У Дзень сям’і адбылося адкрыццё выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Прыгажосць сваімі рукамі”. У экспазіцыі больш за трыццаць цікавых вырабаў у тэхніках саломапляценне, вышыўка крыжыкам і процягам, вязанне шыдэлкам і спіцамі, ткацтва, лапінковае шыццё. Усё гэта створана рукамі таленавітай сям’і Буцько.

Прэзентавала выставу Наталля Буцько. Жанчына прадставіла на выставу вырабы у тэхніцы лапінковага шыцця, а таксама вышыўку і ткацтва яе маці Казіміры Станіславаўны і бабулі Ані. На жаль, маці і бабулі ўжо няма, але памяць аб іх жыве ў вырабах, якія Наталля Канстанцінаўна зберагае, каб перадаць гэту прыгажосць дзецям і ўнукам.

Наталля — супрацоўнік Іўеўскай ветэрынарнай станцыі. А яе маці была настаўніцай біялогіі. Па словах родных, Казіміра Станіславаўна мела залатыя рукі і чулае сэрца. Па асобнай тэхналогіі яна саткала арыгінальны дыван. Гэта было ў той час, калі у магазінах быў дыфіцыт, а ўпрыгожыць сваё жыллё вельмі хацелася. У якасці нітак на дыван майстрыца выкарыстоўвала шпагат, якім звязвалі цюкі з саломай. Яна яго распускала, мыла і фарбавала. Потым гэту тэхналогію Казіміра Станіславаўна нават даслала ў журнал “Зрабі сам”.

У руках жанчыны ўсё набывала новае жыццё. Са старой сукенкі выразала кветкі, апрацоўвала іх спецыяльным клеем, нанізвала на леску — і ў выкніку атрымліваліся прыгожыя кветкі. Каля таленавітай майстрыцы раслі і выхоўваліся такімі ж неабыякавымі яе дзеці і ўнукі.
Што да малодшага пакалення сям’і, то свае саламяныя вырабы на выставу прадставіла і дачка Наталлі Буцько Паліна. Дзяўчына — выхаванка аддзела рамёстваў, якая з 1 па 4 клас наведвала гурток па саломапляценні “Залатая саломка”. Па словах кіраўніка гуртка Ірыны Смірновай, дзяўчынка мела вельмі добрыя творчыя здольнасці. Пазнаёміўшыся з гісторыяй сям’і бліжэй, мы разумеем, што гэта не дзіва. Зараз Паліна ўжо дарослая маладая жанчына. Яна скончыла медыцынскі інстытут, выйшла замуж, але любоў да мастацтва саломапляцення яна захоўвае і нават зберагае вырабы, створаныя яшчэ ў дзяцінстве.

Напрыканцы мерапрыемства Наталля Буцько правяла для жадаючых майстар-клас. У знак падзякі майстар па саломапляценні Ірына Смірнова падарыла майстрыцы прыемны сувенір на памяць.
Творчая выстава сям’і Буцько будзе працаваць да 25 мая. Прыходзьце на сустрэчу з прыгожым!

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Рыта Рэй.
Фота аддзела рамёстваў.






