
Незвычайны дзень сягоння,
Сэрцы б’юцца ўсё часцей, —
Фестывальная Гародня
Запрашае зноў гасцей.
На прынёманскіх сцяжынах,
На святочны карагод,
Зноў збіраецца Сябрына,
Што яднае наш народ.
Хлебам-соллю сустракаюць
Гарадзенцы ўсіх гасцей,
Іх даўно ўжо тут чакаюць —
І дарослых, і дзяцей.
З ранку музыка на плошчы,
Рух сюды з усіх куткоў,
Ветрык чэрвеньскі палошча
Мора ўсмешак і сцяжкоў.
Не надзівіцца Каложа
На гасцей і землякоў:
Столькі твараў тут прыгожых
Не было за шмат вякоў!
Плынь людская, песні, гоман
Поўняць горад да краёў,
І здаецца, бацька-Нёман
Вось-вось выйдзе з берагоў.
На якой гамоняць мове? —
На якой прыемна ім:
Мілагучнае шматмоўе
Зразумела тут усім.
Свята шчасцем разлілося:
Радасць, жарты, звонкі смех —
Самай шчырай весялосці
Тут, як кажуць, поўны мех.
Скрозь святочныя абрусы,
Горы ўсіх зямных дароў,
Што сабралі беларусы
Для сваіх братоў, сяброў.
Ды і госці падарункаў
Панавезлі з родных хат,
Дастаюць гасцінцы з клункаў, —
Атрымаць іх кожны рад.
Дзе ні ступіш, пачастунку,
Смакаты не абмінеш,
Найсвяжэйшага гатунку
Колькі хочаш, — столькі еш.
Тут і рускі, і татарын,
Украінец і паляк,
Армянін і малдаванін —
Сябар, брат, сусед, сваяк.
Праваслаўны і католік,
Мусульманін і будыст —
Вольны тут, нібы саколік,
Гумарыст і аптыміст.
А канцэртныя пляцоўкі
Тут і там — іх не злічыць,
Песні, танцы, падтанцоўкі —
Біце ў ладкі, гледачы!
Хай лунаюць песні шчасця
І братэрскай цеплыні!
Хай мацнее повязь часу
З нашай доляй дзень пры дні!
Мы і ў радасці, і ў скрусе
Будзем разам кожны міг
З нашай любай Белай Руссю —
Родны дом яна для ўсіх.
Мы шануем мір і згоду,
Будзем дружбу берагчы,
За Айчыну, за свабоду
Здольны ўсё перамагчы.
Хто якой ні быў бы веры, —
Мы адзіны наш народ.
Так спрадвеку, і мы верым:
Будзе ў нас так з году ў год!
Іван Карэнда
5 чэрвеня 2026 г.






