Вёска Шчучы Бор заканчвалася асяродкам, які мясцовыя жыхары называлі Ліпніскія, а некаторыя казалі Кутавыя. Тут стаялі па лесе ўздоўж дарогі 12 хатаў, у якіх пражывалі сем’і Стэцкіх, Кішкеляў, Каваленкаў, Чарвякоў, Пятровічаў, Лапуцёў, Калевічаў, Барысевічаў. Недалёка ад іх пражывала сям’я Заброцкіх. Сем’і, якія пражывалі ў Ліпніскіх, былі амаль усе вялікія, шматдзетныя.
Гаспадар Павел Заброцкі працаваў да вайны лесніком. У жніўні 1944 быў прызваны на фронт і загінуў на полі бою. Месца яго пахавання невядомае. Жонка Паўла Юзэфа, 1901г. н., пякла ў гады вайны хлеб партызанам. Калі муж не вярнуўся з вайны дамоў, усе сямейныя цяжкасці ляглі на плечы жанчыны. Ёй дапамагалі дзеці, якіх у сям’і было чацвера.
Старэйшая дачка Заброцкіх Леакадзія выйшла замуж за хлопца з Шчучага Бору Івана Чарвяка. Маладая сям’я пабудавала тут сваю хату. Іван працаваў лесніком у лясніцтве, а Лёдзя – у калгасным паляводстве. Іх дзеці: Галіна, Віктар, Мікалай, Васіль, Валянціна, Валянцін. Пасля смерці мужа Івана ў маладым узросце, Леакадзія выйшла другі раз замуж за Аляксея Пятроўскага з вёскі Даўнары. Яны мелі дачку Надзею, жылі ў Шчучым Бары і працавалі ў калгасным паляводстве. Усе дзеці Леакадзіі ўладкаваліся ў жыцці, пражываюць у Мінску, Мінскай вобласці.
Дачка Паўла і Юзэфы Яўгенія выйшла замуж за хлопца з вёскі Бяжэмцы Эдуарда Спеця. Яны пражывалі ў Бяжэмцах і працавалі ў паляводстве. У іх нарадзіўся і падрастаў сын Валодзя. У 1960-я гады сям’я паехала на заработкі ў Казахстан. Там у іх нарадзіўся другі сын Валера і дачка Надзея. У Казахстане сям’я працавала ў саўгасе і затрымалася тут надоўга. Два сыны — Валодзя і Валера — выраслі ў Казахстане, набылі прафесіі ветфельчараў і працавалі па спецыяльнасці. Яны па сённяшні дзень там жывуць.
А вось бацькі пастаянна жылі настальгіяй па Беларусі. Эдуард Спець памёр у Казахстане, а яго жонка Яўгенія з дачкой Надзеяй праз 40 гадоў вярнуліся на Іўеўшчыну ў Бяжэмцы. Купілі кватэру ў двухпавярховым доме ў Бакштах і пераехалі туды на пастаяннае жыхарства. Яўгенія атрымоўвала пенсію і пражывала з дачкой Надзеяй. Надзея Эдуардаўна Рэвера працавала сацыяльным педагогам, выхавальнікам у Бакштаўскім дзіцячым прыюце, а пасля яго закрыцця – педагогам-арганізатарам Бакштаўскай сярэдняй школы. Цяпер на пенсіі, пражывае ў Бакштах.
Меншая дачка Паўла і Юзэфы Заброцкіх Ганна выйшла замуж у Бяжэмцы за роднага брата Эдуарда Спеця Станіслава. Дзяцей у сям’і не было. Муж рана памёр. Ганна жыла адна ў хаце бацькоў мужа і працавала ў паляводстве. Але смелая і рашучая жанчына не пала духам у адзіноце. Яна другі раз выйшла замуж за ўдаўца з вёскі Шыльвы Яўгенія Кухту, 1928 г. н. Яго жонка Зінаіда памерла рана, у 1978 годзе, і пакінула мужа з 6 дзецьмі, двое якіх яшчэ былі школьнікамі. Сям’я Кухтаў жыла ў Шыльвах, а калі дзеці сталі паўнагадовымі, Яўгеній пераехаў у 1983 годзе ў Бяжэмцы.
З Ганнай яны жылі ў згодзе і чым маглі дапамагалі дзецям Яўгенія. Усе шасцёра дзяцей прыязджалі ў госці, і Ганна да ўсіх добра адносілася і гасцінна сустракала. Ганна і Яўгеній справілі вяселлі ў Бяжэмцах дзецям Тамары і Васілю.
Сын Паўла і Юзэфы Заброцкіх Віктар, 1934 г. н., атрымаў у спадчыну хату бацькоў у Шчучым Бары і працаваў лесніком Юрацішкаўскага лясніцтва. Ажаніўся ў 1959 годзе з дзяўчынай з вёскі Бяжэмцы Валерыяй Пуцік, 1938 г. н., якая родам з вёскі Бяжэмцы. Віктар, як і яго бацька, працаваў лесніком Юрацішкаўскага лясніцтва. Валерыя працавала ў паляводчай брыгадзе.
На жаль, Віктар пайшоў з жыцця рана, у 43 гады. Пакінуў вялікую сям’ю, у якой было шасцёра непаўнагадовых дзяцей. Дапамогі ні ад кога не было. Валерыя з узростам таксама не мела здароўя, каб працаваць. Хварэла астмай, мела другую нерабочую групу інваліднасці. Каб выжыць, сям’я Заброцкіх трымала ў гаспадарцы дзве каровы, каня, свіней, гусей, курэй. Касіць і вазіць сена для дамашняй жывёлы прыязджалі дапамагаць браты Валерыі Францаўны Іосіф з Бяжэмцаў і Янак з Зубавічаў.
