Канстанцін Давыдавіч Побаль – яркая асоба, чыё жыццё і дзейнасць пакінулі вялікі след у гісторыі нашага краю. Настаўнік і дырэктар школы са шматгадовым стажам, ён не толькі выхаваў мноства пакаленняў вучняў, але і актыўна ўдзельнічаў у жыцці грамадства як ветэран працы і краязнаўца. Яго баявыя заслугі падчас Вялікай Айчыннай вайны адзначаны медалямі «За баявыя заслугі» і «За адвагу», а таксама ордэнам Айчыннай вайны II ступені. У дадатак да гэтых узнагарод, Канстанцін Давыдавіч быў удастоены 16 юбілейных медалёў і розных узнагарод за добрасумленную працу.

Пайшоў ваяваць падлеткам
Канстанцiн Побаль нарадзiўся ў цудоўным кутку Беларусi, ў вёсцы Мiкалаева Лелюкінскага сельсавета. Яна раскiнулася на беразе Нёмана, магутнай ракi, сiла якой напаўняла жыццём i натхняла свайго сына.

Бацька Давыд Мiхайлавiч Побаль быў паважаным чалавекам у вёсцы, адукаваным, царкоўным старастам у Мiкалаеўскай царкве.

Старэйшыя сыны Давыда Побаля абаранялi Радзiму ў гады Вялiкай Айчыннай вайны: Леанiд i Канстанцiн пайшлi ў партызаны, а Мiкалай дайшоў да Усходняй Прусii, дзе быў паранены пад Растенбургам. Пасля вайны сям´я рана засталася без бацькi. Ён раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу 20 лiпеня 1948 года.

Стаяць (злева направа): прозвiшча невядома, сын Дзмiтрый Побаль, Давыд Мiхайлавiч Побаль, дачка Нiна Побаль, прыкладна 1946 год

У асабiстым лiстку па ўлiку партызанскiх кадраў значыцца, што Канстанцiн Давыдавiч Побаль прыбыў у атрад 20 красавiка 1944 года з вёскi Мiкалаева Юрацiшкаўскага раёна Баранавiцскай вобласцi, у якасцi радавога быў прыняты ў атрад iмя Чкалава, якi дзейнiчаў на тэрыторыi Iўеўcкага раёна Баранавiцкай вобласцi. Знаходзячыся ў атрадзе, К. Побаль прымаў удзел у «рэйкавай вайне». Яго партызанская дзейнасць закончылася 25 лiпеня 1944 года.
За гэтай кароткай даведкай — жыццё i барацьба 16-гадовага падлетка ў гады вайны.
Ворагу за людское гора
Канстанцiн Давыдавiч успамiнае: «Чэрвень 1944 года. Партызанскi атрад iмя Чкалава размяшчаўся у вёсцы Барава Лелюкiнскага сельсавета. Наш узвод толькi што вярнуўся з баявога задання. Усе змарылiся. Бой быў цяжкiм, пераход вялiкi. Партызаны размясцiлiся на адпачынак: хто ў хатах мясцовых сялян, хто ў хляве, а некаторыя прама ў дварах – было горача. I раптам трывога. Пасля пастраення камандзiр атрада Флор Раманавiч Зайцаў прыказаў: “Наперад!”, i наш партызанскi атрад рушыў у бок Бакшт. Было гэта 18 чэрвеня. Мiнулi Чэрневiчы, Бакшты, Пацэвiчы, далей праз пушчу пайшлi партызанскай сцежкай. Iшлi мы ўсю ноч. Недзе ў поўнач пачулiся моцныя выбухi ў баку гарадоў Баранавiчы i Лiда, водблескi пажараў былi вiдаць на многiя кiламетры. Праз некаторы час на ўсход праляцелi нашы самалёты.
Гадзiн у 12 дня 19 чэрвеня наш атрад спынiўся ў лесе за Бакштамi. Да яго далучылiся i iншыя атрады нашай брыгады. Сустрэлiся знаёмыя партызаны з атрадаў “Большевик” i iмя А. Неўскага. Тут было камандаванне i брыгады “Вперёд”. Усяго нас, узброеных партызан, больш чым за трыста чалавек. Пасля кароткага адпачынку рушылi далей. Напрамак узялi на вёску Вiшнева».
Хiба ж мог уявiць сабе 16-гадовы хлопец, што апошнiя 33 гады яго жыцця пройдуць у гэтых мясцiнах? Тут ён будзе працаваць дырэктарам школы, настаўнiкам гiсторыi, тут народзiцца жаданы сын Андрэй, тут ён пабудуе з жонкай свой дом.

