Бедны той, хто, апрача грошай, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, — гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы…
Алаіза Пашкевіч (Цётка)
Полацк — самы старажытны горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усіх славян. У гэтым горадзе зараджалася, усталёўвалася і мацнела наша дзяржаўнасць, адсюль ідуць першавытокі нашай нацыянальнай культуры. Старадаўнія вуліцы Полацка памятаюць гукі крокаў легендарна вядомага полацкага князя Усяслава Чарадзея, дойліда Іаана, майстра-ювеліра Лазара Богшы, першадрукара Францыска Скарыны і многіх іншых выдатных дзеячоў беларускай гісторыі і культуры.
26 лістапада старажытны Полацк гасцінна расчыніў дзверы для 14 навучэнцаў 10-11 класаў Геранёнскай СШ, якія прыехалі сюды дакрануцца да гісторыі сваёй краіны. Першы прыпынак – музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, адкрыты для наведвання ў 1987 годзе. Экспанаты музея апавядаюць пра гісторыю архітэктуры самай старажытнай пабудовы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, пра апошнюю рэстаўрацыю помніка. У Сафійскім саборы можна ўбачыць фрагменты кладкі 11 стагоддзя, практычна поўнасцю захаваны старажытны фундамент, а таксама фрэскавыя роспісы. У сценах Сафійскага сабора знаходзіцца і канцэртная зала, дзе можна атрымаць асалоду ад выдатнага гучання аргана.

Другі прыпынак — музей беларускага кнігадрукавання — выклікаў асаблівае захапленне. Гэта адзіны ў краіне музей такога напрамку, які збірае і захоўвае для нашчадкаў помнікі пісьменства ад рукапісных скруткаў да кнігі сучаснай, знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй пісьменства, пісьмовых прыладаў, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі. Цікава зазірнуць у майстэрню перапісчыка – скрыпторый, дзе засяроджаны манах-перапісчык з пяром у руцэ схіліўся над сваім сталом, старанна выводзячы літару за літарай, радок за радком. Уявіць працэс стварэння старадрукаванай кнігі дапаможа рэканструяваны інтэр’ер друкарні XVI–XVII стст., дзе так аддана працуюць наборшчык і друкар. Вандруючы па залах музея, адчуваеш гонар за нашых асветнікаў: Францыска Скарыну, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага, Сімяона Полацкага, Еўфрасінню Полацкую.

Апошнім прыпынкам быў Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр, унікальны праваслаўны манастыр Беларусі, адзін з найстаражытнейшых ва Усходняй Еўропе, заснаваны першай беларускай святой – нябеснай заступніцай краіны Ефрасінняй Полацкай. Уважліва паслухаўшы гісторыю жыцця асветніцы, наведалі храм, у якім знаходзіцца рака з мошчамі святой, Крыж Ефрасінні Полацкай, адноўлены ў 1997 годзе. Навучэнцы атрымалі незабыўныя ўражанні і задавальненне ад паездкі.


Да сустрэчы, Полацк!
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
І. Драб, настаўнік беларускай мовы і
літаратуры Геранёнскай СШ.






