Чаго толькі ні сустрэнеш у Геранёнах – своеасаблівай вёсцы-анклаве, “дзяржаве ў дзяржаве”, якую і вёскай нават няёмка часам называць. Яна як бы сапернічае з усім раёнам, дзесяцігоддзямі даказваючы, што і тое ў яе найлепшае, і гэта непаўторнае. Прынамсі, гэта некалі пачалося з няўрымслівага старшыні калгаса Уладзіміра Аляксандравіча Баума, Героя Сацыялістычнай Працы. Гэта яго кіпучая існасць не магла супакоіцца, што ў некага можа быць нешта лепшае, чым у яго, чым у Геранёнах. Таму тут і людзі асаблівыя, і прозвішчы зусім не мясцовыя (якіх толькі не стрэнеш!), што збіраў людзей старшыня па ўсім Савецкім Саюзе.
Ехалі сюды таленты, ехалі людзі адказныя і працавітыя, масцеравыя — найлепшыя музыканты, танцоры, будаўнікі, механізатары і жывёлаводы, паэты, медыкі… Не было прывілей чыста для аграрыяў. Стваралася багатая гаспадарка, культурная сталіца Іўеўшчыны. Так, так. Геранёны неафіцыяльна замацавалі за сабой гэты статус.
Дзіўна, але, прыехаўшы, як кажуць, са ўсяго свету, людзі засталіся тут назаўжды, дзяцей нарадзілі ў сваіх кватэрах і дамах, унукаў дачакаліся. І сталі геранёнцамі.
Гэта як нейкая асаблівая нацыя. Кожны з гэтых людзей меў і мае дачыненне да таго, што ў гаспадарцы былі ўзведзены шматлікія аб’екты, самы буйны з якіх свінагадоўчы комплекс. У Геранёнах з’явіўся першы на той час у Гродзенскай вобласці машынны двор. Каб не падаў узровень грунтовых вод, ля вёсак Кузьмічы і Дайнава з’явіліся рукатворныя сажалкі. Пераўтварылася цэнтральная сядзіба калгаса. У цэнтры Геранён выраслі цудоўны Дом культуры, Дом быта, адміністрацыйны будынак, урачэбная амбулаторыя, гандлёвы цэнтр, сярэдняя школа, новыя вуліцы з двухпавярховымі дамамі. Былі ўзведзены дзіцячыя атракцыёны, каруселі, віражныя самалёты, кола агляду, парашутная вышка, тэхнічна-авіяцыйны клуб, цэх тавараў шырокага спажывання, цяпліца плошчай у 1 гектар. Трансліравала свае перадачы калгасная тэлестудыя…
Калі ж заглянуць у сівую даўніну, то яшчэ адзін плюс Геранёнам. Адна з прыгажэйшых жанчын беларускага сярэднявечча, чароўная пані з роду Радзівілаў – Барбара Радзівіл , з 1550 па 1551 год – каралева Польшчы, таксама жыла ў Геранёнах. І менавіта тут яркім агніскам (насуперак волі каралевы Польшчы таго часу Боны Сфорцы) гарэла яе каханне з каралём Літвы, а затым Польшчы Жыгімонтам Аўгустам… Можна бясконца пералічваць лепшае, называць прозвішчы. І ўсё гэта будзе доказам таго, што Геранёны і насамрэч – гэта асобны сусвет.
Не легенда –
дзень сённяшні
…Наш жа праект “Рэгіён” тычыцца сённяшніх дзён, хаця, канешне, сёння не бывае без учора. І ўсё ж вернемся ў дзень сённяшні. Калі мы прыехалі ў аграгарадок Геранёны, то перш-наперш завіталі да гаспадара гэтага “сусвету” – старшыні Геранёнскага сельскага выканаўчага камітэта Віктара Эдуардавіча Вершаловіча.
Дзейнасць выканаўчага камітэта не адносіцца да геранёнскіх легенд. Гэта – быль, гэта — штодзённае жыццё і праца ў імя выканання грамадска-сацыяльнай палітыкі дзяржавы; гэта клопат пра чалавека, які з’яўляецца прыарытэтам гэтай палітыкі.