Канстанцiн Давыдавiч Побаль з сынам Андрэем, в. Вiшнева, 9 мая 1977 года

Канстанцiн Давыдавiч Побаль з сынам Андрэем, в. Вiшнева, люты 1984 года
«Куды мы iдзём – нiхто з нас хлопчыкаў-партызан, ды i дарослых не ведаў: адны казалi, што iдзём грамiць Валожынскi гарнiзон, другiя – што iдзём на злучэнне з часцямi Чырвонай армii. У гадзiн 5 дня прыйшлi мы на нейкiя спаленыя дамы. З зямлянак выйшлi жанчыны i малыя дзецi. Вакол папялiшчаў расло жыта. Яно ўжо каласiлася. Жанчыны нам далi папiць халоднай вады. Яны расказалi, што хаты спалiлi карнiкi, а хто не паспеў схавацца, то пагналi ў Нямеччыну, цi расстралялi. Нас 16-17-гадовых хлапчукоў было ў брыгадзе шмат. Розны лёс прывёў у партызаны: у адных бацькоў забiлi карнiкi, другiя пайшлi самi бiць ворагаў за здзекi над нашым народам. Былi падлеткі з Мiнска, другiх гарадоў Беларусi. У ўсiх было жаданне – адпомсцiць ворагу за забойствы, гвалт, рабаванне i знiшчэнне нашых людзей. Перад хутарамi наша брыгада спынiлася».
Пазней Канстанцiн Давыдавiч напiша: «Прайшло шмат гадоў пасля таго, як я са сваiмi баявымi аднагодкамi ў тыя далёкiя чэрвеньскiя днi 1944 года iшоў на чыгунку дапамагаць Савецкай армii вызваляць родную Беларусь. Я наведаў тыя мясцiны. Хутары, пра якiя я ўспамiнаў – гэта Шулойцi».
«Канцэрт» прайшоў паспяхова
«На левым высокiм беразе рэчкi Бярэзiна затрымалiся. Тут застаўся наш абоз, якi вёз амунiцыю, сухары. Тут наш атрад дагнаў мой аднафамiлец i аднавясковец, мой баявы сябар Аркадзiй Мiкалаевiч Побаль.
Ён расказаў мне пра вынiкi бою, якi мы вялi напярэдаднi. Праз рэчку перапраўлялiся ўброд. Затым перайшлi праз рэчку Гальшанка, ўвайшлi ў густы лес i сталi рухацца па варожых акопах першай сусветнай вайны. Гэта была першая траншэя германскiх войск. За траншэямi, недалёка адзiн ад другога, стаялi замшэлыя, цвiлыя i мокрыя доты. Амбразуры ад кулямётных гнёздаў прасвечвалiся з трох бакоў гэтых пачвар. Падобнага мы не бачылi на рускай лiнii абароны. Адзiн за адным мы выйшлi на нейкую заросшую травой i хмызняком дарогу. Было ўжо каля дзесяцi гадзiн вечара. Пачулася каманда: “Прывал!”. Мы прыпiнiлiся недалёка ад Вiшнева. Тут перад намi паставiлi баявую задачу: пашкодзiць жалезнадарожнае палатно, каб спынiць рух паяздоў па жалезнай дарозе Лiда-Маладзечна. Нас пачалi размяркоўваць, хто ў якую групу ўвойдзе. Хто меў аўтаматычную зброю, яго залiчвалi ў штурмавую групу, былi вызначаны падрыўныя групы i ахоўныя. Узрыўчатку даставiлi партызанам з Вялiкай зямлi самалётамi.
