Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"



Мая малая радзіма: з гісторыі вякоў і пакаленняў Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Іўеўскага раёна

Главное / Понедельник, 17 августа 2020 10:47 / Прочитано: 256

15 жніўня з'яўляецца неафіцыйным прафесійным святам беларускіх (і не толькі) археолагаў. Прапануем нашым чытатам абзорны матэрыял настаўніка гісторыі Лелюкінскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Андрэя Віктаравіча Ваўчка, які ўжо даўно і з вялікім энтузіязмам займаецца краязнаўчай і даследчай работай. Наша выданне не раз друкавала  яго артыкулы пра цікавыя знаходкі, пра далучэнне да гэтай займальнай і ў той самы час сур'ёзнай дзейнасці школьнікаў падчас летняга адпачынку ў лагеры, куды па ініцыятыве Андрэя Віктаравіча былі запрошаны сапраўдныя археолагі. 

У размове з журналістамі "ІК" Андрэй Віктаравіч  з вялікай павагай узгадаў імя вядомага беларускага археолага, доктара гістарычных навук, прафесара  Леаніда Давыдавіча Побаля, які нарадзіўся і вырас на Іўеўшчыне. Мы можам ганарыцца нашым знакамітым земляком, які пакінуў значны след у гэтай навуковай галіне і адкрыў для нас, іўяўчан, новыя старонкі гісторыі малой радзімы.

Першыя звесткі пра археалагічныя помнікі Іўеўшчыны змяшчаюцца ў працы польскіх вучоных Міхала Балінскага і Ціматэўша Ліпінскага "Старажытная Польшча" (1846 год выдання). Прыведзены звесткі пра гарадзішча ў мястэчку Трабы.

У 1893 годзе ў Вільні была выдадзена праца вядомага расійскага археолага Фёдара Васільевіча Пакроўскага, якая называлася"Археалагічная карта Віленскай губерніі". Матэрыял даследавання ўтрымлівае звесткі пра помнікі археалогіі ў ваколіцах вёсак Трабы, Суботнікі, Ліпнішкі і Геранены. Трэба адзначыць, што дадзены матэрыял не згубіў сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень.

У пачатку XX стагоддзя каля вёскі Бакшты была выяўлена стаянка каменнага і бронзавага вякоў. Апісанне дадзенага аб'екта змешчана ў працы нямецкага вучонага Бонэберга "Die Vorzeit im Schutzengraben. Das Land ober Ost"(1917 год выдання).

Падчас знаходжання тэрыторыі раёна ў складзе Польшчы з 1921 па 1939 год археалагічныя даследаванні не праводзіліся. Але адназначна аб гэтым сцвярджаць немагчыма. Улічваючы той факт, што ў іншых раёнах нашай вобласці польскімі вучонымі былі праведзены шматлікія экспедыцыі і даследаванні, то, магчыма, і наш рэгіён таксама быў ахоплены археалагічным вывучэннем.

Своеасаблівым новым этапам археалагічных даследаванняў тэрыторыі Іўеўскага раёна сталі 50-70-я гады мінулага стагоддзя. 

У 1956 годзе супрацоўнікам Ленінградскага аддзялення Інстытута археалогіі АН СССР Фрыдай Давыдаўнай Гурэвіч быў адкрыты курганны могільнік каля вёскі Крывічы.

У 1960-я гады вядомы беларускі археолаг Міхаіл Міхайлавіч Чарняўскі праводзіў археалагічныя разведкі па берагах Немана, Заходняй Беразіны і Гаўі.

У 1970 годзе Гаўрыілам Іванавічам Гарэцкім была выяўлена стаянка каменнага і бронзавага вякоў каля в. Морына. Праз некалькі гадоў там былі праведзены раскопкі пад кіраўніцтвам М.М. Чарняўскага.

У 1973 годзе вядомы беларускі археолаг Леанід Давыдавіч Побаль праводзіў даследаванні гарадзішча ў гарадскім пасёлку Іўе. Ім таксама былі адкрыты аб'екты каля вёскі Мікалаева.

