Напярэдадні Дня абаронцы Айчыны прынята гаварыць аб мужнасці і сіле. І гэта правільна. Але ў вайсковай часці 25887, што ў аграгарадку Трабы, ёсць каму абараняць неба над Іўеўшчынай і над усёй краінай без зброі ў руках. Тут, у 1-м радыётэхнічным цэнтры, нясуць службу тыя, хто сваёй увагай і прафесіяналізмам робіць паветраныя межы непрыступнымі. І што асабліва дзіўна, блакітныя пагоны тут носяць не толькі мужчыны, але і чароўныя дзяўчыны.
Карэспандэнт «Іўеўскага краю» сустрэўся з чатырма гераінямі, каб зразумець, як ва ўмовах строгага ўстава ім удаецца захоўваць пяшчоту, чаму яны выбралі гэты шлях і што адчувае жанчына, упершыню прымяраючы форму. Знаёмцеся: яфрэйтар, старшы планшэтыст каманднага пункта Алена Клінцэвіч; яфрэйтар, планшэтыст Алена Эгерд; прапаршчык, начальнік аддзялення матэрыяльнага забеспячэння малавышыннай радыёлакацыйнай групы Аліна Канцаталава і сяржант Алёна Савіцкая, спецыяліст СПС-механік.

Дарога да прысягі
Калі пытаеш дзяўчат у пагонах, чаму яны вырашылі звязаць жыццё з арміяй, адказы гучаць як прызнанні ў каханні. Толькі аб’ект кахання ў кожнай свой. Для Алены Клінцэвіч гэта пачуццё родам з дзяцінства. Яна кажа проста і цвёрда:
— Я першапачаткова хацела служыць, гэта было маёй марай, якая пачалася яшчэ з самага дзяцінства, і яна ажыццявілася. Са знешніх фактараў мяне да гэтага нічога не падштурхоўвала, усё зыходзіла знутры.
Яе прыклад апынуўся настолькі заразлівым, што па слядах маці вырашыў пайсці і сын.
Алена Эгерд глядзіць на службу па-філасофску, бачыць у ёй высокае прызначэнне:
— Я хацела рабіць нешта значнае для грамадства. У службе ў арміі я ўбачыла высокія ідэалы.
А вось для Алёны Савіцкай усё вырашыла сэрца. Прызнаецца з усмешкай:
— Я сюды прыйшла за мужам. Падчас усёй маёй вучобы ў медуніверсітэце ён накіроўваў мяне, і мы вырашылі, што я буду служыць разам з ім. Я не шкадую аб сваім выбары. Праўда, свабоднай пасады ў медыцыне не знайшлося, таму цяпер я сувязіст.
Цікава, што ні адной з гераінь не прыйшлося нікому даказваць права насіць форму. Родныя і сябры прынялі іх выбар безумоўна. Алена Клінцэвіч толькі ўдакладняе з годнасцю чалавека, які сам каваль свайго шчасця:
— Гэта было маё жыццё, і я стварала яго сама. На той момант я была адна, а мужа я сустрэла ў гэтай часці.
Што мы ведаем пра армію? У асноўным па фільмах. Рэальнасць, як прызнаюцца дзяўчыны, апынулася складаней, але і больш сумленнай, чым кіно.
— У нас мірны час, і мы не бачым жахаў вайны. Але я, напэўна, і не ўяўляла, што такое армія, пакуль не ўбачыла ўсё на свае вочы, — дзеліцца Алена Клінцэвіч.
Яе цёзка Алена Эгерд дадае важны штрых да партрэта жанчыны-вайскоўца:
— Гэта адказнасць, сіла волі. Няхай мы і жанчыны, але мы раўняемся ў страі з мужчынамі, з больш моцнай паловай нашага чалавецтва. Не думаю, што мы адстаём у чымсьці, стараемся быць нароўні, каб ніхто не думаў, што нам тут лягчэй. Не лягчэй. Складана. Бываюць моманты, напрыклад, баявое дзяжурства — гэта вельмі адказна. Стараемся, каб намі ганарыліся.
Момант першага ўбору ў форму кожная памятае да дробязяў. Для Алены Эгерд гэта быў сапраўдны рытуал, які крануў да глыбіні душы:
— У мяне адчуванне было, калі я ўпершыню заступала на дзяжурства, незабыўнае. Своеасаблівы рытуал з вымаўленнем слоў гімна, гэта кранула мяне да слёз.
Алёна Савіцкая ўспамінае курсы маладога байца:
— Першы раз я прымерыла форму, калі апынулася на курсе маладога байца, і адразу адчула адказнасць, якая разам з ёй лягла на мае плечы.
І Алена Клінцэвіч з гонарам глядзіць на пройдзены шлях:
— 28 гадоў таму ў першы раз я апранула яе і адразу адчула сябе іншым чалавекам. Не шкадую і з гонарам нашу гэтую форму.
