Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"



Горад, у якім мы жывём. Іўеўскі музей нацыянальных культур запрашае паўдзельнічаць у новым праекце

Главное / Суббота, 21 ноября 2020 16:11 / Прочитано: 467

Іўеўскі музей нацыянальных культур - своеасаблівая лакмусавая паперка жыцця нашага горада ў розныя стагоддзі і часы яго існавання. Як сказала падчас інтэрв'ю раённай газеце старшы навуковы супрацоўнік музея Марына Пятроўна Пазняк, часам на экскурсіі ў музеі іўяўчане са здзіўленнем і захапленнем гавораць: "Гэта наш горад? Усё гэта сапраўды расказ пра яго?!

Гісторыя - навука цікавая, гісторыя - навука патрэбная. А яшчэ больш патрэбны людзі, якія данясуць яе сучаснікам. Тым больш, калі гаворка ідзе пра невялікі, такі звычайны, такі нічым, здавалася, не адметны раённы цэнтр. Так, краязнаўцы праз раённую газету даносілі асобныя цікавыя падзеі, імёны былых часоў, сівой даўніны. А вось музею, менавіта Іўеўскаму музею нацыянальных культур, наканавана было праліць святло на стагоддзі і пакаленні. І тым святлом запаліць душы іўяўчан гонарам за малую радзіму, жаданнем ведаць яе былое і сучаснасць. А супрацоўнікі музея, які ўзначальвае дырэктар Кацярына Уладзіміраўна Маскалевіч, імкнуцца не даць згаснуць гэтаму святлу.

Нядаўна пачаўся новы краязнаўчы праект "Былое ў сучасным". Гэта творчая аўтарская работа старшага навуковага супрацоўніка Марыны Пятроўны Пазняк.
На пытанне, як нарадзіўся праект, мая суразмоўца адказала, што ідэя даўно пасялілася ў сэрцы і душы. Аднак занятасць па працы не давала магчымасці цалкам аддацца яго рэалізацыі.
А гэты год, калі склаліся не зусім добрыя ўмовы для экскурсій, калі перасталі прыязджаць турысты і дзіцячыя экскурсіі па прычыне каронавірусу вельмі рэдка праводзяцца, з'явіўся час. І для творчасці, і для здзяйснення задуманага, і для сістэматызацыі назапашаных матэрыялаў, экспанатаў на тэму, якая просіцца ў асобны праект. І вось сёння мы ўжо маем магчымасць гаварыць пра новы праект. У чым жа яго сутнасць?

Марына Пятроўна:

- Радасна бачыць, як наш горад з кожным днём прыгажэе, мяняецца воблік дамоў на цэнтральных вуліцах, самі вуліцы. І толькі, на жаль, беззваротна адыходзіць у мінулае гісторыя кожнай пабудовы, губляецца або скажаецца інфармацыя аб іх. Сведак таго часу з кожным годам становіцца ўсё менш, і трэба паспець сабраць звесткі, якія захоўваюцца ў жывой памяці.
Таму Іўеўскі музей нацыянальных культур прапаноўвае ўсім разам - мясцовым жыхарам, нашым землякам, якія жывуць у розных куточках Беларусі і за яе межамі, - узнавіць мінулае. У рамках праекта плануецца сабраць разнастайныя гістарычныя звесткі пра тое, як выглядалі гэтыя дамы раней, хто быў гаспадаром. Праект задуманы як сумесны, і таму мы спадзяёмся на ўдзел людзей, не абыякавых да гісторыі нашага Іўя. Адновім памяць і захаваем яе для нашчадкаў!

Карэспандэнт:

- Спадзявацца толькі на ўспаміны, напэўна, марная справа. Вы можаце знайсці ўспаміны, пачынаючы з 50-60-х гадоў. Ужо нават ваенны час няма амаль каму успомніць.
Я так разумею, што праект цікавіць увесь час жыцця таго ці іншага дома?

Марына Пятроўна:

- Так. Нас цікавіць не толькі былое, а нават і дзень сённяшні. А пачынаем здалёку. Дзе бяром матэрыялы? Іх у фондах музея збіраецца шмат. Нашчадкі іўеўскіх яўрэяў з розных краін свету прывозяць копіі фотаздымкаў, асобных дакументаў, тэксты сваіх успамінаў пра бацькоў і дзядоў, малой радзімай якіх было мястэчка Іўе. Бясцэнныя матэрыялы трапляюць да нас на англійскай мове і іўрыце (афіцыйная мова Ізраіля). Пры дапамозе анлайн-перакладчыка пераводзім іх на рускую ці беларускую мовы, а затым апрацоўваем, робім тэкст мастацкім.

