Клопат пра насельніцтва з’яўляецца асноўным накірункам дзейнасці ўладаў на месцы. Аднак для таго, каб своечасова адклікацца на патрэбы людзей, неабходна арыентавацца ў рэаліях самых аддаленых населеных пунктаў і выразна прадстаўляць, што канкрэтна неабходна жыхарам той ці іншай вёскі.
Як дабіцца адладжанай зваротнай сувязі сельскіх жыхароў і ўладаў? Адказ просты: з дапамогай стараст вёсак. Неабходнасць своечасовага і аператыўнага вырашэння ўзнікаючых перед сельскімі жыхарамі праблем у аддаленых вёсках прывяла да ідэі стварэння грамадскага актыву стараст, якія сталі сувязным звяном паміж насельніцтвам вёсак і органамі мясцовага самакіравання.
Вясковы стараста сёння — гэта не проста грамадская нагрузка. Работа самая что ні ёсць сур’ёзная. У гэтым упэўнена стараста вёскі Старчаняты Лілія Казіміраўна Лебедзь, якая займае гэту пасаду больш за 15 гадоў.

Жанчына 34 гады працуе бібліятэкарам мясцовай бібліятэкі. Успамінае, што маючы за плячыма прафесію бухгалтара, калісьці прыйшла ў бібліятэку на падмену дэкрэтнага водпуску. Так і засталася тут на ўсё жыццё. Вельмі да спадобы прыйшлася новая дзейнасць.
Тое, што Лілія Казіміраўна сама мясцовая (з в. Яславічы) і абслугоўвае чытачоў дзевяці блізляжачых вёсак, ёй толькі, як кажуць, на руку. Яна ведае, чым жыве кожны, якія праблемы мае і што неабходна тэрмінова вырашаць. Сёння чытачамі Старчаняцкай бібліятэкі з’яўляюцца 380 чалавек. Колькасць іх узрастае ў летнія месяцы, калі да бабуль і дзядуль з гарадоў на канікулы прыязджаюць унукі. Тады ёсць поле дзейнасці ў бібліятэкара і для іншых мерапрыемстваў. Праводзяцца розныя гульнёвыя праграмы, гутаркі, забаўляльна-пазнавальныя мерапрыемствы.
Яшчэ ў практыку бібліятэкара і старасты Ліліі Лебедзь увайшла арганізацыя святаў вёсак, якія яна наладжвае разам з культработнікамі з аг. Морына. Напрыклад, у мінулым годзе былі праведзены святы вёсак Паўлавічы і Збойск.
Лілія Казіміраўна мае багаты жыццёвы вопыт. Яна разам з мужам выхавала і дала пуцёўку ў жыццё траім дзецям, якія апраўдалі надзеі і спадзяванні бацькоў. Сыны — Андрэй і Павел — выбралі прафесію інжынера і механіка, дачка Людміла — медыцынская сястра. Усе яны маюць сем’і і радуюць бабулю і дзядулю ўнукамі. Пакуль іх чацвёра.
Распавядаючы пра сваю пасаду старасты, Л. Лебедзь адзначае, што асноўнымі задачамі яе дзейнасці з’яўляецца вывучэнне, улік і аналіз грамадскай думкі жыхароў сельскага населенага пункта. Яна ініцыіруе і аргані-зуе правядзенне работ па добраўпарадкаванні, азеляненні, яна звяртае ўвагу ўлады на рамонт дарог, прыпынкаў, утрыманне ў належным стане памятных месцаў, паляпшэнне санітарнага стану і добраўпарадкаванне жылых дамоў і прыдамавых тэрыторый. На яе плячах і праца з адзінокімі грамадзянамі.
Стараста выяўляе адзі-нокіх і састарэлых грамадзян, якія маюць патрэбу ў аказанні сацыяльнай дапамогі, дапамагае пажарным інспектарам у правядзенні прафілактыкі захавання правілаў супрацьпажарнай бяспекі.
Вясной стараста Лілія Лебедзь разам са старшынёй сельвыканкама вырашае пытанні ўзворвання агародаў пажылым людзям і выдзялення ім участкаў для нарыхтоўкі сена, зімой арганізуе расчыстку дарог ад снегу. Вялікая яе роля ў працы з праваахоўнымі органамі па прафілактыцы правапарушэнняў, а таксама ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі.
Неацэнная роля Ліліi Казіміраўны ў рабоце па інфармаванні насельніцтва аб працы сельвыканкама па рашэннях, якія прымаюцца Саветамі дэпутатаў. Галоўным індыкатарам работы з’яўляецца той факт, што сёння з усімі сваімі нягодамі і радасцямі людзі ідуць да яе.
І. БУТУРЛЯ.
С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).