Служба не дзеліцца на мужчынскую і жаночую
Дзяўчаты аднадушныя: іх паўсядзённая служба нічым не адрозніваецца ад мужчынскай. Баявыя дзяжурствы, вучэбна-баявыя трывогі, вучэнні — усе моманты армейскага жыцця яны падзяляюць з калегамі. Адзінае паслабленне-жаночы склад не ходзіць у нарады.
— Няма такіх складанасцяў, якія мы б не перамаглі і не змаглі з імі справіцца. Мы стараемся справіцца з усім, служба ўся нялёгкая, — кажуць яны.
Пры гэтым жанчыны прызнаюць, што ўносяць у ваенную справу сваю, асаблівую ноту. Гэта не слабасць, а хутчэй іншы погляд.
— Так, напэўна, гэта жаночая, матчына мудрасць, погляд іншы. Гэта больш спачуванне, дабрыня, — распавядаюць вайскоўцы.
Калегі-мужчыны ставяцца да іх з павагай. Ніякіх паслабленняў, але і грубасці няма.
— Добра ставяцца, мы такія ж калегі, як і ўсе. Можам прыйсці адзін да аднаго на ўзаемадапамогу. У нас дружны калектыў, прывілеяў ніякіх няма, усё на роўных умовах, — заключаюць дзяўчаты.
Там, дзе заканчваецца ўстаў
Ёсць адна магія, якую не можа адмяніць ні адзін ўстаў. Як толькі дзяўчаты здымаюць ваенную форму, яны імгненна ператвараюцца ў звычайных жанчын — далікатных, клапатлівых. У гэтым яны салідарныя.
Але за знешняй далікатнасцю хаваецца сталёвы стрыжань. Алена Эгерд прызнаецца:
— Я рана засталася ўдавой, таму сама сабе падтрымка і надзейны тыл.
Для астатніх дзяўчат тыл — гэта ў першую чаргу сям’я і муж, якія часта служаць побач і разумеюць усе нягоды службы.
Пытаюся пра дзяцей. Як ім растлумачыць, што мама абараняе Радзіму?
— Ну, вядома, яны ставяцца з разуменнем. Гэта ж наш выбар, такая цяжкая праца — Радзіму абараняць. Яны разам з намі ўсё гэта пранеслі і ведаюць, як гэта няпроста.
2026-ты аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Як жа яны бачаць сучасніцу?
— Адукаваная, пісьменная, разумная і, у любым выпадку, моцная.
23 лютага і жаночае свята?
Да ўласнага свята ў гераінь стаўленне неадназначнае. Алена Клінцэвіч цвёрда лічыць яго сваім:
— Я прыраўноўваю гэтае свята і да сябе, мяне дзеці заўсёды ў гэты дзень віншуюць.
Іншыя ж дзяўчыны больш сціплыя ў ацэнках. Для іх 23 лютага — гэта хутчэй прафесійнае свята, як Дзень настаўніка ці медыка, а вось галоўным жаночым днём застаецца 8 сакавіка.
Пра што ж марыць дзяўчына ў пагонах? Пра мір, вядома. Але і аб простым жаночым шчасце.
— У многіх жанчын гэта праверка сябе. Хтосьці прыйшоў услед за сваімі хлопцамі, мужамі, кагосьці прывёў сюды іншы лёс. І ўсе служаць і ведаюць свае абавязкі. Хтосьці хоча далей расці ў званнях, атрымліваць больш высокія пасады, але кагосьці ўсё задавальняе так, як ёсць,-рэзюмуе агульнае меркаванне Аліна Канцаталава.
Бліц-апытанне
— Любімая страва ў салдацкай сталовай?
Тут аднагалоснасці няма, але фаварыты вызначыліся выразна: гарохавы суп і боршч. Усё, чым кормяць, смачна, але гэтыя стравы — па-за канкурэнцыяй.
— Што заўсёды ляжыць у вайсковым рэчмяшку, акрамя статутнага набору?
Адказ прадказальны і кранальны: люстэрка і вільготныя сурвэткі. Жанчына застаецца жанчынай нават у полі.
— Туфлі на абцасе або зручныя берцы?
Дзяўчаты ўпэўнена выбіраюць разношаныя берцы. Камфорт і надзейнасць важней шпількі.
— Ідэальны адпачынак пасля тыдня службы?
Тут адказ адзіны для ўсіх: правесці час з сям’ёй.
Гэтыя чатыры дзяўчыны — толькі малая частка тых, хто робіць наша жыццё спакойным. Яны не лятаюць на знішчальніках і не стаяць ля пускавых установак. Але ад іх зоркасці, увагі і прафесіяналізму залежыць, ці ўбачаць радары чужыя самалёты. І няхай у Дзень абаронцы Айчыны мы віншуем мужчын, але давайце не забудзем сказаць дзякуй і ім-далікатным дзяўчатам з моцнымі сэрцамі, якія ахоўваюць наша неба.
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Ягор Шэмет.






