Жыў-быў у адной вёсачцы хлопчык. Ён быў вельмі непаслухмяны. Вучыцца не хацеў, дапамагаць па хаце жадання таксама не было. Нават кот Васька адразу бег на вуліцу, калі Мікола заходзіў у хату.
Аднойчы вечарам, калі Мікола сядзеў за сталом, на якім ляжалі падручнікі і сшыткі (нібыта вучыў урокі), яму здалося, быццам убачыў маленькага чалавека. Гэта быў дамавічок.
«Чаго ты слупом сядзіш і ўрокі не вучыш?» — запытаўся ён у хлопчыка з усмешкай. «А табе якая справа?» — буркнуў Мікола і змахнуў дамавічка на падлогу.
Дамавічок закрычаў ад болю, але стаў на свае маленькія ножкі і злосна пагразіў: «Ты вельмі непаслухмяны і надта злы! Табе за гэта будзе кара, пакуль не зменішся!». Так ён паабяцаў і знік.

Мікола засмяяўся, але словы чароўнай істоты яго напалохалі.
Раніцай прачынаецца — і нічога зразумець не можа. Пакруціўшы галавой, убачыў траву, кветкі, дрэвы. Але тыя былі вельмі вялікія, большыя у шмат разоў за тыя, да якіх прывык. Потым ён зразумеў, што прачнуўся на рамонку. Міколка спужаўся і гучна заплакаў.
Ён зразумеў, што збыліся чары дамавічка.
Хлопчык з цяжкасцю спусціўся з рамонка і пабег дадому. Але нават падысці на ганак не змог — нейкая сіла адштурхоўвала яго ад хаты. У роспачы ён паклікаў сваю маму, якая праходзіла побач. Бег за ёй, крычаў, плакаў, але тая не бачыла малую казяўку, не чула яго піскі.
Сеў Мікола пад кусцік, які ўчора зламаў, і заплакаў яшчэ гучней. Зразумеў малеча, што дамавічок так зрабіў, што яго ніхто не можа ні бачыць, ні чуць. А мама стаяла каля хаты і таксама плакала — прапаў яе сынок.
Мікола зразумеў: нельга быць непаслухмяным, нельга быць злым. Трэба добра вучыцца і дапамагаць бацькам, адносіцца да ўсіх людзей з павагай.
Раптам каля сябе ён зноў убачыў дамавічка. «Прабач мяне! Я больш не буду такім дрэнным! Я ўсё зразумеў! Пашкадуй мяне і маіх бацькоў!» — пачаў прасіцца хлопчык скрозь слёзы.
«Я прабачаю цябе. Але ты павінен выканаць свае абяцанні. І ніколі не быць такім непаслухмяным, якім быў раней!» — міла ўсміхаючыся, прашаптаў дамавічок.
І раптам Мікола апынуўся ў хаце. Падбег да люстэрка — і ледзь не заскакаў ад радасці. Ён стаў такім хлапчуком, якім і быў раней.
Мікола кінуўся да матулі, моцна абняў яе і стаў прасіць прабачэння: «Матулечка, даруй мне за ўсё! Я цяпер буду паслухмяным, буду добра вучыцца і дапамагаць табе і тату ва ўсім!».
«Я веру табе, сынок!» — ласкава ўсміхнулася маці і падмігнула дамавічку, які сядзеў на печцы.
Так Мікола і дамавічок сталі найлепшымі сябрамі. А паводзіны хлопчыка сталі прыкладам для іншых равеснікаў.
С. ГРЫНЦЭВІЧ.






