Паняцце нематэрыяльнай культурнай спадчыны з’явілася параўнальна нядаўна — яму каля трох дзесяткаў гадоў. Беларусь адной з першых у 2004 годзе падпісала прынятую годам раней Міжнародную канвенцыю ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Слова intangible, якое абазначае ў канвенцыі нематэрыяльную культурную спадчыну, з англійскай мовы правільней будзе перавесці хутчэй як «неадчувальнае» — гэта тое, што немагчыма памацаць, вымераць, закансерваваць як музейны прадмет ці помнік архітэктуры. Жывая спадчына, якая пастаянна змяняецца, перадаецца з пакалення ў пакаленне і прызнаецца носьбітамі гэтай спадчыны ў якасці важнай каштоўнасці. Вядома, элементы вельмі разнастайныя: тут і кулінарыя, і каляндарная абраднасць, песні, танцы, міфалогія — словам, усе праявы духоўнай культуры чалавека.
Перш чым трапіць у дзяржаўны спіс, элемент нематэрыяльнай спадчыны павінен быць старанна даследаваны. Гэта толькі гучыць усё лёгка і проста — на справе, каб падрыхтаваць адзін элемент да занясення ў спіс, праходзіць больш за год.
Усяго ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўнесена 140 элементаў, 27 з іх захоўваюцца на Гродзеншчыне. Сем традыцый вядомыя далёка за межамі краіны і ўключаны ў спіс ЮНЕСКА — сярод іх саломапляценне і выцінанка.
На працягу чэрвеня- ліпеня ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці працуе выстава нематэрыяльнай спадчыны Прынёманскага краю. Каля 100 экспанатаў расказваюць аб старадаўніх абрадах, рэцэптах народнай кухні, рамёствах і міфалогіі Гродзеншчыны. Сярод іх і іўеўскія элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны – гэта беларускія мастацкія практыкі саломапляцення, стравы з таркаванай бульбы, традыцыі свята “Тры каралі” і выраб мугіроў. Аб гэтым расказала зачадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ірына Смірнова.

Вырабы з саломкі прадставілі народныя майстры Беларусі Юзэфа Старасціна, Вера Чурэйна, Ганна Пуйдак і Ірына Смірнова.
Асаблівае месца займаюць мугіры, якія выканала таленавіты майстар, носьбіт НКС Эмілія Шабановіч. Нагадаем, што іўеўскія мугіры — гэта ўнікальны від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларускіх татараў. Яны ўяўляюць сабой вышытыя або напісаныя ўручную пано з сурамі з Карана, аятамі і малітвамі, якія шмат стагоддзяў служаць традыцыйным абярэгам.

Між іншым, гродзенцы і госці рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які нядаўна праходзіў у абласным цэнтры, маглі таксама падзівіцца творчасцю нашых землякоў. Вядома, папярэднічала гэтаму вялікая работа.
Ірына Смірнова расказала, што перш, чым трапіць на такое ўнікальнае свята, патрэбна было прайсці папярэдні адбор. І гэта іўяўчанам удалося выдатна. Таму ў шэсці, якое ў першы дзень фестывалю крочыла па гродзенскіх вуліцах, ганарова неслі сваю нацыянальную ідэнтычнасць іўеўскія татары. На наступны дзень на вуліцах разгарнуліся выставы на нацыянальных падворках. Майстар па саломапляценню Вера Чурэйна, не хаваючы эмоцый, паведамляе, які для яе вялікі гонар – падараваць свае знакамітыя саламяныя капелюшы міністру культуры Марату Маркаву і старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыю Караеву.

– Каб аформіць іўеўскі падворак да ўдзелу ў абласным фестывалі традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, які праходзіў на Аўгустоўскім канале, было праведзена некалькі этнаэкспедыцый. Нашы людзі шчыра адгукнуліся і перадалі нам для захавання і выкарыстання вельмі шмат цікавых рэчаў. Гэта вышываныя ручнікі, тканыя покрывы, старадаўнія прадметы побыту. Усё гэта дапамагло стварыць атмасферу сапраўднай вясковай хаты, у якой ладзіцца вяселле, – расказала загадчык аддзела.
Ірына Смірнова дадала, што з 2022 года ў раёне дзейнічае грамадскі культурна-практычны цэнтр па стажыроўцы майстроў саломапляцення, які аказвае кансультатыўную і метадычную дапамогу, стажыруе майстроў, дапамагае засвоіць практычныя навыкі па трацыцыйных відах рамёстваў.
Уся гэта вялікая работа па захаванні і папулярызацыі каштоўнай спадчыны дапамагае захаваць унікальнасць культурнай ідэнтычнасці рэгіёна, спрыяе ўзаемадзеянню паміж пакаленнямі і стварае ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу мясцовых жыхароў. Такія ініцыятывы садзейнічаюць і эканамічнаму развіццю рэгіёна, паколькі турызм, звязаны з культурнымі традыцыямі, становіцца ўсё больш запатрабаваным.
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.






