Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"



Размовы на вясковай вуліцы. Паехалі ў “Кітай”!

Главное / Среда, 12 августа 2020 14:56 / Прочитано: 385

З гісторыі вёскі Мількі

Не палохайцеся і не радуйцеся. Не клічу я вас  зрабіць вандроўку ў Паднябесную (так здаўна называюць сапраўдны Кітай, Кітайскую Народную Рэспубліку). Другім Кітаем яшчэ зусім нядаўна, у 70-90-я гады мінулага стагоддзя, называлі навакольныя маленечкія вёскі і хутары вялікія супраць іх Мількі - прыгожую, зялёную, шматлюдную вёску. І хоць было там усяго 33 дамы, аднак поўнілася вёска дзіцячымі галасамі, сем'і былі вялікімі. І дзяўчаты з хлопцамі ў асноўным між сабой браліся, не прыводзілі ў бацькоўскія хаты мужа ці жонку - "іншаземцаў". 

Вось і рос той праваслаўны “Кітай” (тут жывуць праваслаўныя вернікі, якія адносяцца да трабскага прыходу), і поўніўся людзьмі на зайздрасць  наваколлю. Вёска заўсёды была немалой. Гістарычныя нататкі сведчаць, што  ў 1861 годзе яна налічвала 49 рэвізскіх душ, два жыхары адносіліся да вольных сялян. Сам населены пункт быў дзяржаўнай уласнасцю. У 1897 годзе меліся 24 двары, дзе пражывала 170 жыхароў, дзейнічаў хлебазапасны магазін. У 1909 годзе - 20 двароў, 165 жыхароў, якія мелі 98 дзесяцін зямлі, 55 кароў, 15 коней. Працавала школа граматы. У 1921-1939 гадах - у Трабскай гміне Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы.

З 12 кастрычніка 1940 года - 44 двары, 270 жыхароў. Вёска ў складзе Трабскага сельсавета Юрацішкаўскага раёна. 

З 1962 года ў Юрацішкаўскім пасялковым Савеце. 

У 1970 годзе 159 жыхароў. Да 1972 года працавала пачатковая школа. Дзейнічалі клуб, бібліятэка, магазін. 

У 1999 годзе 32 двары, 51 жыхар… Зараз у  "Кітаі" жыве… 8 чалавек.

Гэта так цудоўна і так адказна - быць гаспадаром на сваёй зямлі, адвечна роднай і адзінай, на якой стагоддзямі жылі твае  дзяды і бацькі, на якой нарадзіўся, вырастаў і сталеў ты сам, на якой ставіў на крыло сваіх дзяцей і якой не здрадзіш ні за якія каштоўнасці свету. 

Яны зараз і сапраўды тут гаспадыні: стараста вёскі Валянціна Васільеўна Канонік, яе суседкі і сяброўкі па жыцці Ядвіга Міхайлаўна Завадская і Надзея Аляксандраўна Завадская. І астатніх жыхароў Мілек таксама можна было фатаграваць. Ды, як кажуць, хто трапіў у аб'ектыў, той трапіў і ў газету. Хай ім усім дастае і сіл, і здароўя, і настрою, каб жылі доўга, а з імі не ўмірала і вёска.

А захацелася мне заехаць у Мількі, таму што некалі, у канцы 80-х, туды мяне запрасіла загадчыца Чарнэльскім клубам Рэгіна Длужнеўская - асоба няўрымслівая, кіпучая натура, жывая, прыгожая, шпаркая жанчына.

- Прыязджайце, - казала яна, - я вам сваіх  прыгажунь-спявачак пакажу, паслухаеце, як яны спяваюць.

І мы паехалі. Прыгажуні аказаліся спявачкамі сталага ўзросту, якіх Рэгіна сабрала ў фальклорную групу. Не выпадкова сабрала. Заўважыла і пачула іх песні на асабістым вяселлі. Жанчыны аказаліся лёгкімі на ўздым. І пайшлі спяваць. За некалькі гадоў свайго існавання пабывалі вясковыя спявачкі на абласным аглядзе  народнай творчасці, атрымалі грамату  Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, не кажучы ўжо пра тое, што і раённыя, і калгасныя святы ніколі не абыходзіліся без іх удзелу.

Было каму спяваць, было што паказаць. Надзея Іосі-фаўна Завадская, Надзея Мікалаеўна Завадская, Вера Мікалаеўна Смушко, Ганна Пятроўна Канонік, Вера Пятроўна Клінцавіч, Ніна Вячаславаўна Паўлюкоўская.