Сёння Геранёны – сучасны аграгарадок, рэгіён з развітай інфраструктурай: сярэдняя школа, дзіцячы садок – яслі, Дом культуры, філіял аддзела рамёстваў і традыцыйных культур Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, дзіцячая школа мастацтваў, праўленне КСУП імя Баўма, паштовае аддзяленне, філіял АСБ “Беларусбанк”, магазіны “Прыгранічны”, “Альянс”, магазін КСУП імя Баўма, магазін вёскі Сураж, сталовая, урачэбная амбулаторыя, мехмайстэрні, калбасны цэх, ветучастак, ААТ “Гронема”, ІП Гурская, ІП Карпыза, Дом сямейных урачыстасцяў (ІП Гурскі), ПУП Глушкевіч, ААТ “БелМАКкомпани”, ВТАА “Тэхмаш”, ПГУП “Гераненские цветы”, ПГУП “Эрикацвет”, РТС “Геранёны” і г.д.
Усё гэта працуе, віруе і так ці інакш патрабуе ўвагі мясцовай улады. Сёння ў аграгарадку Геранёны жывуць 1350 чалавек. З іх — 203 да 15 гадоў, 889 – працаздольных, 258 – пенсіянераў. У мінулым годзе нарадзілася 21 дзіця, зарэгістравана 9 шлюбаў. У сельсавеце пражывае 2246 чалавек, 1321 – працаздольныя, 636 — пенсіянеры.
…Як кажа Віктар Эдуардавіч, тая «дзяржава ў дзяржаве» у меркаваннях геранёнцаў так і засталася. Аднак, як і паўсюдна, часы нялёгкія, не такія яркія і плённыя, як некалі. Але… Геранены – гэта Геранёны. І патрэбна адпавядаць.
Тэатр пачынаецца з вешалкі. Меркаванне пра населены пункт — з яго вуліц і завулкаў. Над добраўпарадкаваннем іх працуюць шмат. Там шмат і работы. Яшчэ ў сакавіку адно з пасяджэнняў сельвыканкама было цалкам прысвечана менавіта гэтаму пытанню. Быў распрацаваны план мерапрыемстваў, над выкананнем якога зараз і працуюць.
Замацавалі зямельныя ўчасткі за землекарыстальнікамі. Пустуючыя землі агульнага карыстання замацаваны за арганізацыямі, прадпрымальнікамі.
Прайшоў адразу ж пасля пасяджэння выканкама свой мясцовы суботнік, падчас якога падмялі вуліцы, прыдамавыя тэрыторыі і шматкватэрных дамоў, і прыватных сядзіб.
Вядзецца рамонт усіх платоў і агароджаў аграгарадка. Пастаўлена ўжо 1,800 метра плоту. Каля 500 метраў – жалезабетоннага, астатні – драўляны. Рамантуюцца і старыя платы, фарбуюцца ў адзін колер. Вясна займае свае пазіцыі прыгажосці і парадку.
Амаль усё робіцца на грамадскіх пачатках. У сельвыканкама добрыя адносіны з людзьмі, цеснае супрацоўніцтва з дамавымі і вулічнымі камітэтамі. Людзі заўжды адгукаюцца на просьбы дапамагчы з добраўпарадкаваннем.

З пачатку красавіка ад цэнтра занятасці сельвыканкаму далі рабочага “зялёнай гаспадаркі”, які працуе на абкошванні вуліц, могілкаў, мест агульнага карыстання. З мая такіх рабочых будзе ў сельсавеце два. І яны будуць добраўпарадкоўваць не толькі Геранёны, але і 36 вёсак сельсавета (касіць траву і пустазелле на ўчастках ля пустуючых дамоў).
З ранняй вясны вядзецца работа па ліквідацыі стыхійных звалак смецця ў раёне аграгарадка. Ліквідавана 7 звалак. Знойдзены людзі, якія вінаватыя ў стварэннні трох з іх. Яны пакараны адміністрацыйна за несанкцыяніраванае складванне смецця ў недазволеным месцы.

Агульная звалка смецця знаходзіцца толькі ля вёскі Казыры. За астанія несанкцыяніраваныя забруджванні зямлі будуць строга караць. Сельвыканкам праводзіць работу па выяўленні кінутых, недагледжаных дамоў і сядзіб. Яны будуць унесены ў раённы рэгістр, а затым суд прызнае іх пустуючымі. А далей дом, ад якога адмовіліся нашчадкі, знясуць…Такія сумныя рэаліі, але, як лічыць старшыня сельвыканкама, гэта лепш, чым глядзець на дамы, у якіх рассыпаліся вокны, уваліліся стрэхі, і трава паднялася да каміноў.
