Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"



Еўрапейскія дні спадчыны. "Адкрыта зірнуць на свет вакол нас"

Главное / Среда, 23 сентября 2020 15:29 / Прочитано: 359

Вось ужо больш за 20 гадоў з надыходам восені ўся Еўропа адзначае Еўрапейскія дні спадчыны. На працягу верасня краіны, якія падпісалі Еўрапейскую культурную канвенцыю Савета Еўропы (1954 г.), праводзяць мноства мерапрыемстваў і акцый для знаёмства сваіх суграмадзян і гасцей з іншых дзяржаў з аб'ектамі культурнай і прыроднай спадчыны, якая стагоддзямі стваралася і беражліва захоўвалася. Сёння Еўрапейскія дні спадчыны з'яўляюцца адным з самых чаканых і значных культурных падзей.

На гэтую тэму сёння выказваецца Алена Станіславаўна НЕХВЯДОВІЧ - метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу:

Пачатак гэтай традыцыі быў пакладзены яшчэ ў 1984 годзе, калі Францыя ўпершыню прапанавала правесці "Дні адкрытага наведвання гістарычных помнікаў". Галоўная мэта мерапрыемства заключалася ў тым, каб на адзін дзень зрабіць даступнымі тыя аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны, наведванне якіх звычайна было закрыта ці строга абмежавана для шырокай публікі. Да ліку такіх месцаў адносіліся палацава-паркавыя комплексы і сядзібы, прыватныя музеі і апартаменты, якія належалі вядомым гістарычным асобам, архівы і бібліятэкі, падземныя тунэлі, шахты і пячоры, вежы і маякі, кулісы тэатраў і кінастудый і многае іншае.

Як пацвердзіў вопыт першых "адкрытых дзён", большасць гэтых аб'ектаў, якія мелі важнае значэнне для гісторыі і культуры краіны, былі не толькі цяжкадаступнымі, але і малавядомымі масавай публіцы. І гэта нягледзячы на тое, што яны мелі важнае значэнне для гісторыі і культуры краіны. Ацаніўшы магчымасці падобнай акцыі, ужо праз пару гадоў да гэтай ініцыятывы далучыліся іншыя краіны Еўропы. У 1991 годзе Савет Еўропы, пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, афіцыйна абвясціў аб штогадовым правядзенні Еўрапейскіх дзён спадчыны. Пачынаючы з 1999 года ў праграмы з'явіўся свой лозунг "Еўропа - агульная спадчына", і з тых часоў кожная з краін-удзельніц (а сёння іх ужо больш за 50!) імкнецца вылучыць адзін з найбольш яркіх і цікавых аспектаў сваёй культуры і як мага шырэй і разнастайней прадставіць яго.

Па-першае, Еўрапейскія дні спадчыны могуць праводзіцца на працягу ўсяго верасня і нават кастрычніка. Кожная краіна-ўдзельніца мае права выбіраць дату. У нашай краіне ў гэтым годзе Еўрапейскія дні спадчыны прыйшліся на 19 і 20 верасня.

Па-другое, у праграму наведвання ўключаюць тыя помнікі і аб'екты, якія звычайна зачыненыя альбо цяжкадаступныя для публікі. Так, Еўрапейскія дні спадчыны адкрываюць для турыстаў і паломнікаў не толькі цэрквы і касцёлы, дзе адбываліся найважнейшыя падзеі, якія аказалі ўплыў на ход гісторыі ці выклікаюць цікаўнасць рэдкімі ўзорамі сакральнага мастацтва, але і дзверы некаторых сховішчаў Ватыкана, якія звычайна застаюцца наглуха зачыненымі для цікаўных вачэй. 

Па-трэцяе, адным з найважнейшых прынцыпаў правядзення Еўрапейскіх дзён спадчыны з'яўляецца магчымасць бясплатнага наведвання помнікаў (альбо на льготнай платнай аснове). Гэты пункт з'яўляецца зусім не малаважным, асабліва калі ўлічваць парадак еўрапейскіх коштаў на наведванне музеяў і аб'ектаў спадчыны. У нашай краіне большасць помнікаў гісторыі і культуры ў вольным доступе вялікую частку года. А ў Іўеўскім раёне ўсе гісторыка-культурныя каштоўнасці маюць неабмежаваны (чытай - бясплатны) доступ круглы год.

Разам з агульнымі прынцыпамі правядзення Еўрапейскія дні спадчыны накіраваны на рэалізацыю шэрага задач, важнейшымі з якіх, лічу, з'яўляюцца абуджэнне цікавасці да неабходнасці захавання спадчыны для перадачы будучым пакаленням; пашырэнне ведаў аб розных тыпах спадчыны, якія не заўсёды адпавядаюць традыцыйным уяўленням (так, напрыклад, кулінарыя з'яўляецца нематэрыяльнай спадчынай, бо перадаецца сама традыцыя падрыхтоўкі страў і напояў, а не гатовыя стравы); забеспячэнне комплекснага падыходу да кіравання спадчынай на розных узроўнях (эканоміка, палітыка, соцыум) і г. д.

Нароўні з нацыянальнымі СМІ краін-удзельніц адной з галоўных крыніц распаўсюджвання інфармацыі аб Днях спадчыны з'яўляецца афіцыйны сайт Савета Еўропы (www.coe.int). Тут можна не толькі атрымаць інфармацыю аб правядзенні Дзён спадчыны ў розных краінах, але і даведацца, якія аб'екты будуць адкрытыя для наведвання, якія мерапрыемствы прыгатаваныя для наведвальнікаў. 