У 1974 годзе пры абследаванні раёна ў сувязі з падрыхтоўкай "Збора помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" супрацоўнік Інстытута гісторыі АН Беларусі Алена Генадзьеўна Калечыц адкрыла курганны могільнік каля вёскі Новая Вергань. У тым жа годзе яна абследавала гарадзішча ў вёсцы Трабы. Даследаванні дадзенага аб'екта былі праведзены таксама і ў 1984 годзе беларускім археолагам Яраславам Генрыхавічам Звяругай.

Раскопкі помнікаў перыяду сярэднявякоўя ў ваколіцах вёскі Суботнікі праводзіў Зянон Станіслававіч Пазняк. Адбывалася гэта ў 80-я гады мінулага стагоддзя.

Ёсць на Іўеўшчыне і помнік абарончага дойлідства - Геранёнскі замак, дакладней будзе, рэшткі замка. У 1972 годзе яго даследаваннем займаўся адзін з самых вядомых спецыялістаў абарончай архітэктуры Міхась Аляксандравіч Ткачоў. Дзякуючы матэрыялам яго даследавання, была зроблена графічная рэканструкцыя замка.

Трэба адзначыць і ўклад у археалагічнае вывучэнне тэрыторыі раёна мясцовага настаўніка гісторыі і краязнаўцы Алега Міхайлавіча Ігліцкага, жыхара аг. Морына. Ім быў знойдзены шэраг аб'ектаў перыяду каменнага і бронзавага вякоў у ваколіцах р. Нёман, інфармацыя аб якіх была перададзена спецыялістам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Калі гаварыць пра 90-я гады мінулага стагоддзя, то археалагічныя даследаванні ў раёне не праводзіліся.

Новай старонкай у вывучэнні гісторыі Іўеўшчыны стала арганізацыя дзейнасці школьных археалагічных лагераў.

Першы такі лагер быў арганізаваны на базе дзяржаўнай установы адукацыі "Навучальна-педагагічны комплекс Ліпнішкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа" у 2013 годзе. Аб'ектам для правядзення раскопак было выбрана селішча каля Геранёнаў, дзе засталіся рэшткі касцёла. Праведзеныя даследаванні паказалі, што ў ХV-XVI стагоддзях каля Геранёнскага касцёла размяшчаліся паселішча і могільнік. Касцёл быў разбураны ў ходзе вайны 1654-1667 гадоў, калі быў разбураны і Геранёнскі замак. Аднак жыццё на паселішчы працягвалася.Доказам гэтага з'яўляюцца знаходкі перыяду ХVІІ-XVІІI стагоддзяў.

У 2014 годзе даследаванні былі прадоўжаны на тым жа самым месцы, непасрэдна каля былога касцёла. Раскопкі паказалі, што каля яго знаходзіліся могілкі. Атрымалася ўстанавіць, што пахаваннні адносяцца да ХVІ-XVІІ стагоддзяў.

У 2015 годзе была арганізавана праца раённага археалагічнага лагера на базе дзяржаўнай установы адукацыі "Геранёнская сярэдняя школа".

Аб'ектам даследавання стаў сярэднявечны могільнік каля в. Дайнава (3 км. ад аг. Геранены). Даследаваная плошча склала 12 кв. м. Усяго на могільніку было знойдзена 48 індывідуальных знаходак і 40 фрагментаў глінянага посуду. Падчас правядзення раскопак была атрымана важная інфармацыя аб пахавальных традыцыях балцкага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў XIII-XIV ст. Акрамя таго, даследаванні дадзенага аб'екта далі магчымасць пашырыць веды аб матэрыяльнай культуры насельніцтва беларуска-літоўскага памежжа ў абазначаны храналагічны перыяд.