Вялікая дапамога ўладзе — стараства
…Зрэшты, не толькі ўладзе дапамога, але і самім людзям, якія жывуць у вёсках, дзе ўсё менш і менш працаздольных, а часам і зусім няма.
Сучасныя талковыя слоўнікі даюць такое азначэнне вясковага старасты — асоба, абраная ці назначаная, якая вядзе правы ў сельскай грамадзе. І абавязковае ўдакладненне — “дарэвалюцыйнае” ці “гістарычнае”. Маўляў, слова ў тым значэнні ўжо не выкарыстоўваецца. Але хто такое сказаў? У нашай краіне старасты ў вёсках – не маленькая зноска на старонках гісторыі, а сапраўныя, рэальныя людзі, якія і зараз дапамагаюць аднавяскоўцам вырашаць праблемы і ставяць пытанні перад уладай. Не заўжды вырашаюць іх, але імкнуцца гэта зрабіць.

Адным з такіх актыўных стараст, вялікіх памочнікаў Геранёнскага сельвыканкама з’яўляецца стараста вёскі Кладнікі Данута Емельянаўна Пятроўская, ужо таксама пенсіянерка, аднак самая маладая жыхарка вёскі.
Як яна кажа, тое, што яна зараз робіць на гэтай грамадскай пасадзе, яна рабіла і ўсё сваё жыццё, таму што працавала загадчыцай мясцовай бібліятэкі. Яна працавала тут 37 гадоў, І добра памятае, калі тут былі і клуб, і васьмігадовая школа, і ФАП, і бібліятэка, і некалькі сотняў жыхароў. Работнікі культуры, як і педагогі, дапамагалі сельсавету і выбары правесці, і жывёлу па сядзібах перапісаць, і перапіс насельніцтва зрабіць, і ўсе астатнія грамадскія работы выканаць. А стараста зараз займаецца менавіта гэтым, таму што, як лічыць Данута Емельянаўна, гэта неабходная з’ява ў сучаснай вёсцы, дзе ўсё менш людзей, дзе ім так патрэбна дапамога. Яна – звязваючае звяно людзей з уладай. Сёння падворны абход, каб паглядзець, якая ў каго электраправодка, якія печ і дымаход — таксама работа старасты разам з сельсаветам і спецыялістамі.
А яшчэ яна працуе сацыяльным работнікам. Так што без яе – аніяк. І ўсё ў Дануты Емельянаўны атрымліваецца і ў грамадскім плане, і ў асабістым. Лекі купіць, хуткую дапамогу выклікаць, уколы зрабіць, калі патрэбна чалавеку штодня, паліва заказаць — наогул, забяспечыць жыццё старых і адзінокіх людзей. Зараз вось, з болем у сэрцы, як кажуць, рвуць карані – закопваюць хаты вёскі. Не едуць дзеці ў бацькоўскія пустыя хаты, не хочуць дакументальна іх афармляць, адмаўляюцца ад родных сцен. І вяскоўцы згодны бачыць лепш дагледжаныя пустыя участкі, а не руіны дамоў суседзяў.
Толькі адна справа не атрымалася ў вясковага старасты. Яшчэ ў 1991 годзе правялі да вёскі прыродны газ. Як вядома, у геранёнскім рэгіёне ён з’явіўся на гадоў 20 раней, чым у самім Іўі. Кладнікі былі аднымі з апошніх. Аднак, старшыня калгаса змяніўся, а потым пайшлі змены і ў грамадстве. І вёска, дзе быў праведзены і газаправод, і да дамоў трубы, засталася без газу, нічога не атрымалася ў старасты вёскі і людзей. Былі нейкія свае “замарочкі” ў адказных людзей, знайшлі пэўныя перашкоды для падключэння газу. Таму, як і раней, цягнецца ў неба дым з каміноў. Зараз вяскоўцы можа ўжо і не шкадуюць, што газу няма, вельмі ж шмат даводзіцца плаціць тым, хто ім карыстаецца.
У вёсцы 8 кароў у трох сем’ях. У старасты – у тым ліку.
