Выстава “Вайна ў гісторыі маёй сям’і”, прысвечаная 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, дзейнічае ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур. Супрацоўнікі музея ажыццявілі цудоўную ідэю: да сбору экспанатаў выставы яны запрасілі ўсіх жадаючых, тыя сем’і, дзе беражна захоўваюць памяць аб родных героях, аб тых, хто са зброяй у руках абараняў нашу краіну ад ненавіснага ворага.

Кажуць, чалавек жывы да той пары, пакуль пра яго памятаюць. І гэта памяць аб героях дазваляе нам сёння лічыць сябе нашчадкамі Пераможцаў, людзьмі, якім генетычна перадаліся жыццёва важныя чалавечыя паняцці – бясконцая любоў да сваёй Радзімы,
жаданне ў любы цяжкі час стаць на яе абарону, сумленнасць і справядлівасць, цвёрдасць у адстойванні гістарычнай праўды, якая ў
сучасных рэаліях дазваляе нам упэўнена стаяць на нагах.
У выніку ў музеі з’явіліся рэчы 9 герояў вайны, а разам з імі гісторыі людзей, аб якіх падрабязна для нашых чытачоў расказала галоўны захавальнік фондаў музея Марына Пазняк. Менавіта яе намаганнямі сталі вядомыя і набылі абрысы гісторыі нашых землякоў.

Са Ржэва — у Іўе
У архіўных дакументах у Іўеўскім ваенкамаце я знайшла запіс: “Радавы Давыдаў Сяргей Паўлавіч, 1902 г.н., прызываўся ў Чырвоную Армію з г.п. Іўе ў жніўні 1944 года. Служыў ў 667-ым гаўбічным артпалку, дэмабілізаваны ў маі 1945 года”. Аказалася, Сяргей Давыдаў удзельнічаў у красавіку 1945 года ў фарсіраванні ракі Одэр, разгроме шчэцінскай групіроўкі немцаў, забяспечыўшы з поўначы наступленне 1-га Беларускага фронту на Берлін. Апошнімі аперацыямі войска сталі заняцце астравоў Воллін, Узедом і Руген у Балтыйскім моры.
У гэтай гісторыі цікавым з’яўляецца тое, што Сяргей Давыдаў нарадзіўся і ў пачатку вайны жыў ў Ржэве, а ў Чырвоную Армію прызваны ў Іўі. Хутчэй за ўсё, Давыдаў быў у ліку эвакуіраваных у 1942 годзе з-пад Ржэва. Восенню 1942 года група расіян была высаджана на станцыі Гаўя і заселена ў пустуючыя яўрэйскія дамы мястэчка. Я задалася пытаннем: “Чаму ён не быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію ў 1941 або 1942 гадах?”. Адказ падсказала яго ўнучка Ірына Уладзіміраўна Брэд, настаўніца замежнай мовы Іўеўскай СШ. Сяргей Давыдаў быў удзельнікам хутчэй за ўсё, савецка-фінскай вайны, дзе атрымаў сур’ёзнае раненне, таму і не быў прызваны ў войска ў самым пачатку вайны. Па словах сына, сям’ю перавезлі ў Іўе, і тады толькі яго мабілізавалі. Апынуўшыся не па сваёй волі на іўеўскай зямлі, у яго не было ніякіх дакументаў, каб пацвердзіць удзел у вайне 1939-1940 гг. у Фінляндзіі і тым больш даказаць, што быў паранены.

Выратаваўся і помсціў ворагу
Старэйшае пакаленне нашага горада і сёння памятае Барыса Іванавіча Когана, загадчыка рэстарана, а затым загадчыка нарыхтоўчай канторы. Нарадзіўся ён ў 1923 году ў сям’і Янкеля і Сары Коган у мястэчку Іўе. Жыла сям’я па вуліцы Бернардынскай (суч. вул.Карла Маркса), у раёне сучаснага завулка Садовы. У Барыса Іванавіча былі яшчэ два браты і сястра. Але ў ціхае і шчаслівае жыццё сям’і Коган уварвалася вайна, якая перакрэсліла ўсе мары і надзеі. У той страшны майскі дзень 1942 года, калі ў Стоневічах загінула амаль уся яўрэйская абшчына г. Іўе, у жывых застаўся толькі 19-гадовы Барыс. Яго выратавала сям’я Астравух, якая жыла на хутары Людмілін. Пазней усё сваё жыццё Барыс Іванавіч падтрымліваў цесную сувязь з гэтай сям’ёй, дапамагаў як толькі мог. Затым быў партызанскі атрад. Барыс Коган быў радавым атрада імя Сталіна, брыгады Сталіна, дзе праявіў сябе мужным і дысцыплінаваным байцом. У 1944 годзе ён быў прызваны ў дзеючую Чырвоную Армію. Служыў у асобным мотастралковым Мінскім батальёне сапёрам. Звесткі аб удзеле ў баявых дзеяннях вельмі скупыя. Але адзін запіс гаворыць аб многім: прозвішча і імя Барыса Когана ў спісе ўзнагароджаных медалём “За адвагу”.