Спявалі яны песні незвычайныя, на мой пагляд. Таму што амаль увесь фальклор - гэта нешта знаёмае з дзяцінства. А ў іх песні былі незвычайна прыгожыя і невядомыя. Як быццам бы ў рэгіёне гэтым былі яны асаблівымі, незнаёмымі для людзей іншых месц.

Абрады, з якімі выступалі пявунні з Мілек, не праводзіліся па сцэнарыях культработнікаў. Гэта ўсё было з жыцця. З таго жыцця, пра якое яны памяталі. Як яны праводзілі зажынкі ў калгасе "Чарнэлі", як радавалі сваіх землякоў, як здзіўлялі! Першы снапок (невялічкі, як у жменьку ўзяць)  звязвалі і каля абразоў у хаце ставілі. Спадаром яго называлі. А потым ужо, як звозілі ўсе снапы ў клеці, яго першым заносілі (як Спадара). Ды яшчэ і прыгаворвалі, каб не зводзіліся жыта, авёс, ячмень, пшаніца ў засеках, каб ранняй і цёплай была наступная вясна, каб зямелька ласкава новае зерне прыняла, добрымі былі ўсходы, багатым ураджай…

Зерне кладзецца ў зямлю, каб стаць новым ураджаем. Чалавек жыве дзеля таго, каб сабраць гэты ўраджай і пасеяць новы. У гэтым і ёсць вялікая выснова жыцця.

…Такія ўспаміны і думкі абудзіліся ў галаве і сэрцы, калі йшлі мы па вуліцы Мілек. Вуліца (быццам і не праходзіла так шмат гадоў) і зараз чыстая, зялёная. За гумнішчамі на паплавах раздольна гуляла лета. У гародчыках калыхалі яшчэ не паспелымі галовамі ўкропы, пахлі флоксы - кветкі позняга лета. 

Здавалася, зараз выйдзе насустрач Надзея Мікалаеўна Завадская, адна са спявачак, а ўслед за ёй і сяброўкі па фальклорнаму гурту падцягнуцца. Але, як мы потым даведаліся, на жаль, амаль усе былыя пявунні з іх песнямі, радасцю і болем жыцця, больш не жывуць тут. І, наогул, не жывуць, адыйшлі ў іншы свет. Адна з іх паехала да дзяцей.

А далей расказ пра Мількі мы ўжо слухалі ад старасты вёскі Валянціны Васільеўны Канонік. Другой прычынай наведаць Мількі стала размова са старшынёй Юрацішкаўскага сельсавета Сяргеем Кірылавічам Казановічам. Ён і параіў пагутарыць з гэтай жанчынай.

Гэта ўжо другое пакаленне Мілек. Тады, у 90-я, яны былі зусім маладымі, дзяцей на ногі ўздымалі. А сёння…Сёння апошнія з  вяскоўцаў, якія так любяць свае Мількі. Ім у асноўным крыху за 60. Самым старым да 80 гадоў. Цяжка іх дзяліць на маладых і сталых. Іх жа ўсяго 8 чалавек. Аднак засталася мількаўская традыцыя не кідаць сваіх у бядзе. Аб гэтым гаварыў і Сяргей Кірылавіч.

І гэта стала галоўным лейтматывам нашай размовы.

Валянціна Васільеўна расказала, што ўсе разам дагледзелі яны 94-гадовую адзінокую бабулю. Яна не мела сям'і, не мела дзяцей. Пляменніца яе забрала ў Мількі. Не аддалі ўсе разам у сацыяльны прытулак.  Нават "на сяло" сталі жанчыны хадзіць менавіта да Надзеі Аляксандраўны Завадскай, каб бабулі, якая там жыла, весялей было. І ёй гэта вельмі падабалася. Летась Мількі праводзілі старую ў апошні шлях. А самі па ўсталяванай звычцы, раз у тыдзень, нядзелямі працягваюць збірацца ў той хаце. Пра жыццё пагаварыць, пра праблемы расказаць, разам падумаць, як іх вырашаць. 