…Стараста – галоўны чалавек на вёсцы. Данута Емельянаўна і дома галоўны гаспадар, бо муж моцна хворы, дапамогі ад яго цяжка чакаць. Але ёсць у яе хаце найгалоўнейшая асоба, якая можа яшчэ “пакіраваць” і старастай – яе матуля. Старэйшай жыхарцы сельсавета Феліцыі Іосіфаўне Філон 96 гадоў. Як яна кажа, яшчэ і кіраваць хочацца, але мала хто слухае ўжо. Бабуля, канешне ж, крыху крывіць душой наконт слухання. Бо яе дачка яе вельмі любіць і гатова яшчэ доўга прыслухоўвацца да кожнага слова мамы, якая без акуляраў у свае гады вяжа рукавіцы і шкарпэткі, мае ясны розум, чытае свае святыя кніжкі і на калаўроце прадзе аўчыну. Некалі трымалі сваіх авечак, яшчэ засталася кудзеля. А калі застаецца адна ў хаце, то любіць спяваць — і рэлігійныя песні, і свецкія. Разумная, памяркоўная, добрая. Яе існаванне побач дапамагае Дануце Емельянаўне заставацца дачкой, адчуваць, што яшчэ ёсць каму памаліцца за яе, за ўнучку і праўнука, за сям’ю. Кажуць, што менавіта матчына малітва дапамагае найлепш у нашым нялёгкім жыцці… То хай і надалей у вёскі яшчэ доўга будзе гэты мілы, добры і спраўны стараста, а ў старасты – сям’я і добрая матуля.
Дом, дзе жывуць музы і віруе культурнае жыццё
…Безумоўна, гутарка пойдзе пра Геранёнскую дзіцячую школу мастацтваў, прытулак муз, талентаў, вучняў і настаўнікаў, натхнення і веры ў тое, што жыццё выратуе адданасць свету цудоўнага, вечным каштоўнасцям, якія на працягу свайго існавання вынайшла чалавецтва.
У Геранёнах зямля такая, людзі такія, ці што. Таму што доўгі час сярэдняя школа была нейкай асаблівай установай, а не проста звычайнай школай. Тут на такім высокім узроўні ішло вывучэнне сусветнай мастацкай культуры, што ўвесь вучэбна-выхаваўчы працэс неафіцыйна вёўся з мастацкім ухілам.Тут вялі ў свет прыгожага дзяцей харэограф Ульяна Паўлаўна Мінюк, выкладчык сусветнай мастацкай культуры Алена Іванаўна Смалянічэнка, шмат іншых настаўнікаў-асоб, тут праз аднаго мелі таленты мастакоў, музыкантаў, танцораў. Затым таленты акумуліраваліся ў музычнай школе, якая адкрылася ў 1980 годзе, а затым была перайменавана ў дзіцячую школу мастацтваў.
У ёй і вучні, і настаўнікі — амаль усе геранёнцы. І з адным з такіх гераненцаў, дырэктарам гэтай дзіцячай установы Дзмітрыем Анатольевічам Дадычыным мы і мелі гаворку ў адным з класаў прытулку муз.
Дзмітрый Анатольевіч расказаў, што сёння дзіцячая школа мастацтваў у Геранёнах — гэта класы фартэпіяна, баяна, акардэона, цымбалаў, духавых інструментаў, ёсць таксама харавы клас і харэаграфічнае аддзяленне.
І хоць у сярэдняй школе з кожным годам паменшваецца колькасць вучняў, дзеці кожны год з такім жа жаданнем прыходзяць запісвацца ў школу мастацтваў. На сённяшні дзень тут набор стопрацэнтны, вучыцца палова вучняў сярэдняй школы — гэта значыць, кожны другі хлопчык ці дзяўчынка пры ўсім пагоршванні дэмаграфічнай сітуацыі працягваюць лічыць, што ўсё пройдзе, а мастацтва застанецца, бо яно вечнае.
Тыя, хто ў гэта верыць, і вярнуліся ў родную школу мастацтваў пасля заканчэння музычных каледжаў, каб вучыць сваіх маленькіх землякоў. Фактычна ўвесь калектыў з былых выпускнікоў гэтай установы мастацтваў — Алена Георгіеўна Скабеліцына, Маргарыта Юр’еўна Дзіц, Сяргей Станіслававіч Філон, Анатоль Віктаравіч Керней, Анжэліка Станіславаўна Жэлтко, Станіслаў Іванавіч Дзіяк, Дзмітрый Анатольевіч Дадычын…
Галоўная мэта дзейнасці настаўніцкага калектыву заключаецца ў тым, каб таленавітыя дзеці ўдзельнічалі ў музычных і іншых творчых конкурсах, паступалі вучыцца ў музычныя каледжы і каледжы мастацтваў, працягвалі жыць у свеце прыгожага і далучалі да яго ўжо сваіх вучняў і слухачоў. І кожны год хтосьці з вучняў паступае.
