Экономика

Праз зімы і вёсны – у вадольскія гнёзды. Даследванне краязнаўцы Алега Ігліцкага (частка 5)

Чытайце пачатак, частку 2, частку 3, частку 4

У сям’і Уладзіславы і Сяргея Дабаровічаў выраслі чацвёра дзяцей. Старэйшая дачка Ганна пражывала з сям’ёй на хутары Зялёнкі і працавала на хлебазаводзе ў г.п. Юрацішкі. Цяпер пражывае ў сына Уладзіміра ў Мінску.

Дачка Святлана пражывала з сям’ёй у горадзе Маршанску Расійскай Федэрацыі. Закончыла Маршанскі тэхнікум лёгкай прамысловасці і працавала бухгалтарам. Пражывала ў Маршанску 20 гадоў. Стала індывідуальным прадпрымальнікам і адкрыла тры магазіны па продажу прамысловых тавараў. Купіла кватэру ў Маскве і апошнія гады пражывала там.

Сын Дабаровічаў Уладзімір пражываў і працаваў у Мінску. Затым пераехаў у Маскву і займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Жыве ў Маскве, на пенсіі.

Меншая дачка Дабаровічаў Вольга закончыла гандлёва – эканамічны тэхнікум. Пражывае з сям’ёй ў Іўі. Да выхаду на пенсію працавала сакратаром у Іўеўскім райспажыўтаварыстве, у “Аграпрамбанку”, у Іўеўскім райгазе.

Дачка Іосіфа і Ганны Вікця выйшла замуж у вёску Навікі за Пятра Зенюка. Яна працавала санітаркай у Юрацішкаўскай раённай бальніцы. Пётр пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны вярнуўся з нямецкага палону цяжка хворы. За ўдзел у баях з нямецкімі захопнікамі меў баявыя ўзнагароды. Працаваў даглядчыкам жывёлы ў саўгасе “Чарнэлі”. 

Старэйшая дачка Вікці і Пятра Зенюкоў Ганна закончыла Юрацішкаўскае медыцынскае вучылішча, пражывала з сям’ёй у Гродне і працавала медсястрой.

Малодшая дачка Зенюкоў Ірына жыве з сям’ёй у Ждановічах Мінскай вобласці. Да пенсіі працавала загадчыкам гаспадаркі ў пансіянаце для ветэранаў вайны і працы.

Сын Іосіфа і Ганны Вацлаў рана пайшоў з жыцця. Калі яму было 12 гадоў, пасвіў кароў, паляжаў на халоднай зямлі, застудзіў лёгкія, і вылечыць яго не ўдалося.

Чацвёртай у сям’і Чакавых нарадзілася дачка Леаніда. Яна выйшла замуж за хлопца Станіслава Нехвядовіча з Хілевічаў. Сям’я пражывала ў Вадолі. Леаніда была хатняй гаспадыняй, а муж працаваў вадзіцелем у Іўеўскім райспажыўтаварыстве. Іх старэйшы сын Янак працуе ў Мінску кранаўшчыком. А меншы сын Станіслаў у Маладзечне – вадзіцелем у “Белгазтранс”.

Самы малодшы сын Чакавых Яўген, 1933 г.н, служыў у Ваенна-Марскім флоце СССР у г. Мурманску. Пасля заканчэння тэрміновай службы ён пайшоў працаваць на Мурманскі рыбалавецкі флот. 

Яўгеній Чакавы (злева) з сябрам у Мурманску. 1960 г.

На караблі, дзе працаваў Яўген, марскую рыбу перапрацоўвалі і выраблялі рыбныя кансервы. Тут ён пазнаёміўся з расіянкай Ганнай Белікавай, 1930 г.н., якая працавала на караблі кокам. Яны пажаніліся ў 1960-м годзе. Ганна была родам з вёскі Каробчына Бранскай вобласці з мнагадзетнай сям’і – усіх дзяцей сямёра было. Сястра Клава памерла ў малалетнім узросце перад вайной.

У час вайны фашысты акупіравалі Браншчыну, а хату, дзе жылі Белікавы, занялі пад штаб. Маці Варвара з дзецьмі хавалася ў лясной зямлянцы. Там стаяла прывязаная да дрэва карова. Калі немцы адступалі, то спалілі і вёску Каробчына, і хату Белікавых, а сям’я ў лесе выжывала як магла.

Варвара Белікава з унучкай Наташай. Браншчына, в. Каробчына, 1960 г.

Бацька Ганны Белікавай Мікалай ваяваў на фронце, быў цяжка паранены. Асколак сядзеў у галаве, у некалькіх міліметрах ад мозгу. Дактары не браліся даставаць асколак, бо пры малейшай пульсацыі ён мог парушыцца – і смерць. Так яно і здарылася: бацька пражыў толькі пяць гадоў пасля вайны і памёр.