Галоўнае, як кажа вясковая стараста, што ўсе насельнікі Мілек на "сваім хаду". Таму і гароды садзяць, і бульбу, і хатніх жывёліну, птушку трымаюць. І сабе ёсць што паесці, і дзецям сумкі спакаваць. Яны хоць і сучаснае ўжо пакаленне, аднак падрасталі ў той вёсцы, дзе, як кажа мая суразмоўца, на калгасны сенакос мужчыны з вёскі ехалі ажно трыма грузавымі машынамі. Шмат людзей у вёсцы было. Два стады кароў людскіх пасвіліся на лугах. А зараз трымаюць у асноўным коз. На такую малечу лягчэй насенаваць. Яны яшчэ памятаюць летняе ранне, калі не зусім узышло сонца, а маці ўжо паліла печ, каб і сям'ю накарміць, і жывёле корм падрыхтаваць, каб паставіць на слупок ля брамы малако ў слоіку для малаказборшчыка, каб на хвілінку затрымацца ля студні, пагутарыць з суседкамі і зноў хуценька за работу… 

Як могуць, так захоўваюць свае Мількі гэтыя "апошнія героі" вёскі. 

Валянціна  Васільеўна тут нарадзілася, тут вырасла. Тут хадзіла ў пачатковую школу. Настаўніц Клаўдзію Мефодзіеўну Хомчанка, Валянціну Васільеўну Мурашка, Марыю Іванаўну Васілеўскую памятаюць дзеці не аднаго пакалення вёскі.

Васьмігодку скончыла ў суседніх Бокшышках. А затым пайшла ў сярэднюю школу ў Чарнэлі. 

Як і многія равеснікі, засталася дома. Не паквапілася на лёгкае жыццё ў горадзе. Лёгкім яно нідзе не бывае, лічыць жанчына. Працавала дзесяць гадоў у мясцовым клубе і бібліятэцы. Затым мількаўскі сельмаг узначальвала. Добры быў магазін. Тавараў розных хапала. Ды ў 2000 годзе і яго закрылі. Тады стала Валянціна Васільеўна малаказборшчыкам. Малака шмат было. Кароў па дзве трымалі ў кожнай сям'і. Хапала работы. А знікала яна пакрыху разам са змяншэннем колькасці людзей.

Муж таксама мясцовы быў. Нарадзілі і выхоўвалі  траіх дачушак. Усе разам цяжка працавалі і дома. Кароў некалькі трымалі, цялятак расцілі, грошы збіралі, каб дзяцей у будучым падтрымаць.

Ды нешта не ўсё атрымалася так, як планіравалі. Муж заўчасна памёр, прапала частка грошай, дзяўчаты таксама дома не засталіся. Галя ў Віцебску працуе намеснікам начальніка ТЭЦ, Таццяна - у цэху касметыкі ў Трабах, Марына - на прадпрыемстве бытавой хіміі "Ромакс". 

На шчасце, ужо даўно жыве Валянціна Васільеўна з другім мужам, былым калгасным вадзіцелем Станіславам Іванавічам Дабраловічам. Разам працуюць, разам трымаюць гаспадарку, дзецям дапамагаюць. Адзіноты няма, можна жыць.

І не толькі таму можна жыць. Мы размаўлялі  яшчэ за некалькі дзён да выбараў, І, канешне ж, закранулі гэтую тэму. І мая суразмоўца сказала, што не разумее, чаго не хапае зараз дзецям. Заробкі добрыя можна знайсці, калі чалавек хоча працаваць, амаль кожны мае сваю аўтамашыну. Ціха, мірна ў Беларусі. Маем хлеб і да хлеба. Можна жыць. 

Між іншым, пра гэта нярэдка заходзіць гутарка і падчас, як усміхаецца стараста, "вясковых палітінфармацый", якія праходзяць на нядзельных зборах у хаце Надзеі Аляксандраўны Завадскай. Там яны вырашаюць, што і каму купіць, калі збярэцца стараста паехаць крыху далей з вёскі.Там і  ціск змерае Валянціна Васільеўна. І на дом сходзіць, калі ў кагосьці праблемы са здароўем пачынаюцца. Могуць суседкі і прадукты купіць у аўталаўцы, калі нехта занядужыў і не можа схадзіць сам.

Але самае галоўнае, што яны трымаюцца разам і разам радуюцца жыццю. І ў гэтай радасці іх падтрымліваюць гарадскія дзеці і ўнукі, якія па-ранейшаму любяць наведаць  гэтую вёску і прачнуцца ранкам ад крыку пеўняў і водару бабуліных бліноў. Жыві, вёска! Жыві, працаўніца! Хай хапае сіл і здароўя тваім людзям  і надалей  працягваць справу бацькоў і дзядоў.

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 

 

Nothing found!

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.