0
Местное управление и самоуправление

РЭГІЁН. Добрыя, шчодрыя, звязаныя адной зямлёй. Мінулае і сучаснасць, як адно ўспрыманне

Вёска размешчана на невялікай рэчцы Кляве, на адлегласці 26 кіламетраў ад раённага цэнтра і 7 кіламетраў да Літвы. Па дадзеных, зафіксаваных у Літоўскай хроніцы, вёска заснавана літоўскім князем Трабусам. Першыя ўпамінанні ў пісьмовых крыніцах адносяцца да  ХУ века. У 1410 годзе тут быў заснаваны каталіцкі прыход.Трабы былі ўласнасцю  князёў Гальшанскіх. У канцы ХУ стагоддзя перайшлі да Альбрэхта Гаштольда.

У 1534 годзе тут быў пабудаваны драўляны касцёл, адкрыта школа. У 1543 годзе Трабы перайшлі  ва ўласнасць вялікага княза літоўскага і караля польскага Сігізмунда Старога, які  падарыў мястэчка сыну Сігізмунду Аўгусту, будучаму каралю Польшчы і Літвы і мужу Барбары Радзівіл…

З 1558 года  Трабы — цэнтр стараства, першым старастам Трабаў стаў Станіслаў Пац, у будучым — ваявода віцебскі. У ХУІІ стагоддзі маёнтак шматразова пераходзіў з рук у рукі.

У 1794 годзе ў мястэчку была пабудавана драўляная праваслаўная царква, асвечаная ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай  (1795г.) Трабы трапілі ў склад Расійскай імперыі. У першай палове ХІХ стагоддзя тут працавалі суконная мануфактура (каля 150 работнікаў) і металаапрацоўчая майстэрня. У 1851 годзе заснавана сельскае вучылішча (каля 50 навучэнцаў). У 1897 годзе ў Трабах было 176 двароў, 1083 жыхары, царква, касцёл, капліца, школа, яўрэйская школа, народнае вучылішча, вадзяны млын, вялікая колькасць лавак і магазінаў. Трабы былі бойкім гандлёвым месцам. Штогод тут праводзіліся чатыры кірмашы, на якія з’язджаліся людзі з усяго Ашмянскага павета.

У 1939 годзе Трабы ўвайшлі ў склад БССР, сталі цэнтрам сельсавета. Падчас Вялікай Айчыннай вайны акупіраваны з 26 чэрвеня 1941 па 7 ліпеня 1944 года. Былі часткова спалены,  загінула 75 жыхароў…

…Сёння, калі вы наведаеце старадаўняе мястэчка, а зараз — аграгарадок Трабы, то перш за ўсё адзначыце для сябе зусім іншы, адметны ад ўсяго раёна рэльеф мясцовасці.  Тут пачынаецца Ашмянскае ўзвышша, таму горкі і пагоркі ўжо на самой дарозе адкрываюць цудоўныя краявіды, далягляд, да якога хочацца дайсці, даехаць ці хоць бы паспрабаваць гэта зрабіць. У Трабах, здаецца, заўжды жылі людзі, якія ўпарта гналі каня, каб дагнаць далягляд, не пераставалі верыць, што яго можна дасягнуць. І дасягалі… ў творчасці, у дойлідстве, у жаданні  зрабіць дабро. Жылі і жывуць такія людзі тут. 

… Па-ранейшаму стаяць на ўзвышшах сведкі сівой даўніны і  рэчаіснасці — праваслаўны і каталіцкі храмы. Старыя будыні-ны (дзе цалкам захаваныя, а дзе толькі руіны) таксама вяртаюць нас у часіны, што адышлі ў гісторыю. Ды, прынамсі, мы прыехалі не за гісторыяй, хоць крыху вам яе і напомнілі. Мы прыехалі, каб расказаць нашым чытачам пра дзень сённяшні мястэчка, пра яго людзей, пра іх справы. На жаль, не ўсіх, пра каго хацелася расказаць, засталі дома… Ды нішто. Наша сустрэча з гаспадаром рэгіёна, старшынёй Трабскага сельвыканкама Валянцінай Мечыславаўнай Марусавай стала сапраўдным знаёмствам з сучаснымі Трабамі, з гэтым асаблівым краем у складзе Іўеўшчыны.

На тэрыторыі сельсавета, па словах Валянціны Мечыславаўны, размяшчаюцца 47 населеных пунктаў (38 вёсак, 7 хутароў і аграгародак Трабы), у якіх пражывае 1420 чалавек (на 1 ліпеня бягучага года). Як і раней, шырока прадстаўлены гандлёвыя прадпрыемствы. Маюцца тры магазіны Іўеўскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, два гандлёвыя аб’екты прыватных унітарных прадпрыемстваў і адна гандлёвая кропка таварыства з абмежаванай адказнасцю «Верас-2». У аддаленыя маланаселеныя вёскі рэгулярна курсіруе аўтамагазін, які спаўна задавальняе запыты  вяскоўцаў.

