
Вядома, што ў Іўі не паспелі правесці мабілізацыю прызыўнікоў у чэрвені 1941 года. У 1940 годзе, у першы прызыў Заходняй Беларусі, пайшлі ў войска ўсяго толькі некалькі дзясяткаў маладых іўеўскіх хлопцаў. Сярод іх і быў Рубін Кінкулькін. Не думаў ён тады, што давядзецца перажыць у той жахлівы ваенны час.
Вось толькі адзін эпізод з успамінаў Рубіна Вульфавіча:
«Прарыў блакады Ленінграда, цяжкія баі на Арлоўска-Курскай дузе, фарсіраванне Дняпра… І вось наш 25-ты асобны танкавы корпус, які ўваходзіў у склад 4-ай Гвардзейскай танкавай арміі, ужо рухаецца па ўкраінскай зямлі, пядзь за пяддзю вызваляючы яе ад нямецкіх захопнікаў.
Маё сапёрнае аддзяленне на час баявых дзеянняў было аддадзена танкавай брыгадзе. Скамандавалі: «Па машынах!», і мы рушылі. Разведка выявіла на двух участках дарогі супрацьтанкавыя міны. У складаных умовах, у начны час, пад неперапынным мінамётным агнём і ўспышкамі асвячальных ракет ворага ўдалося ў дастаткова кароткі тэрмін размініраваць дарогу, абясшкодзіўшы 76 мін.
Здавалася, шлях свабодны. Але немец аказаў жорсткае супраціўленне. Раптам справа, з ускрайку лесу, па машыне, на якой знаходзілася наша аддзяленне, пачалі страляць немцы. Шафёр рэзка развярнуўся. Не ведаю як здарылася, але тры байцы апынуліся на дарозе. Сярод іх — і я. А машыны як і не было. Я тут жа прыняў камандаванне на сябе, і мы занялі абарону. Дзве з паловай гадзіны мы адстрэльваліся, не даючы немцам перакрыць дарогу. Раптам я ўбачыў, як ззаду да нас у поўны рост ідзе немец. На нямецкім я загадаў яму кінуць зброю, а тут з’яўляецца яшчэ адзін. Загадаў падпаўсці да нас. Аказалася, што гэта югаслаўцы, якія хочуць здацца ў палон.
Хутка я заўважыў нашу самаходку і паказаў ім на ўскрай лесу. Самаходка дала тры залпы. А тут пад’ехала і наша машына. Камандзір падышоў да мяне, абняў і сказаў: «Малайчына, Рубін! Слава табе!».
За адважную аперацыю па размініраванні дарогі, за абарончы бой з вызавам на сябе сіл праціўніка, за ўзяцце ў палон варожых салдат і дастаўку іх у асобы аддзел Рубін Кінкулькін быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.
У 1987 годзе на Дзень Перамогі ветэраны-зенітчыкі сабраліся ў маскоўскім рэстаране «Прага». Юрый Нікулін і Рубін Кінкулькін ніколі не прапускалі сустрэчы аднапалчанаў. Там і быў зроблены гэты здымак, які трапіў у наш музей дзякуючы Тамары Майсееўне Барадач.
Усю вайну Рубіна не пакідала думка пра сваіх родных, якія засталіся ў акупіраваным Іўі. Сэрца балела па бацьках, па каханай, якая абяцала дачакацца. Ні водной вестачкі за ўсе доўгія гады вайны. Ён і не ведаў, што няма ўжо ў жывых самых блізкіх людзей, суседзяў, яўрэйскай абшчыны мястэчка Іўя. А іх не стала 12 мая 1942 года. Нікога з вялікай сям’і Кінкулькіных. Пра гэта Рубін Вульфавіч даведаўся толькі ў 1945 годзе падчас прыезду ў Іўе.

Шмат гадоў ён жыў у Маскве. Затым ў ЗША. Да яго з вялікай павагай адносіліся як яўрэі-землякі, так і яўрэі, з якімі лёс звёў Рубіна за мяжой. Заўсёды прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці амерыканскай Асацыяцыі яўрэяў з быўшага СССР, калектыву Тэатра мініацюр і эстрады, Асацыяцыі ветэранаў вайны.
Рубін Кінкулькін выступаў на канцэртах, прысутныя любілі слухаць яўрэйскія песні ў яго выкананні, іграў ў спектаклях самадзейных тэатраў, арганізаваў групу аматараў ідыш, дзе навучаў маладое пакаленне роднай мове. Падтрымліваў сувязь з многімі іўяўчанамі-яўрэямі ва ўсім свеце. Удзельнічаў у зборы сродкаў на ўзвядзенне мемарыяльнага помніка ў стоневічскім лесе. І заўсёды сумаваў аб самым лепшым горадзе Зямлі — месцы, дзе нарадзіўся і жыў — Іўі. Любімым мястэчку дзяцінства і юнацтва, мястэчку, якое заўсёды прыходзіла ў снах.

Рубіна Вульфавіча не стала ў снежні 2018 года. Ён не дажыў да свайго 100-годдзя тры з паловай месяцы. Але ён ніколі не пакідаў надзеі на тое, што надыдзе той час, калі яго сям’я прыедзе на радзіму свайго дзядулі і прадзядулі. Пройдзе вуліцамі мястэчка, спыніцца каля старога млына і адведае чыстай вады з іўеўскай крыніцы, узгадае сваіх продкаў і ўшануе памяць пра іх.
М. ПАЗНЯК,
старшы навуковы
супрацоўнік музея
нацыянальных культур.






