Уваскрасенне Пана — Вялікдзень — галоўнае па сваёй значнасці для ўсяго хрысціянства свята, яно нясе людзям вестку пра выратаванне і надзею на вечнае жыццё. Вядома, што кожнае рэлігійнае свята мае сваю багатую сімволіку, традыцыі і гісторыю. Хацелася б распавесці аб тым, якія традыцыі існуюць сёння і як сучаснае пакаленне ўзбагачае святкаванне Вялікадня.
Амаль чвэрць стагоддзя ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі пры Найсвяцейшым Сакрамэнце ў сімвалічнай грабніцы Пана нясуць варту міністранты. Такая варта мае назву “старожкі”.

Суполка міністрантаў налічвае больш трыццаці юнакоў, якія адказна і з энтузіязмам нясуць служэнне не толькі падчас літургіі, дапамагаючы святару, але таксама з’яўляюцца памочнікамі ў справах пры святыні.
Каб зразумець сэнс служэння пры гробе Езуса Хрыста, трэба звярнуцца да Евангелля. Адзін з фрагментаў апісвае, што пасля смерці на крыжы, цела Хрыста было пакладзена ў магілу. У той жа час рымскія ўлады вырашылі паставіць пры магіле Місіі варту, каб не даць паслядоўнікам Настаўніка з Назарэта забраць Яго цела.
На другі дзень, што быў пасля Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата і сказалі: «Пане, мы ўспомнілі, што ашуканец гэты, калі быў яшчэ жывы, сказаў: “Праз тры дні ўваскросну”. Таму загадаў вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўночы, не выкралі Яго і не сказалі народу: “Ён уваскрос”. І будзе апошні падман горшы за першы». Пілат адказаў ім: «Вось вам варта, ідзіце, засцеражыце, як умееце. Яны засцераглі магілу, запячатаўшы камень і паставіўшы варту (Мц 27, 62-66).
Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось адбыўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. Выгляд жа яго быў, як маланка, і адзенне яго было белае, як снег. Ад страху перад ім задрыжалі вартаўнікі і сталі як мёртвыя. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены, ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Яго, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам». І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням Яго (Мц 28, 1-8).
Калі зямля дрыжала, а ахоўнікі адчувалі страх і няўпэўненасць, Божая любоў здзейсніла план збаўлення. Ахоўнікі магілы Езуса сталі сведкамі цуду Уваскрасення, пра што потым і расказалі тым, хто іх паслаў.
Так і нашыя міністранты падобна да рымскіх жаўнераў, трываюць у варце, каб першымі стаць сведкамі галоўнай падзеі для ўсяго чалавецтва – Уваскрасення Сына Божага.

Хлопцы апранаюцца ў «мундзіры», што нагадваюць адзенне рымскіх жаўнераў часоў Хрыста. Юнакі нясуць варту пры гробе Пана, змяняючыся па чарзе кожныя 15 хвілін.
Незвычайная ініцыятыва патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі: загадзя хлопцы рэпеціруюць парадак выхаду на месца нясення варты, уладкоўваюць месца для адпачынку, а таксама рыхтуюць касцюмы. На варце важную ролю адыгрывае дысцыпліна: юнакі стаяць нерухома, не размаўляючы і трымаючы пры гэтым шчыты і коп’і.
Для задзейнічаных міністрантаў удзел у «старожках» — гэта магчымасць быць разам з Езусам і ў думках перанесціся на дзве тысячы гадоў таму, каб быць непасрэднымі ўдзельнікамі галоўнай падзеі ў гісторыі чалавецтва.
Са «старожкамі» я пазнаёміўся яшчэ ў дзяцінстве. Першы раз ішоў туды, не разумеючы да канца іх сэнс. З кожным годам мае ўяўленні змяняліся. Цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што гэта нешта большае, чым проста спатканне сяброў, гэта традыцыя мае глыбокі сэнс.

Стоячы ля сімвалічнага гроба Збаўцы, ты ўглядаешся ў фігуру памерлага Езуса, але і адначасова ў Яго Жывога, схаванага ў манстранцыю, ты адчуваеш, што Бог заўсёды побач, разумееш, якую вялікую ахвяру Ён заплаціў, каб ты жыў вечна.
Падчас перапынкаў ад варты ёсць магчымасць замацаваць літургічныя веды, пагуляць у гульні, выйсці на шпацыр па тэрыторыі касцёла або проста адпачыць на канапе.
На мой погляд, дзякуючы «старожкам», мы можам прывіваць хлопцам любоў да Бога, да яго запаведзяў.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Раман БУДНІК, студэнт 1-га курса Вышэйшай духоўнай семінарыі г. Гродна.
Фота Рамана Ярмаша.