На працягу чатырох гадоў, пачынаючы з 2014 па 2017 год,падчас летніх канікул на базе дзяржаўнай установы адукацыі"Навучальна-педагагічны комплекс Лелюкінскі дзіцячы сад-сярэдняя школа" дзейнічаў археалагічны лагер "Спадчына". 

У чэрвені 2014 года былі праведзены археалагічныя раскопкі агульнай плошчай 23 кв. м. на паселішчы Латэўка-1 на беразе старыцы Нёмана.

Вывучэнне аб'екта Латэўка-1 дазволіла ўдакладніць характар культурнага слою і храналагічныя межы помніка. Так, было вызначана, што тэрыторыя помніка разворвалася на глыбіню да 30 см, а ў вораўным слоі, слаба насычаным артэфактамі, трапляюцца матэрыялы ад эпохі неаліту-бронзавага веку да эпохі сярэдневякоўя і новага часу. Усяго на помніку было знойдзена 170 артэфактаў, сярод якіх 2 крамянёвых вырабы з другаснай апрацоўкай, 18 рашчэпленых крамянёў, 2 крамянёвых абломкі, 20 фрагментаў ляпной і 124 фрагменты кругавой керамікі, 4 металічныя вырабы і іх фрагменты.

Асноўным аб'ектам даследавання стала першабытная стаянка эпохі неаліту і бронзавага веку Барава 5, якая знаходзіцца на старажытным беразе ракі Нёман, непадалёк ад аднаіменнай вёскі Барава. 

Сама стаянка была выяўлена ў 2014 годзе навуковымі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Святланай Сяргееўнай Велент-Шчэрбач і Алегам Юр'евічам Ткачовым падчас правядзення археалагічных разведак. У гэтым жа годзе разам з вучнямі Лелюкінскай школы на помніку была праведзена шурфоўка і выяўлены культурны слой.

Стаянка Барава 5 размешчана на адлегласці 1,75 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Барава, паміж двумя старыцамі ракі, на пляцоўцы 140х80 м на высокай рачной тэрасе. У 2014 годзе на помніку былі закладзены тры шурфы агульнай плошчай 3 кв.м.: два ў цэнтральнай частцы і адзін на заходнім краі тэрасы. Падчас даследавання на помніку былі сабраны пласціны, адшчэпы, лускі, крамянёвыя вырабы, нуклеус, фрагменты сценак керамікі з арганічным дамешкам, кальцанаваныя косткі - усяго 113 артэфактаў.

Таксама ў шурфе № 2 быў вызначаны каменны аб'ект, у якім былі знойдзены фрагмент пласціны, 7 адшчэпаў, 2 пласцінчатыя адчэпы і 3 фрагменты ляпной керамікі.

Далейшыя археалагічныя даследаванні стаянкі Барава 5 праводзіліся ў чэрвені 2015 года падчас працы археалагічнага лагера. На помніку было даследавана 20 кв.м - у цэнтальнай частцы заклалі 2 шурфы плошчай 12 і 8 кв.м. адпаведна.

У шурфах было знойдзена 988 артэфактаў, з іх 220 фрагментаў ляпной керамікі, 639 крамянёвых артэфактаў, 2 апрацаваных камяні. У цэлым, артэфакты з  двух шурфоў сінхронныя. Характар крамянёвага комплексу адпавядае эпохе неаліту - бронзавага веку. Гэта адна- і двухпляцовачныя нуклеусы ад пласцін і ад адшчэпаў, скрабкі, разцы, камбінаваныя прылады, праколкі, нарыхтоўкі сякер, лушчані, выемчатыя прылады, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы.

У 2016 годзе даследаванні на помніку былі працягнуты. Усяго было даследавана 30 кв.м. 

У раскопах было знойдзена 1519 артэфактаў, з іх 352 фрагментаў ляпной керамікі, 962 крамянёвых артэфактаў, 3 апрацаваных камяні и 202 фрагменты дробнай кальцанаванай косткі. Як і ў папярэднім годзе, артэфакты з двух шурфоў сінхронныя і адпавядаюць культурным традыцыям неаліту і бронзавага веку.

