радню. А на вуліцах моладзь працягвала свае гулянні. На Масленіцу вялікая пашана была тым рэчам і дзеянням, якія нагадваюць сонца. І бліны круглыя ды жоўтыя, і колы, якія часта запальвалі, таксама круглыя. Нават на конях ездзілі вакол вёскі, каб адзначыць кола. Круцілі абручы, гулялі ў “Пятушыныя баі”, перацягвалі канат. А нашы вучні прынялі ўдзел у эстафеце “Паскачы ў мяшку”.
Нарэшце прыйшоў час зіму праганяць, вясну сустракаць! Усе ўдзельнікі свята спявалі, вясну заклікалі і ў гэты час спальвалі пудзіла Масленіцы.
А апошні сёмы дзень Масленіцы ў народзе называўся “Прабачальная бяседа”. У гэты вечар усе родныя прасілі прабачэння адзін у аднаго. Звычайна казалі: “Прабач, калі саграшыў перад табой справай ці языком”.

Свята адбывалася ў форме забаўляльна-гульнявой праграмы на прышкольнай тэрыторыі. Яно прайшло ў атмасферы радасці, весялосці. Гучалі песні, загадкі, вадзілі карагоды. Школьнікі прымалі ўдзел у спаборніцтвах, дзе праявілі спрыт, хуткасць і знаходлівасць. Забавы і гульні былі заснаваны на старадаўніх звычаях. Кульмінацыяй свята стала частаванне смачнымі блінамі з духмяным варэннем і чаем.
Свята нікога не пакінула раўнадушным. Дзякуючы такім мерапрыемствам, вучні нашай установы па-іншаму вучацца глядзець на народныя традыцыі і абрады. Прымаючы ўдзел у свяце, яны ў які ўжо раз упэўніліся, што наша краіна мае багатую культурную спадчыну, якую трэба захоўваць, распаўсюджваць і папулярызаваць.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
А. Астрамецкая, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.






