Новы помнік гісторыка-культурнай каштоўнасці (больш за 30 знаходак — вырабаў з крэменю і гліны, які ствараў чалавек у каменным веку) — такі вынік дзейнасці археалагічнага лагера «Спадчына», які дзейнічаў с 8 па 27 чэрвеня на базе Лелюкінскага дз/с-СШ. Другі год запар навуковае суправаджэнне лагера аказваюць супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Малодшы навуковы супрацоўнік Святлана Велент-Шчэрбач на Іўеўшчыне ў трэці раз. Першы — прыязджала з калегамі, як кажуць у асяроддзі археолагаў, на разведку. Другі — працавала ў мінулым годзе ў аналагічным лагеры. І на чарговае запрашэнне настаўніка гісторыі школы Андрэя Валчка згадзілася з вялікім задавальненнем, таму што ў прамым сэнсе слова нутром адчувала, што раскопкі будуць удалымі. Зрэшты, як сказала сама Святлана, яе надзеі спраўдзіліся.

— Паглядзіце, якая прыгажосць! — дастаючы з невялікага пакета каменьчык, — гаворыць сталічная навукоўца — і ўбачыўшы ў маіх вачах непаразуменне (маўляў, што у ім незвычайнага?), пачынае тлумачыць: » Гэта крэмень. Бачыце па баках сколы? Гэта старажытны майстар рабіў сабе працоўную паверхню, мы яго называем скрабач (нейкая даволі цвёрдая паверхня, ёй апрацоўвалі скуру ці саскрабалі з косткі рэшткі мяса ці сухажылляў). А самая вялікая знаходка — трохкутны наканечнік стралы».

У тым, што адпачываючыя ў лагеры хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца карыснай справай, сумненняў не ўзнікае. Аднак гэта будзе недакладнай характарыстыкай іх дзейнасці. Мяркую, пройдзе час, і ўсё, што тут адбывалася, будзе мець яшчэ які вялікі гістарычны сэнс. Таму што, як распавядалася раней, Іўеўшчына, недаследаваная з археалагічнага боку, пачынае пакрысе адкрываць свае таямніцы. У хуткім часе на месцы раскопак з’явіцца шыльда з надпісам «Барава-5». Гэта будзе азначаць тое, што тут знаходзіцца археалагічны помнік.

— Да мінулага года на дадзенай тэрыторыі не значылася ніводнага помніка, — распавядае Святалана. — Так быць не можа, таму што на гэтым месцы Беразіна ўпадае ў Нёман, а значыць, што тут проста не маглі не жыць людзі. І праводзячы разведвальныя работы, сярод іншых помнікаў было выяўлена гэтае месца. У мінулым годзе, каб лакалізаваць сам помнік, паглядзець яго культурны слой, насычанасць, было закладзена тры невялічкіх шурфы на гэтай пляцоўцы. І па знаходках было выяўлена, што тут выключна матэрыялы эпохі неаліту. Гэта значыць, што помніку 6-7 тыс. гадоў. Іншых матэрыялаў не было знойдзена. І гэта вельмі цікава з археалагічнага пункту погляду, таму што па сённяшні дзень на тэрыторыі нашай краіны няма «чыстых» помнікаў выключна гэтай эпохі. З гэтага пункту гледжання (я сама займаюся крэмнеапрацоўкай эпохі неаліту і бронзавага часу), мне стала цікава праводзіць раскопкі менавіта тут, спадзяючыся на сапраўднае адкрыццё першага «чыстага» помніка. Таму, калі нас запрасілі паўдзельнічаць у рабоце археалагічнага лагера, мы згадзіліся без усялякіх сумненняў.
На сённяшні дзень знойдзены матэрыялы эпохі неаліту (позняга каменнага веку) і ранняга бронзавага веку, якія распавядаюць, як жылі тут людзі 6-7 тыс. гадоў назад. І больш тут нічога не было ў тым сэнсе, што тэрыторыя не падвяргалася сельскагаспадарчай дзейнасці. На гэтым месцы вырас лес — і ўсё. Матэрыялы захаваліся ў тым стане, якія яны былі тысячагоддзі таму назад, на тым месцы, дзе іх пакінуў першабытны чалавек. І гэта самае цікавае. Мы не проста раскопваем, як ў мінулым годзе (там знаходкі не фіксаваліся, таму што шмат разоў сеялася, пераворвалася), а кожную знаходку фіксуем і будзем ствараць 3D-мадэль і прыкладна будзем ведаць, дзе і што адбывалася.
Святлана не хавае сваёй задаволенасці праведзенай работай. Расказваючы пра далейшы лёс археалагічнага помніка, адзначае, што ў гэтым годзе будуць пададзены адпаведныя дакументы і помнік возьме пад ахову дзяржава. Тут усталюецца знак, які будзе аб гэтым сведчыць. Такім чынам, ў нашым раёне на адзін помнік гісторыка-культурнай каштоўнасці стане больш. Такога кшталту ў Беларусі помнікаў мала, падкрэслівае навукоўца, «даволі чысты, не крануты сельскагаспадарчымі працамі».
Святлана Сяргееўна разам са сваёй калегай Ганнай Ясковіч адзначаюць вялікі ўклад лелюкінскіх школьнікаў у праведзеныя работы.
— Без старанняў хлопчыкаў і дзяўчынак у нас наўрад ці што атрымалася б, — расказваюць сталічныя госці. — Вялікі дзякуй ім за гэта! Працуюць з задавальненнем, вельмі хутка вучацца.