Патрэбна было аднаўляць спаленую хату ў Каробчына, і старэйшая Ганна паехала працаваць у Мурманскі рыбалавецкі флот поварам, каб пабудаваць для сям’і хату. Тут лёс і злучыў расіянку Ганну Белікаву і беларуса Яўгена Чакавага.

Ганна Чакавая з сынам Валерам . 1981 г

У час знаходжання на сушы сям’я жыла ў інтэрнаце г. Мурманска. Тут у 1962 годзе нарадзілася дачка Людміла. Дзяўчынка расла слабай і хваравітай. Доктар сказаў маладой маці, што на поўначы суровы клімат, малы працэнт кіслароду для дзіцяці, таму трэба мяняць месца жыхарства.

Яўген і Ганна адразу вырашылі: пераязджаем жыць з Мурманска ў Вадоль. Доўга не думаючы, у 1963 годзе яны пераехалі жыць на Іўеўшчыну. З Мурманска яны прывезлі дастатковую колькасць грошай, каб купіць дом у Іўі, ці іншым горадзе Гродзеншчыны. Але ў той савецкі час у людзей былі іншыя каштоўнасці. Прыцягвала перш за ўсё малая радзіма бацькі – Вадоль.

Яўген і Ганна пераехалі ў Вадоль, у хату бацькоў, каб разам жыць і дапамагаць ім. У гэты час ішла замуж сястра Яўгена Леаніда, якая жыла з бацькамі. Яўген дапамог сястры пабудаваць новую хату ў вёсцы побач з бацькавай, праз дарогу. Купіў на вяселле сястры ў пасаг матацыкл (для швагра), а сам з Ганнай застаўся жыць з бацькамі. Сёння такая шчодрасць здзівіла б многіх!

Не забылася і Ганна пра сваю няшчасную маці Варвару, братоў і сясцёр на Браншчыне. Працуючы ў Мурманску, яна пастаянна пасылала поштай грошы на будаўніцтва новай хаты ў Каробчына. Яна была пабудавана на месцы той, старой, спаленай немцамі ў вайну.

Калі Чакавыя пераехалі жыць з Мурманска ў Вадоль, у іх сям’і ў 1964 годзе нарадзіўся сын Валерый. А ў 1966 годзе нарадзілася дачка Ванда. Ганна гадавала дзяцей, трымала ўласную гаспадарку, працавала на сезонных работах у саўгасным паляводстве. А затым уладкавалася поварам у Вадольскую васьмігадовую школу і працавала тут да пенсіі.

Яўгеній Чакавы з сынам Валерам. 1983 г.
Ганна Чакавая з сынам Валерам. 1981 г.

У Яўгена Чакавага былі залатыя рукі, як і ў бацькі. Ён быў працавіты, дабрадушны, часта дапамагаў вяскоўцам. Меў бензапілу, умеў яе адрамантаваць. Пілаваў дровы па просьбе сяльчан. Працаваў на трактары ў СМУ меліарацыі на асушэнні балота, пасля – дарожным рабочым у ДРСУ-156.

Дачка Чакавых Людміла пасля заканчэння Вадольскай базавай і Юрацішкаўскай сярэдняй школы закончыла Маладзечанскае радыётэхнічнае вучылішча і працавала ў Мінску зборшчыкам мікрасхем на вытворчым аб’яднанні “Інтэграл”. Магчыма і засталася б наўзаўсёды жыць і працаваць у сталіцы. Але сяброўства, каханне і замужжа Людмілы з мясцовым хлопцам з Іўя Іванам Нехвядовічам змянілі лёс абоіх маладых людзей. 

Вяселле Івана і Людмілы Нехвядовічаў. 1985 г.
Людміла і Іван Нехвядовічы з дачкой Вольгай. 1987 г.

Пазнаёміліся яны на саўгасным фестывалі на беразе р. Гаўя каля вёскі Баравікі, а ў 1985 годзе пажаніліся. Іван і Людміла былі аднадумцамі і не вельмі жадалі жыць у вялікім горадзе. Месцам працы і пражывання выбралі Іўе, і ў 1986 Людміла пераехала сюды. Ніколі не шкадавалі аб гэтым. Жылі ў інтэрнаце ДРСУ-156, паступова пабудавалі ў Іўі дабротны і прасторны ўласны дом, нарадзілі і выгадавалі дзяцей. Людміла адразу пасля звальнення з працы ў Мінску, у перыяд сацыяльнага водпуску па догляду за дзіцём, паступіла ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум і набыла прафесію агранома. Бо раён, усё-такі, сельскагаспадарчы. А склалася так, што за перыяд працоўнай дзейнасці Людміле давялося працаваць у аддзеле адукацыі Іўеўскага райвыканкама сакратаром, загадчыкам склада.

Сям’я Чакавых у Іўі. 1992 г

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег Ігліцкі. Працяг будзе.