Вось ужо каторы год запар Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і аддзел аховы гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі праводзяць шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дзён спадчыны.Сярод іх - правядзенне "круглых сталоў" і экспертных сустрэч, накіраваных на вырашэнне найбольш вострых праблем у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны; арганізацыя кансультатыўнай дапамогі для дзяржаўных і прыватных устаноў па папулярызацыі спадчыны сярод суграмадзян і за межамі рэспублікі; выданне інфармацыйных буклетаў, якія раскрываюць тэму года, правядзенне фотавыстаў і многае іншае.

У гэтым годзе абмежаванні, звязаныя з пандэміяй COVID-19, вымусілі арганізатараў мерапрыемстваў большасць з іх перанесці ў анлайн-сферу і стварыць віртуальны свет з доступам да відэа- і фота-галерэй, віртуальных экскурсаў, вебінараў і іншых анлайн-мерапрыемстваў.

Тэма "Спадчына і адукацыя: навучанне для жыцця!", абраная ў гэтым годзе для Еўрапейскіх дзён спадчыны (яны ў 2020 годзе працягнуцца да канца кастрычніка), ахоплівае самыя розныя пытанні і прапануе больш шырокае знаёмства з старадаўнімі рамёствамі "Навучанне праз стварэнне", вывучэнне спадчыны праз размову "Вусная гісторыя", праз прагляд і стварэнне дакументальных фільмаў аб мясцовых славутасцях і т.п.

- Што да Еўрапейскіх дзён спадчыны прымеркавана ў нашым раёне?

- Да Еўрапейскіх дзён спадчыны ў нашым раёне можа быць прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў, якія праходзяць ва ўстановах культуры і адукацыі, і не толькі ў верасні. Ва ўстановах культуры горада і раёна пастаянна праходзяць майстар-класы па саломапляценні, вырабе традыцыйнай беларускай лялькі, ткацтве. Многія з іх ужо выкладзены ў інтэрнэт-прасторы. Работнікі культуры працуюць у рамках абласных інтэрнэт-праектаў "Творчасць - гэта PROнас! Далучайся!", "Майстэрня #тварымдома", "Падкаст аб традыцыйнай культуры", "Відэачытанні беларускіх народных казак". Майстры саломапляцення працуюць у рамках абласнога праекта "З крыніц спрадвечных", які прэзентуе элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. З чэрвеня бягучага года ва ўстановах культуры рэалізуецца праект "Золата роднага краю", які прэзентуе майстроў саломапляцення Іўеўшчыны. 

Аддзелам метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу складаюцца і выдаюцца інфармацыйныя буклеты аб помніках гісторыка-культурнай спадчыны Іўеўшчыны. Так, у бягучым годзе ўбачылі свет буклеты, прысвечаныя касцёлам Святога Казіміра ў аг. Ліпнішкі і Святога Мікалая ў аг. Геранёны, Свята Троіцкай царкве ў аг. Морына, пунктам геадэзічнай дугі Струве "Іўе" і "Віднопаль". 

Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу прымае ўдзел у рэалізацыі раённага культурна-адукацыйнага праекта "Фарміраванне грамадскасці праз вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы" сумесна з установамі адукацыі раёна - Іўеўскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, гімназіяй №1 г. Іўе, Геранёнскай сярэдняй школай. Ва установах адукацыі будзе праведзены шэраг мерапрыемстваў па вывучэнні культурнай і гістарычнай спадчыны Іўеўшчыны. Гэта і экскурсы па памятных месцах раёна, наведванне музеяў устаноў культуры і адукацыі, Іўеўскага музея нацыянальных культур, правядзенне этнаграфічных і народных святаў, інтэлектуальных гульняў, працоўных акцый і інш. У кастрычніку-лістападзе бягучага года пад кіраўніцтвам метадыста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і з ўдзелам навучэнцаў іўеўскай гімназіі пройдзе этнаграфічная экспедыцыя па вывучэнні традыцыі малявання мугіраў іўеўскіх татар. Для вучняў Геранёнскай сярэдняй школы падчас вясенніх канікулаў будзе праведзена квэст-гульня "Скарбы замка Гаштольдаў". 

Аб самых цікавых мерапрыемствах мы пастараемся расказаць на стронках інтэрнэт-сайтаў і, вядома, любімай газеты "Іўеўскі край". 

І ўсё ж такі, чым жа так важныя Еўрапейскія дні спадчыны? Што яны даюць кожнаму з нас паасобку? Мабыць, казаць пра гэта можна шмат, але сутнасць застанецца ранейшай: Еўрапейскія дні спадчыны, дзе б яны ні праходзілі, гэта не проста адно з афіцыйных мерапрыемстваў, гэта сама магчымасць адкрыта зірнуць на свет вакол нас, даведацца тое, пра што раней нават і не здагадваліся, і зразумець: як бы мы ні адрозніваліся адзін ад аднаго, ва ўсіх нас ёсць нешта агульнае, якое дазваляе ганарыцца сваім мінулым, адчуваць сваё дачыненне да гісторыі і фарміраваць будучыню. Бо тое, што застанецца пасля нас, тое, што нашы нашчадкі будуць называць сваёй спадчынай, мы захоўваем і ствараем ўжо сёння.

Падрыхтавала да друку 

В. ГУЛІДАВА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 

 

 

Nothing found!

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.