Шмат звестак, успамінаў, дакументаў, асобных рэчаў, якія "жылі" у тых дамах, прывозіць нам Тамара Маісееўна Барадач, якая сімвалічна звязвае мінулае з сучасным, не дае асобным падзеям і імёнам адысці ў небыццё.
Менавіта Тамара Барадач вадзіла нас, супрацоўнікаў музея, па вуліцах нашага горада, паказвала будынкі называла імёны, прозвішчы тых, хто жыў у гэтых дамах, расказвала гісторыі жыцця і смерці, радасці і смутку…
Безумоўна, карыстаемся мы і публікацыямі раённай газеты "Іўеўскі край". За многія гады на яе старонках і ў яе падшыўках назапашаны багаты матэрыял па краязнаўству і ўсяго раёна, і, у прыватнасці, нашага горада.
Зараз, напрыклад, калі я працую над праектам, вельмі дапамагаюць мне асобныя ўспаміны супрацоўніка музея Марыны Яўгенаўны Козел. Яна, вядома, маладая яшчэ жанчына. Аднак, карэнная іўяўчанка, і памятае, дзе і што знаходзілася гадоў 20-25 таму. Гэта важна, таму што ўсё настолькі змянілася, будынкі не аднойчы рэстаўрыравалі, рамантавалі. І той, хто не быў у Іўі некалькі дзясяткаў гадоў, ужо не вельмі дакладна арыентуецца сярод вуліц і дамоў.

Карэспандэнт:

- Вядома, што першыя фотаздымкі праекта ўжо размешчаны ў сацыяльных сетках, у інтэрнэце. Зараз да вашага праекта далучаемся і мы, рэдакцыя газеты "Іўеўскі край". І з задавальненнем будзем друкаваць усе вашы знаходкі і напрацоўкі. Яны пойдуць як працяг нашай размовы, але самастойна, без інтэрв'ю. Спадзяёмся, што сённяшняй публікацыяй мы прыцягнем увагу чытача і кожнага, хто не абыякавы да гісторыі роднага краю.

Марына Пятроўна:

- Так, мы будзем вельмі ўдзячны ўсім, хто дапоўніць або выправіць нашу інфармацыю, падзеліцца фотаздымкамі (зразумела, арыгіналы мы вам вернем), дапаможа нам і стане ўдзельнікам краязнаўчага праекта "Былое ў сучасным". Не абавязкова ісці да нас, можна звязацца з намі па тэлефоне 6-80-35.
Адновім і захаваем гісторыю Іўя для нашчадкаў разам!

А зараз гісторыі першых чатырох фотаздымкаў краязнаўчага праекта Іўеўскага музея нацыянальных культур "Былое ў сучасным" (вуліца Карла Маркса, былая Бернардынская) з вуснаў аўтара праекта старшага навуковага супрацоўніка Марыны Пятроўны Пазняк.

На першым здымку вуліца Бернардынская. Другі здымак - дом, які стаяў на месцы крамы "Капеечка". Пабудаваны ў 1929 годзе, знесены ў 2015-м.
Да Вялікай Айчыннай вайны дом належаў Мееру Дварэцкаму і яго жонцы Гуце. Яны мелі 6 дзяцей. Два сыны, Самуэль і Хаім-Лейб, са сваімі сем'ямі жылі разам з бацькамі. Дзесяць чалавек, тры сям'і, штодзень збіраліся за сямейным сталом.
Сям'я Дварэцкіх была заможнай і паважанай. Мужчыны займаліся агульнай справай і мелі кампанію "Дварэцкі і сыны". Гандлявалі будаўнічым матэрыялам і тэхнікай для сельскай гаспадаркі. Як галава сям'і, так і яго сыны, прымалі актыўны ўдзел у жыцці абшчыны, былі членамі розных мясцовых яўрэйскіх арганізацый. Меер узначальваў пахавальнае братэрства, кожны дзень праводзіў урокі Талмуда.

Адразу за домам Дварэцкіх стаяў яшчэ адзін дом, меншы па памерах. Там жыла дачка Меера і Гуты - Басэль, са сваім мужам Давідам Мілікоўскім і двумя меншымі дзецьмі - Тсалехам і Меркай.
У гады акупацыі сын Самуэль быў расстраляны падчас першай акцыі знішчэння яўрэйскай інтэлігенцыі Іўя - 2 жніўня 1941 года. Астатнія члены сям'і знаходзіліся ў гета. Дварэцкі-старэйшы быў членам юдэнрата (г.зн. яўрэйскага савета, арганізаванага па загаду нацыстаў).

Уся вялікая сям'я Дварэцкіх была расстраляна 12 мая 1942 года каля Стоневіч. У жывых засталіся Хаім-Лейб (адзін з сыноў Меера) з жонкай Тайбл, маленькімі дочкамі Любай і Цыляй і пляменнікам, сынам Самуэля, таксама Хаімам-Лейбам. Пасля ўцёку з лідскага гета, яны апынуліся ў яўрэйскім партызанскім атрадзе братоў Бельскіх. А пасля вызвалення Іўеўшчыны вярнуліся ў родныя мясціны, але ў 1946 годзе пакінулі Іўе.

У пасляваенныя гады ў гэтым доме размяшчалася паліклініка, аж да 1984 года, калі былі ўведзены ў эксплуатацыю карпусы сучаснага комплекса ЦРБ.
У 80-х гадах мінулага стагоддзя ў гэтым будынку знаходзіўся рыбнадзор.

А з 1991-га і аж па 2012 год тут размяшчаліся асобныя аддзелы цэнтральнай раённай бібліятэкі (адзел камплектавання і апрацоўкі, метадычны аддзел) і кабінет намесніка дырэктара.
Пэўны час у асобных пакоях працаваў тут раённы Цэнтр рамёстваў. Ну, а самае апошняе, што тут размяшчалася, гэта прыватныя крамы і салоны сувязі.
Такімі звесткамі валодае музей.

Гутарыла В. ГУЛІДАВА.
(працяг у наступных нумарах).

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 

 

 

Nothing found!

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.