Было ўжо сонца на захадзе, калi пачулася каманда “Наперад!”. I рушыла наша партызанская сiла далей. Наперадзе паехала на конях разведка. Затым пайшлi штурмавыя групы. Iх было дзве па 75 чалавек у кожнай. У задачу гэтых дзвюх груп уваходзiла: непрыкметна падысцi да чыгункi i знiшчыць ахову, стварыць умовы для бяспечнага падыходу да жалезнадарожнага палатна групам падрыўнiкоў, якiя закладуць узрыўчатку i падпаляць шнур.
Засаднай групе, куды ўваходзiла наша рота, было прыказана заняць абарону на ўзлеску для таго, каб адбiць цi хоць бы спынiць раптоўнае нападзенне ворага з тылу, або на выпадак непрадбачнага адыходу партызан з чыгункi. Разведка ўстанавiла, што напярэдаднi “рэйкавай вайны” (так увайшла гэтая аперацыя беларускiх партызан у гiсторыю Вялiкай Айчыннай вайны i ў сусветную), недалёка знаходзiлася банда ў колькасцi 60 чалавек, узброеная нямецкай зброяй. Ад бандытаў можна было чакаць нядобрага ў любую хвiлiну. Наша камандаванне ўсё прадумала загадзя.
Роўна ў адну гадзiну 20 чэрвеня аперацыя пачалася агнём аўтаматчыкаў i кулямётчыкаў, ахова была знiшчана, частка ўцякла. Доты былi падаўлены. Фашыстаў захапiлi знянацку. Падрыўныя групы хутка пачалi падкладваць толавыя шашкi, запальваць бiкфордавыя шнуры. Тут i пачаўся “канцэрт” (кодавая назва гэтай аперацыi). Затым з боку жалезнай дарогi данеслiся ўзрывы. Пачулася каманда адыходзць ад чыгункi.
На ўсходзе пачало святлець. «Канцэрт» закончыўся паспяхова. З боку партызан не было забiтых або параненых. У раёне жалезнадарожнага раз´езда Вайганы было ўзарвана 580 рэек, знiшчана тэлефонна-тэлеграфная сувязь, перабiта ахова. 22 чэрвеня атрад без страт вярнуўся на базу. Пазней нам стала вядома, што фашысты так i не змаглi аднавiць рух паяздоў па жалезнай дарозе на прагоне Лiда — Маладзечна. У гэты час партызанская брыгада “Неуловимые” пад камандаваннем Анатолiя Рыгоравiча Марозава разграмiла жалезнадарожную станцыю Юрацiшкi, знiшчыла фашысцi гарнiзон, спалiла варожы эшалон. Партызаны брыгады iмя Дзяржынскага падарвалi некалькi сотняў рэек памiж станцыямi Гаўя i Юрацiшкi. Вось якi сюрпрыз акупантам прыпаднеслi народныя мсцiўцы напярэдаднi грандыёзнага наступлення Савецкай армii, якое закончылася поўным вызваленнем Беларусi ад нямецка-фашысцiх захопнiкаў».
Каб нашчадкі не ведалі вайны
Канстанцін Побаль праз трыццаць гадоў пабываў у тых мясцiнах, дзе прымаў удзел у «рэйкавай вайне». Ён пiша: «Прыпомнiў баявых сяброў, хто i цяпер сярод нас у мiрным строi. З болеем у сэрцы адазвалася памяць аб сябрах, якiя не дажылi да вялiкага свята Перамогі. Мы, былыя ўдзельнiкi баявых паходаў, павiнны зрабiць усё, каб нашыя нашчадкi нiколi не забывалi тых, хто не вярнуўся з поля бою».

