Між іншым, калі крышачку прадоўжыць тэму дзяржаўнай граніцы і яе аховы ў гэтым раздзеле публікацыі, то можна пагадзіцца са словамі лясніка Трабскага лясніцтва Іўеўскага лясгаса, ляснічага першага класа Яўгена Вайцехавіча Гардзея, што апошнім часам яны не толькі ахоўваюць лес, ахоўваюць і граніцу, дапамагаюць гэта рабіць пагранічнікам. Таму што добры кавалак лесу, які абслугоўвае лясніцтва, знаходзіцца на мяжы літоўскай тэрыторыі, ідзе ўздоўж дзяржаўнай граніцы. Вось і трэба не толькі клапаціцца пра лес, глядзець, ці не захварэлі дрэвы, ці не вядуцца незаконныя вырубкі, але яшчэ і ўважліва сачыць, ці не з’явіліся чужынцы, незнаёмыя для навакольнага люду людзі. Таму ў лясніцтва самае цеснае супрацоўніцтва з Сурвілішскім пагранічным пастом Лідскага пагранатрада.
У Трабскай зоне лясы цудоўныя — на 90 працэнтаў іх складаюць хвойныя пароды. А калі побач яшчэ прымасціліся бярозкі, то ўлетку і напачатку восені ты трапляеш у сапраўдны грыбны рай. У лясах і ягад, і грыбоў шмат. А калі паслухаць Яўгена Вайцехавіча, то, наогул, захочацца і не выходзіць з таго лесу.
Вельмі прыемна гаварыць з людзьмі, якія абралі справай свайго жыцця гэтую сацыяльна значную службу — ахову і аднаўленне лесу. Асабліва, калі людзі гэтыя прайшлі свае «прафесіянальныя ўніверсітэты» ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, дзе на працягу многіх гадоў на двух факультэтах (факультэт лясной гаспадаркі і факультэт тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці) рыхтуюць не проста, па маім меркаванні, спецыялістаў, а сапраўдных фанатаў лесу, патрыётаў, ці што. Яны так аддадзены сваёй справе, так хварэюць за яе душой, што іх «альма-матэр» можа ганарыцца сваімі выпускнікамі.
Яўген Вайцехавіч менавіта такі. І гэта заслуга не толькі добрай адукацыі, але і таго, што любоў да лесу, адказнасць за яго на генным узроўні выхоўваліся з маленства. Бацька яго — Войцех Гардзей — былы майстар Іўеўскага лясгаса, ляснічы Трабскага лясніцтва, жонка Таццяна Чаславаўна — бухгалтар гэтага лясніцтва.
Яўген Вайцехавіч узначальвае сур’ёзнае падраздзяленне лясной гаспадаркі. У 2013 годзе Трабскае лясніцтва па выніках работы заняла 2-е месца сярод лясніцтваў Іўеўскага лясгаса.
Калектыў у 24 чалавекі спраўна выконвае свае прафе-сіянальныя абавязкі, штодня аддаючы ім свае сілы і любоў. Гэта догляд маладога лесу, нарыхтоўка дроў, нарыхтоўка балансавай драўніны на экспарт, працуе пры лясніцтве і нарыхтоўчая брыгада лесапункта Юрацішкі.
— Мы проста (у гэтым наша галоўная задача) павінны дапамагчы лесу жыць, — гаворыць Яўген Вайцехавіч. — Усё, што робіцца ў лесе, павінна несці гаспадарчы характар. Часам людзі абураюцца, маўляў, шмат галінак, валежніку, ніхто не збірае. А яго і не патрэбна збіраць, калі эканамічна не выгадна. Лес — не парк. Ён жыве сваім жыццём. Галінкі і паваленыя тонкія дрэўцы з цягам часу перагніюць, утвораць біялагічны матэрыял, і ён пойдзе на карысць лясному мікраклімату.
… З асаблівым задавальненнем расказаў малады кіраўнік аб рэканструкцыі будынка і добраўпарадкаванні тэрыторыі лясніцтва, якія былі праведзены ў мінулым годзе. Сучасныя матэрыялы для рамонту і рэстаўрацыі, прыгожыя драўляныя альтанкі на тэрыторыі, міні-дэндрарый — усё гэта стварае асаблівае, утульнае месца і для работы, і для адпачынку. Хоць адпачынак тут толькі ад эстэтычнага ўспрымання бывае. Гэта значыць, душэўны. На рабоце, асабліва такой, адпачываць няма калі. А вось прыгажосць ствараць абавязвае сам лес. Нельга побач з ім заставацца абыякавым да прыроды, да прыроднага дэкору, да кожнай кветкі і дрэўца, што растуць побач…
Нельга заставацца абыякавым і да людзей, што жывуць побач. Асабліва маленькіх дзяцей — новага пакалення трабчан.
В. Гулідава.
Варта пачытаць: Рэгіён. Вялікія справы малога бізнесу
РЭГІЁН. Добрыя, шчодрыя, звязаныя адной зямлёй. Мінулае і сучаснасць, як адно ўспрыманне






