Экономика

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў раённай бібліятэцы адбылася паэтычная гадзіна

Паэтычная гадзіна “Гімн роднай мове” адбылася ў раённай бібліятэцы 18 лютага. Удзел у ёй прынялі вучні 8 “А” і “Б” класаў Іўеўскай сярэдняй школы.

“Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе. Хто забыў сваю мову – усё згубіў” – словамі Уладзіміра Караткевіча распачалі сустрэчу бібліятэкары. 

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У далёкім для нас 1952 годзе загінулі 5 студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бенгалі статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш. Адзначаецца гэты дзень з 2000 года.

Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек  пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Для нас, беларусаў, роднай мовай з’яўляецца беларуская мова.

У фармаце свята ўдзельнікам прапанавалі акунуцца ў чароўны свет роднай мовы, паслухаць, як гучыць яна не толькі на ўроках, але і ў выкананні  майстроў мастацкага слова ў бібліятэцы.

Была падрыхтавана спецыяльная выстава кніг па азначанай тэме.

Прагучаў верш Юрася Свіркі:

У нас сваiх хапае слоў

Крамяных,

росных,

васiльковых

Ад мурагоў i ад лясоў,

Ад светлых высяў жаўруковых.

У нас хапае слоў сваiх

Іх пазычаць няма патрэбы.

Ад чыстых даляў веснавых,

Ад глыбiнi ўлетку неба…”

“Словы роднай мовы  выказваюць услых пяшчоту, ласку i каханне. Яны ад чысцінi снягоў і ад пялёсткаў беласнежных. Яны ўвабралi звон крынiц, шум лесу i дыханне ночы…” — так вобразна адзначыў паэт. І іх трэба  разумець сэрцам!

Гаварылі вядучыя аб значнасці роднай мовы для духоўнага станаўлення чалавека. Аб яе пясняру — неўміручым Купале. Аб тых шчырых і ветлівых словах, якіх так шмат у нашым жыцці.

Вучням прапанавалі адгадаць шэраг беларускіх загадак і скарагаворак. Гучалі творы вядомых паэтаў і пісьменнікаў.

Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. Трэба ведаць і іншыя мовы. Трэба ведаць культуру іншых народаў. Але, безумоўна, найлепш і найперш трэба ведаць ўсё роднае, ўсё беларускае. Трэба прыслухоўвацца да роднай мовы і ўбіраць усё самае цікавае, што засталося нам у спадчыну.

Калі хоць палова з тых 74 %,  якія падчас апошняга перпапісу назвалі роднай мовай 

беларускую, падумае пра яе лёс – значыць, не ўсё яшчэ страчана. Змешаная “трасянка”, або мясцовая дыялектная – гэта таксама наша мова. Яна паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана, як роўная, сярод іншых моў свету.

Нельга адчуваць сябе сапраўдным беларусам, грамадзянінам сваёй дзяржавы, калі не ўжываеш родную мову. Францішак Багушэвіч казаў: «Мова — гэта «адзежа душы». Няхай жа душа беларускага чалавека, нарэшце, апранецца ў сваё адзенне, сатканае з такой прыгожай, звонкай беларускай мовы!

А закончылася мерапрыемства словамі Змітрака Бядулі: “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Т.ГРЫКЕНЬ, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” .