Канстанцiн Давыдавiч Побаль, Дзмiтрый Цiханавiч Волiкаў, в. Мiкалаева, лiпень 1985 года
Усё сваё жыццё Канстацiн Давыдавiч заставаўся верным гэтаму прынцыпу. Працуючы ў школе, ён сам кожны год з вучнямi адпраўляўся ў пешыя паходы або экскурсii па мясцiнах баявой славы i iнiцыяваў паходы сваiх калег, ладзiў сустрэчы з удзельнiкамi i ветэранамi Вялiкай Айчыннай вайны.

Давыдавiч Побаль, Яўгенiй Журомскi, Пётр Канстанцiнавiч Магер, Платон Бахановiч, в. Мiкалаева, лiпень 1985 года
I заўсёды ў яго кiшэнi былі вучнёўскi сшытак або аркуш паперы, ручка або аловак. Кожны чалавек быў для яго цiкавым суразмоўцам, з кожным знаходзiлiся тэмы для гаворкi, а затым гэтыя гутаркi запiсвалiся, апрацоўвалiся i ператваралiся ў артыкулы.
Па публiкацыях Канстанцiна Побаля можна вывучаць гiсто-рыю роднага краю. Ён звяртаўся да самых розных перыядаў i тэм: жыццё i барацьба народа ў час уваходжання Заходняй Беларусi ў Польскую Рэспублiку, перыяд Вялiкай Айчыннай вайны, знакамiтыя людзi , цiкавыя падзеi, артыкулы аб гiстарычных помнiках, аб выхаваннi моладзi i г. д.
Кліч радзімы
Пасля вяртання дамоў Канстанцiн Побаль праз кароткi час адправiўся разам са сваiмi землякамi ў Сiбiр, каб сваёй працай у тыле дапамагаць бiць ворага. Сярод iх былi i аднавяскоўцы: Васiль Бахановiч, Антон Мiнюк i iншыя.
Цяжкай была дарога на Ўсход. Цягнiк халодны, харч, што ўзялi з дому, за два-тры днi з´елi. Кiпень паравозны ды сухары – вось i ўвесь харчовы набор. Косця Побаль 10 кастрычнiка 1944 года быў залiчаны ў школу ФЗН (фабрычна-завадское навучанне) №37 горада Каменск-Уральскi пры Уральскiм алюмiнiевым заводзе, а з лiпеня 1945 года быў прыняты на працу электролiзнiкам ў электролiзны цэх №7.

Але смутак па малой радзiме прымусiў яго прыняць рашэнне вярнуцца дамоў. У жнiўнi 1946 года Косця вярнуўся ў родныя мясцiны. Ён працягнуў вучобу ў школе, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У краiне быў вялiкi недахоп настаўнiкаў, асаблiва ў заходнiх абласцях, якiя ў 1939 годзе былi вызвалены Чырвонай армiяй. У 1948 годзе Канстанцiн паступiў у Навагрудскае педагагiчнае вучылiшча, а роўна праз год пачаў працаваць настаўнiкам 1-4 класаў Дзеляцiчскай НСШ у Любчанскiм раёне.
Увесь працоўны шлях К. Побаля складае 41 год, з iх на настаўнiцкай дзейнасцi 39 гадоў, у тым лiку на пасадзе дырэктара школы – 23 гады. За сваю шматгадовую працу К. Побаль атрымаў шмат грамат i падзяк ад раённых i абласных улад, ад грамадскiх арганiзацый за актыўны ўдзел у выхаваннi насельнiцтва, моладзi, у працы арганiзацый таварыства Чырвонага Крыжа, у прапагандзе ведаў сярод насельнiцтва, за лепшыя даклады ў рамках педагагiчных чытанняў. К. Побаль за шматгадовую добрасумленную працу быў узнагароджаны ў 1988 годзе медалём «Ветеран труда», двойчы ўзнагароджваўся знакам «Победитель социалистического соревнования 1974 года » i «Победитель социалистического соревнования 1975 года».

У цэнтры сядзiць дырэктар Чарашлянскай ПШ, настаўнiк 4-га класса Канстанцiн Давыдавiч Побаль
Падарункам для Канстанцiна Давыдавiча былi шчырыя словы падзякi яго былых вучняў. Калi Канстанцiн Давыдавiч выйшаў на пенсiю, з´явiлася магчымасць больш часу ўдзяляць сваiм даследаванням.
Нават будучы цяжка хворым, Канстанцiн Давыдавiч не перапыняў адносiны са сваiмi землякамi, баявымi сябрамi.

У другiм радзе стаiць (чацвёрты злева): дырэктар Князiкоўскай ВШ Канстанцiн Давыдавiч Побаль


Класны кiраўнiк Канстанцiн Давыдавiч Побаль i першая настаўнiца Яўгенiя Пятроўна Бяроза з вучнямi 10 «А» класса, Вiшнеўская СШ, май 1985 года
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Iрына Пупа.