Першымі ў раёне геранёнскія настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі вучаніцу, якая за актыўны ўдзел у творчых конкурсах і за 1-е месца ў Рэспубліканскім конкурсе “Спадчына” атрымала матэрыяльную дапамогу спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2015 годзе ім стала вучаніца класа цымбалаў Дар’я Муліца (настаўнік Галіна Іванаўна Чарнюкевіч).
На жаль, як кажа Дзмітрый Анатольевіч, галоўная мэта, пра якую сказана вышэй, спрыяе таму, што самых сваіх і таленавітых, і разумных штогод школа аддае гораду. І застаецца толькі спадзявацца, што пройдзе час, і яны вернуцца. Вернуцца, каб зайсці ў прытулак талентаў і дапамагчы ім раскрыцца.
Толькі што на базе Геранёнскай школы мастацтваў прайшоў занальны конкурс “Веснавыя фантазіі”, творчы ўсплёск якога напоўніць класы ўстановы новымі творчымі ідэямі, падыходамі, плёнам таленавітых вучняў і настаўнікаў.

Майстра, і тым усё сказана
Скаргі многіх вёсак і вёсачак на тое, што няма дзе ні пастрыгчы валасы, ні змайстраваць прыгожую прычоску, ніякім чынам не датычаць Геранён, бо ў аграгарадку ўжо даволі доўга існуе прыватная цырульня, якая цалкам зняла пытанне наконт гэтай бытавой паслугі. Зрэшты, не толькі мясцовыя жанчыны і мужчыны “давяраюць” свае галовы гаспадыні парыкмахерскага салона, едуць сюды з усяго рэгіёна і нават з Іўя, таму што майстэрства і прафесіянальныя навыкі Святланы Бальцэвіч вядомыя і за межамі аграгарадка.

Мала мець адукацыю па той ці іншай прафесіі. Патрэбна любіць сваю справу. І калі такое здараецца ў дадатак да адукацыі, атрымліваецца з простага чалавека майстар з усімі выцякаючымі адсюль акалічнасцямі.
Колькі сябе памятае, Святлана марыла быць цырульнікам. Спачатку лялькам прычоскі ладзіла, затым на сяброўках практыкавалася.
Скончыла вучылішча ў абласным цэнтры і працавала ў Гродне. Калі яшчэ навучэнкай была, любіла ў вольны час хадзіць у цырульні і сачыць за работай майстроў. Нечым казачным здаваліся ёй тыя працэсы, што праходзілі там. Заходзілі, здавалася, звычайныя жанчыны, садзіліся ў крэслы. І майстры пачыналі «варажыць» над імі. І з крэсла ўздымалася жанчына, якая адчувала сябе амаль што каралевай. Нават выраз твару мяняўся…
Як ёй хацелася навучыцца вось так рабіць людзей шчаслівымі, задаволенымі сваім знешнім выглядам, мець дачыненне да такой прыгажосці жанчын і дзяўчат!
Выйшла замуж і прыехала з мужам у Геранёны, атрымалі калгаснае жыллё – асабісты дом.
Тады ўжо пачыналіся праблемы з бытавым абслугоўваннем на вёсцы.
Муж падтрымаў яе жаданне адкрыць сваю цырульню, супакоіў наконт сумненняў, і ў 2004 годзе маладая жанчына гэта зрабіла.
…Падраслі ў сям’і Бальцэвічаў дзеці — дачушцы пяць гадкоў, сынок вучыцца ў трэцім класе. Мяняюцца гады, цячэ жыццё. Нязменнай застаецца яе любоў да сваёй справы. І ўсё атрымліваецца, таму што Святлана яшчэ разумее адну вельмі важную акалічнасць – працуючы ў сферы абслугоўвання, ты не маеш права на дрэнны настрой, на асабістыя эмоцыі. Да цябе ідуць людзі за прыгажосцю, за настроем, за святам, зрэшты.