Настаўнік гісторыі Андрэй Валчок дадае, што некаторыя вучні насамрэч «захварэлі» археалогіяй. Іх лексікон у літаральным сэнсе слова папоўніся прафесійнымі тэрмінамі археолага: «шурф», «квадрат», «раскоп» і інш. Нават пасля таго, як дзеці вяртаюцца з палявых работ, яны яшчэ доўга абмяркоўваюць знаходкі.

Вераніка Кухта, навучэнка ўжо 11 класа, мае нават пасаду лабаранта. Гэта — за асаблівыя заслугі. Яна займаецца фіксаваннем знаходак.
— У археалагічным летніку я ўжо другі год, — паведаміла дзяўчына. — Мне вельмі цікава даведацца, як раней жылі людзі, чым карысталіся. А яшчэ — гэта магчымасць цікава правесці школьныя канікулы, якія, на жаль, апошнія.

Павел Сушчынскі (8 клас) з першага дня археалагічных раскопак сур’ёзна захапіўся гэтай справай. Расказвае, што ўжо не аднойчы думаў аб выбары прафесіі археолага.
— Гэта рамантычна і захапляльна, — разважае юнак. — У той жа час сур’ёзна і адказна.

Згодна з гэтым і Дар’я Катанекша (6 клас), якая, даведаўшыся, што археалагічны лагер будзе працаваць і ў гэтым годзе, адна з першых запісалася ў яго шэрагі. І вельмі ўдзячна сталічным гасцям за іх цярплівасць і жаданне ў даступнай форме тлумачыць невядомую навуку.
Аднак не ўсе жадаючыя былі прыняты ў археалагічны лагер, паведаміла начальнік Марына Сушчынская. Было залічана 20 чалавек з ліку тых, хто мае поспехі ў вучобе, грамадскім жыцці, спорце. Акрамя таго, што вучні ўдзельнічаюць у археалагічных раскопках, для іх праводзіцца цэлы шэраг выхаваўчых мерапрыемстваў і спартыўных спаборніцтваў, наладжана харчаванне.
Напрыканцы сустрэчы ў адрас сталічных навукоўцаў прагучала вельмі шмат падзячных слоў і, канечне, надзея на далейшае супрацоўніцтва. Адрасаваліся дорыя пажаданні і Андрэю Віктаравічу Валчку, таму што менавіта яго старанням і апантанасці гісторыяй у школе пачаў дзейнічаць археалагічны лагер. Дарэчы, адзін з нямногіх у Беларусі.
І. БУТУРЛЯ.
С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).