Жыве і бытоўка на вёсцы. Яна не тая, што была яшчэ з дзесятак гадоў назад. Існуе проста комплексна-прыёмны пункт, аднак пры дапамозе яго выконваюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па бытавым абслугоў-ванні насельніцтва.

Сучасныя  Трабы — гэта таксама Трабская сярэдняя школа, дзіцячы садок, аддзяленне паштовай сувязі, аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы са сваім народным тэатральным калектывам, бібліятэка, урачэбная амбулаторыя, бальніца сястрынскага дагляду…

Карацей кажучы, вялікая гаспадарка, вялікі ўчастак работы ў старшыні сельвыканкама. Мы гутарылі, а на падворку ля будынка сельвыканкама хадзіў туды-сюды чалавек, нецярпліва чакаючы старшыню — на «пакос» сабраліся ехаць. Той пакос ва ўсіх старшынь зараз аднолькавы — абкашванне вуліц і двароў вёсак у рамках добраўпарадкавання. Людзей у тых вёсках усё менш, аднак гэта не дае права забыцца пра іх, дапусціць, каб стаяла трава да вокнаў. Так і могілкі разам са старшынёй у Сурвілішках таксама ўбіралі…

Старшыня ў курсе ўсіх праблем. І гэта не дзіўна. Па-першае, яна ж тутэйшая, працуе ў рэгіёне, які з’яўляецца малой радзімай. Па-другое, Валянціна Мечыславаўна прыйшла ў сельвыканкам з пасады дырэктара Трабскай сярэдняй школы. А хто ж, як ні настаўнікі, ведаюць становішча спраў у кожнай вёсцы? І на каго можна спадзявацца ў рабоце, і каго яшчэ трэба трымаць у полі зроку, каб не дапусціць непатрэбных сітуацый… У вёсцы ўсё трэба ведаць. Асабліва зараз, калі мясцовая ўлада нясе значную долю абавязкаў сацыяльнай службы (не па пасадзе, па душэўнасці і сардэчнасці) — насельніцтва старэе і траціць сілы (і фізічныя, і маральныя). У сямі вёсках з тых 47 наогул ніхто не жыве. У астатніх людзі старэюць з кожным днём і годам. Сельвыканкам займаецца афармленнем іх пашпартоў, даведак на атрыманне льготнага пячнога паліва інвалідам, адзінокім, старым і нямоглым, правярае ўмовы іх жыцця, бяспеку пражывання, рашае іншыя праблемы…

Безумоўна, ёсць і ў старшыні памочнікі. Гэта сельскія старасты — надзвычай разумная і патрэбная з’ява апошніх дзесяцігоддзяў. Іх 12 на рэгіён. Асобныя старасты ўзначальваюць дзве і больш вёсак, дзе мала людзей. І яны сталі сапраўднай даведачнай службай па ўсіх пытаннях.

Старшыні ідуць насустрач усе. Вось і электрык з воінскай часці, калі спатрэбілася, дапамог  выкараніць непаладкі з электрычнасцю ў доме  адной з пажылых жанчын. Адказаць старшыні няёмка. Яна ведае ўсіх, яе ведаюць, памятаюць яе бацькоў — людзей працавітых, паважаных на вёсцы. Бацька  Мечыслаў Сільвестравіч Дабраловіч, механізатар саўгаса «Трабы», пайшоў на пенсію ажно ў 70 год.  За сваю дабрасумленную працу меў шматлікія ўзнагароды, сярод якіх ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэн Працоўнай Славы. А яшчэ ён дапамагаў людзям. Яго такім і запомнілі — заўжды гатовым прыйсці на дапамогу суседзям, вяскоўцам. Вось і дачка на генным узроўні пераняла гэтую рысу характару, а развіць яе  дапамагае яшчэ і пасада.  Галоўная ж задача мясцовай улады — клопат пра чалавека…

Да такога клопату адносіцца і перадача дванаццаці вуліц аграгарадка на баланс РУП ЖКГ. Значыць, будуць вуліцы і дагледжаны, і адрамантаваны. На гэта,  прынамсі, спадзяюцца трабчане. Біўся сельвыканкам і над пытаннем замены вадаправода. Атрымалася. Сёлета замянілі яго на вуліцах: 50 гадоў Кастрычніка, Новая, Дружба, Паляўнічая..

Амаль па ўсім аграгарадку пафарбавалі платы. Стала прыгожа, чысценька. Шмат працуюць над добраўпарадкаваннем. І гэта таксама клопат пра людзей… 

В. Гулідава.