Паглядзіце на дзяўчат і жанчын аграгарадка на святочных мерапрыемствах, на выпускным балі, на канцэртах, на вяселлях — і вы зразумееце, які сапраўдны майстар варожыць над іх галовамі, як гэта цудоўна, калі чалавек любіць сваю справу і ўмее яе рабіць.
Асалода вучыцца і быць першай
Упершыню ў гісторыі існавання Геранёнскай сярэдняй школы сярод яе вучняў з’явіўся пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Дыплом 1-й ступені на алімпіядзе па біялогіі атрымала за свае бліскучыя веды вучаніца 9 класа Геранёнскай сярэдняй школы Жанна Станкуць.

З 7 класа дзяўчына ездзіць на алімпіяды менавіта па гэтым прадмеце. Два гады запар была першай на раённым этапе, у гэтым годзе — першая ў раёне, другая — у вобласці і першая (дыплом першай ступені) на заключным этапе – рэспубліканскім. Гэта, прынамсі, адзіны дыплом 1 ступені сярод удзельнікаў заключнага этапа са школ раёна па ўсіх прадметах і адзіная вучаніца-пераможца ў рэспубліцы з сельскай школы.
Дзве настаўніцы рыхтавалі дзяўчынку да гэтага трыумфу. Па-першае, выкладчыца біялогіі школы Жанна Раманаўна Лукша, па другое — кіраўнік міжшкольнага факультатыву па біялогіі, які працуе на базе гімназіі №1 горада Іўе, Інга Рычардаўна Гушча.
Ды, напэўна, найвялікшая заслуга самой вучаніцы. Таму што біялогія для яе — не проста прадмет. Дзіўна, што так можа захапіць звычайная біялогія. Аднак Жанна лічыць, што цывілізацыя, якая ведае большасць навук, але не ведае аб тым, з чаго складаецца і як уладкаваны свет наўкол іх, нічога не вартая.
Дзяўчына з такім захапленнем гаворыць пра біялогію, што становіцца нават зайздросна. Таму што кожны чалавек жыве якасна зусім па – іншаму, калі кахае ці знаходзіцца ў стане захаплення. І сапраўды. Яна расказвала нам, як не заўважае часу, калі ў рукі трапляе хоць бы звычайны падручнік па біялогіі, а калі гэта папулярная кніга менавіта біялагічнай тэматыкі?!
Таму, напэўна, акрамя алімпіяд, Жанна ўдзельнічае ва ўсіх школьных праектах біялагічнай накіраванасці. Такіх, як “Экалагічная трапа”. На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст” у намінацыі “Цікавае побач” мультымедыйная прэзентацыя “Экалагічнай трапы”, у якой прымала ўдзел і Жанна Станкуць, заняла трэцяе месца.
Летась дзяўчына заняла 2-е месца ў раённым конкурсе даследчых работ па біялогіі за сваю работу “Эти известные неизвестные сладости”. У гэтым годзе з’яўлялася ўдзельніцай рэгіянальнай канферэнцыі па біялогіі ў гораде Лідзе, абласнога конкурсу навуковых біёлага — экалагічных работ. Рэгулярна прымае ўдзел у інтэрнэт-алімпіядах па біялогіі.
Сёння Жанна – гонар школы, гонар бацькоў і гонар Геранён, якія здаўна прывыклі, што ў іх заўжды ўсё найлепшае. Спрадвеку так прывучаны.

Замест эпілогу
Спадзяюся, я змагла ўпэўніць вас, што Геранёны – гэта і сапраўды цэлы сусвет, асобны рэгіён, асаблівыя людзі, а мае маленькія гісторыі пра людзей і вёску даказалі вам, што тут, ля замчышча, і сапраўды не толькі адчуеш подых стагоддзяў, але і стрэнеш дзень сённяшні, дзень нашчадкаў геранёнцаў мінулага.
Наш вядомы паэт-зямляк Яўген Карпуць прысвяціў Геранёнам шмат вершаваных радкоў. Аднымі з іх я і хачу закончыць свае нататкі пра гэты рэгіён:
Гарэць душой,
бадзёрым быць
І смела ў будучыню крочыць.
Свой геранёнскі край любіць,
І з шляху гэтага не збочыць.
Такія вось пажаданні рэгіёну і яго людзям!
В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.