Пісьмо з фронту
Пісьмы з фронту… Найчасцей яны захоўваліся ў сем’ях у пасляваенны час. Менавіта іх прыціскалі матулі да сваіх грудзей і цалавалі сваімі вуснамі, нібы абдымаючы сваіх сыноў. Я ўпэўнена, што і гэтыя лісты і паштоўкі з фронту былі самымі каштоўнымі і дарагімі для сям’і Кузьміч з в.Чапунь. Інакш яны не трапілі б у наш музей праз восем дзесяцігоддзяў пасля Перамогі. Іх стан пацвярджае і тое, што іх чыталі і перачытвалі тысячу раз.
Іван Мітрафанавіч Кузьміч нарадзіўся ў 1924 годзе ў в. Чапунь.
З 15 кастрычніка 1943 года па 25 ліпеня 1945 года Іван Мітрафанавіч лічыўся ў шэрагах партызанскага атрада В.П.Чкалава брыгады «Наперад» (дзейнічала на тэрыторыі Юрацішкаўскага раёна). Быў прадстаўлены да ўзнагароды “Партызану Айчыннай вайны” II ступені. Затым у ліпені 1944 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў у складзе 18-га армейскага запаснога стралковага палка. Быў паранены. Знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі для лёгкапараненых, з якога быў выпісаны 18 лютага 1945 г. у 5-ю стралковую Арлоўскую ордэна Леніна Чырванасцяжную ордэнаў Суворава і Кутузава дывізію 40-га стралковага корпуса. А праз тры дні Іван загінуў у баі за вызваленне в. Энгельсвальдзе ва Ўсходняй Прусіі. Там жа быў і пахаваны. Пазней перазахаваны ў брацкую магілу на вайсковых могілках у г. Бранева Вармінска-Мазурскага ваяводства, у Польшчы.
Тут жыў ветэран
Ян Юзэфавіч Барадын нарадзіўся (1922 г.) і жыў у в. Гуршчызна. У кастрычніку 1944 года быў прызваны ў 6-ты пяхотны полк 2-ой Варшаўскай пяхотнай дывізіі, якая пачала свой баявы шлях ў жніўні 1944 года з Магнушаўскага плацдарма. Ян Юзэфавіч быў кулямётчыкам.

У маі 1945 года Ян Юзэфавіч быў паранены. У сямейным архіве па сённяншні дзень захоўваецца даведка аб яго знаходжанні ў шпіталі з 21 мая па 1 жніўня 1945. Згодна дакументам быў дэмабілізаваны ў сакавіку 1946 года.
А пасля вайны было аднаўленне разбуранай гаспадаркі. У часы акупацыі жывёлагадоўчая галіна сельскай гаспадаркі была знішчана амаль цалкам, пасяўное зерне было вывезена ў Германію, адсутнічала тэхніка, не хапала працоўных рук. Усё гэта суправаджалася недахопам прадуктаў харчавання. Але мірнае жыццё брала сваё. Было ўсё: каханне, узвядзенне ўласнага дома, два сыны і дачка, парадавалі і ўнукі. Але да апошніх дзён яго жыцця вельмі часта сям’я прачыналася ад крыку: Ян Юзэфавіч у сне (а мінула ўжо не адно дзесяцігоддзе пасля тых страшных падзей) паднімаў баявых таварышаў у атаку.
На выставе мы размясцілі ўзнагароды Яна Барадына. Апошні медаль да 60-годдзя Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне перад экспанаваннем знаходзіўся ва ўпакоўцы. Яна так і не заняла сваё месца на грудзях ветэрана. У 2005 годзе Яна Юзэфавіча не стала. Але памяць аб ім жыве ў сем’ях яго дзяцей. Штогод 9 мая яны збіраюцца ля магілы свайго бацькі і дзядулі. На фасадзе дома, дзе жыў ветэран, па сённяшні дзень прымацавана чырвоная зорачка. Аднаго разу ў размове з Паўлам Валер’евічам, унукам Яна Юзэфавіча, захавальнікам усіх узнагарод, дакументаў, фотаздымкаў, прадстаўленым нам на выставу, пачула разважанне: “Можа правільна было б зняць яе?!”. Не, не трэба. Няхай вісіць як напамін усім праязджаючым, праходзячым аб тых цяжкіх гадах. А увогуле, цудоўна было б, каб на такіх дамах вісела яшчэ і шыльда: “Тут жыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны”, і імя і прозвішча таго, хто здабыў нам мірнае і светлае жыццё.
Выстава «Вайна ў гісторыі маёй сям’і» працуе да 15 чэрвеня.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.
Кірыл Маціфейчык (фота).
Працяг будзе.