Знойдзеная ў 2016 годзе кераміка дазволіла выдзеліць 5 культурных і храналагічных груп: кераміка прыпяцка-нёманскай культуры, лысагорскі і дабраборскі этап нёманскай культуры, кола культур шнуравой керамікі і культурныя традыцыі, якія храналагічна адпавядаюць эпохе позняга бронзавага веку без дакладнага культурнага вызначэння.

Даследаванні прадоўжыліся і ў 2017 годзе. Агульная плошча даследаванняў склала 37 кв. м. Быў закладзены раскоп у цэнтральнай частцы пляцоўкі плошчай 28 кв.м і шурф на паўночна-заходняй ускраіне стаянкі плошчай 9 кв.м. У раскопе, як і ў мінулыя гады, былі знойдзены крамянёвыя артэфакты і фрагменты ляпной керамікі, характэрныя для прыпяцка-нёманскай культуры, нёманскай культуры, культуры шнуравой керамікі і керамікі позняга бронзавага веку.Агульная колькасць знаходак склала 2156 адзінак[4,с.22].

У 2018 годзе былі праведзены чарговыя археалагічныя раскопкі дадзенага аб'екта. Былі закладзены 3 шурфы агульнай плошчай 8 кв.м. Колькасць знойдзеных артэфактаў склала 147 адзінак, сярод якіх крамянёвыя і каменныя артэфакты, а таксама фрагменты керамікі.

У чэрвені 2019 года археалагічныя раскопкі праводзіліся на аб'екце Барава 15. Плошча даследаванняў склала 15 кв. м., колькасць знаходак каля100 адзінак.Сярод іх фрагменты крамянёвых прылад працы і керамікі.

Яшчэ адным накірункам у арганізацыі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі раёна стала правядзенне археалагічных разведак з мэтай выяўлення новых помнікаў археалогіі. За перыяд з 2013 па 2019 год у рэгіёне было знойдзена больш за 30 новых аб'ектаў. Удзел у правядзенні такой формы даследаванняў прымалі і навучэнцы Лелюкінскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Так, у лістападзе 2016 года супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Святланай Сяргееўнай Велент-Шчэрбач, Алегам Юр'евічам Ткачовым і Станіславам Сцяпанавічам Юрэцкім разам з навучэнцамі нашай школы былі абследаваны берагі і ўзвышшы старыц р. Нёмана і правабярэжжа р. Заходняя Бярэзіна.

Кіраўніцтва археалагічнымі даследаваннямі ажыццяўлялі навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Міхайлавіч Кенька, Яўген Вячаслававіч Уласавец, Алег Юр'евіч Ткачоў, Святлана Сяргееўна Велент-Шчэрбач, Сяргей Барысавіч Ліневіч, Максім Міхайлавіч Чарняўскі, Ганна Сяргееўна Ясковіч.

Усяго за час працы археалагічных лагераў было знойдзена і вывучана больш за пяць тысяч артэфактаў. Частка з іх перададзена ў раённы музей г. Іўе.

Можна вызначыць некалькі этапаў археалагічных даследаванняў тэрыторыі Іўеўскага раена:

- першы этап - XIX - пачатак XX стагоддзя, які звязаны з пачаткам вывучэння археалагічных помнікаў рэгіёна;

- другі этап - 1950-1970-я гады, перыяд актыўных археалагічных даследаванняў тэрыторыі раёна;

- трэці этап - пачатак XXІ стагоддзя, звязаны з дзейнасцю школьных археалагічных лагераў.

Таксама неабходна адзначыць вялікую ролю ў вывучэнні мінулага рэгіёна, якую адыгралі школьныя археалагічныя лагеры, выступаючы своеасаблівымі цэнтрамі даследавання гісторыі раёна.

А. Ваўчок. Фота з архіва “IK”

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 

 

 

Nothing found!

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.