Усе шасцёра дзяцей Заброцкіх змалку раслі працавітымі і прыстасаванымі да любых умоў жыцця. У сям’і, па парадзе маці, была такая дамоўленасць: хто з дзяцей заканчвае Даўнарскую сярэднюю школу, на год застаецца дома, даглядае меншых сясцёр і брата, кіруе работамі па хатняй гаспадарцы, а праз год паступае вучыцца ці ідзе працаваць. Старэйшым у хаце станавіўся наступны па ўзросту.
Старэйшая дачка Заброцкіх Аня, 1960 г. н., закончыла Ільянскі саўгас–тэхнікум і атрымала дыплом ветэрынарнага фельчара. Па размеркаванні паехала ў г.п. Рось Ваўкавыскага раёна і працавала ветэрынарам у мясцовым саўгасе. Там вый-шла замуж за Юрыя Нагорнага, які служыў прапаршчыкам у воінскай часці. У жніўні 2025 года Ганне Віктараўне споўнілася 65 гадоў. Яе тры сыны — Валерый, Дзмітрый і Александр — працуюць на цэментным заводзе ў г.п. Краснасельскі.
Дачка Заброцкіх Тарэса, 1962 г. н., паехала на працу ў Мінск. Да выхаду на пенсію працавала на адным месцы – рабочай велазавода. Пражывае ў Мінску.
Дачка Заброцкіх Яніна, 1965 г. н., закончыла Аршанскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць партніхі-матарысткі. Працавала да пенсіі ў Мінску на фабрыцы “Мілавіца”. Муж яе Аляксандр Леўша працуе на чыгунцы кранаўшчыком. Іх дзве дачкі жывуць і працуюць у Мінску. Насця – загадчык магазіна “Суседзі”. Таццяна да сацыяльнага водпуску працавала кладаўшчыком на заводзе.
Дачка Заброцкіх Алена, 1967 г. н., засталася жыць і працаваць на Іўеўшчыне ў Бакштах.
Пачынала рабочай пластмасавага цэха ў калгасе імя Ульянава. Затым перайшла на працу сацыяльным работнікам па догляду за пажылымі людзьмі. З мая 2025 года Алена на пенсіі, але працягвае працаваць. Яе муж Ігар Каваленка працаваў шаферам у калгасе імя Ульянава. У сям’і Алены Каваленка двое сыноў. Сын Андрэй пражывае ў Гродне і працуе вадзіцелем. Сын Максім пражывае ў Мінску і працуе вадзіцелем у дарожнай службе.

Дачка Заброцкіх Ірына, 1970 г. н., закончыла Іўеўскую гандлёвую школу пры райспажыўсаюзе, дзе набыла спецыяльнасць прадаўца. Працавала ў Іўі прадаўцом прадуктовага магазіна “Гастраном”. У 1988 годзе выйшла замуж за суседа са Шчучага Бору Івана Кішкеля. Маладая сям’я год жыла ў Юрацішках, а затым пераехала ў Бакшты, каб атрымаць кватэру ў калгасе. Іван Іосіфавіч працаваў вулканізатаршчыкам у мехмайстэрні. Калі калгаса ў Бакштах не стала, пайшоў на працу лесніком у Расолішскае лясніцтва. Цяпер працуе вадзіцелем у індывідуальнага прадпрымальніка. Ірына Кішкель з 1992 года працуе поварам сталовай у Бакштаўскай сярэдняй школе. Ірына Віктараўна смачна гатуе ежу, улічвае патрабаванні і запыты адміністрацыі, бацькоў і дзяцей. За 33 гады працы атрымоўвала толькі падзякі.
Дачка Ірыны і Івана Кішкеляў Кацярына закончыла Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, дзе атрымала спецыяльнасць “выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Працуе выхавальнікам у дзіцячым садку №3 горада Іўе. Муж Кацярыны Іванаўны Леанід Жэбрык працуе вадзіцелем-дальнябойшчыкам. Іх дзеці – блізняты Уладзік і Мацвей перайшлі ў 9 клас Іўеўскай сярэдняй школы. Сям’я пражывае ў Іўі.
Сын Ірыны і Івана Кішкеляў Дзмітрый закончыў Іўеўскі дзяр-жаўны ліцэй, па спецыяльнасці вадзіцель. Працуе вадзіцелем-дальнябойшчыкам. Яго жонка Марына Станіславаўна закончыла Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, дзе набыла спецыяльнасць “выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Працуе выхавальнікам у дзіцячым садку №3 горада Іўе. Іх дзецям: Аляксею — 2 гады, Арыне — 4 гады.
Сын Віктара і Валерыі Заб-роцкіх Павел, 1971 г. н., закончыў Карэліцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымаў спецыяльнасць кранаўшчыка. Пасля службы ў арміі паехаў да старэйшай сястры Ганны ў г.п. Рось. Там і застаўся. Працаваў доўгі час вадзіцелем. У цяперашні час працуе індывідуальным прадпрымальнікам. Яго жонка Святлана працуе ахоўнікам на цэментным заводзе ў г.п. Краснасельскі.
Дачка Паўла і Святланы Таццяна пражывае ў Мінску і працуе эканамістам у гандлёвай сетцы “Еўраопт”. Сын Мікіта – студэнт Гродзенскага ўніверсітэта, будучы інжынер.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег Ігліцкі.
Працяг будзе.






