Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Язык:

Адсюль дарогі ў свет вялікі, а за парогам - Лаўкенікі. Частка 1

О малой родине

Лаўкенікі. У ХІХ - пачатку ХХ ст. вёска ў Суботніцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. Адносілася да маёнтка Жэмласлаў, які быў уласнасцю Умястоўскіх. У 1861 г. згодна перапісу 51 чалавек мужчынскага полу плацілі падаткі дзяржаве.
У 1897 г. 19 двароў, 157 жыхароў. У 1909 г.- 24 двары, 178 жыхароў, 178 дзесяцін зямлі.
У 1921 - 1925 г.г. Лаўкенікі ў Суботніцкай гміне Валожынскага, а з 1926 г. - Лідскага паветаў Навагрудскага ваяводства Польшчы.
У 1921 г. у весцы налічвалася 28 двароў, 156 жыхароў.
З 12.10.1940 г. у весцы 35 двароў, 195 жыхароў у Жамыслаўскім сельсавеце Юрацішкаўскага раёна. У Вялікую Айчынную вайну на фронце ваявалі 7 жыхароў, з іх 4 загінулі.
У верасні 1950 года з лаўкенікскіх уласніцкіх гаспадарак арганізаваны калгас імя А.В.Суворава. У 1954 г. землі далучаны да ўзбуйненага калгаса імя М.І.Кутузава. З 1960 г. Лаўкенікі ў саўгасе "Жамыслаўль" і ў Суботніцкім сельсавеце. У 1999 г. тут налічвалася 30 двароў і 51 жыхар.
Такія кароткія звесткі пра Лаўкенікі захоўвае раённая кніга "Памяць".

Хацелася больш даведацца пра гісторыю і людзей Лаўкенікаў, і я адправіўся туды красавіцкім днём, каб сустрэцца і пагаварыць з яе нешматлікімі жыхарамі.
Лаўкенікі размешчаны каля асфальтаванай дарогі ў 4 км ад Суботнікаў, у 1 км ад Жамыслаўля, у 2 км ад беларуска-літоўскай мяжы. Месца тут заўсёды было люднае, абжытае. Калісьці пры Польшчы міма Лаўкенікаў праходзіў пасажырскі аўтобус Ліда-Вільня, а ў часы СССР рэгулярна хадзіў аўтобус Іўе-Вільнюс.
Лаўкенікі - вёска палявая. Тут няма ні возера, ні маленькай рачулкі. У такіх вёсках звычайна сяліліся тыя людзі, для якіх найбольшай каштоўнасцю была зямля, якія не цураліся цяжкай земляробскай працы, умелі натхнёна працаваць і дабівацца плённых вынікаў, хоць лаўкенікская зямля асаблівай урадлівасцю не выдзялялася.
Славяне, якія засялілі балцкія тэрыторыі на цяперашняй Іўеўшчыне з канца VI да канца IX стагоддзя, захавали тут літоўскія назвы паселішчаў, а таксама рэк, азёр, лясоў, лугоў і іншых прыродных аб'ектаў. Лаўкенікі таксама маюць літоўскае паходжанне Lavkininkai ад кораня lavkas (лаўкас). У літоўскім слоўніку ёсць тры значэнні гэтага слова: поле, месца пад адкрытым небам, тое што звонку. Можа перакладацца як поле, палявая, палянка.

На цяперашні час у Лаўкеніках пражываюць толькі шэсць жыхароў. Гэта Яніна Палікарпаўна Яраловіч, 1932 г.н., пенсіянерка, якая старанна працавала ў калгасе паляводам. З паляводствам звязана працоўная біяграфія Ядвігі Віктараўны Васілеўскай, 1937 г.н., пенсіянеркі. Не ўдалося сустрэцца з Рэгінай Генрыхаўнай Мікша, якая перасялілася ў Лаўкенікі з в. Высоцкія чатыры гады назад. На зіму 2020 года паехала ў Літву да сына і не вярнулася ў сувязі з каранцінам, звязаным з эпідэміяй каранавіруса. Рэгіна Генрыхаўна працавала звеннявой льнаводчага звяна вытворчага ўчастка "Жамыслаўль", была перадавой у саўгасе. А яшчэ яна доўгі час працавала малаказборшчыкам у Высоцкіх і Падваранцах.
Пражываюць у Лаўкеніках і два мужчыны: Станіслаў Міхайлавіч Сілюк, 1953 г.н., пенсіянер, і Міраслаў Іванавіч Міхайлоўскі, 1967 г.н., які працуе ў мясцовага фермера.
Але сапраўднай знаходкай для публікацыі пра Лаўкенікі аказалася Станіслава Юстынаўна Ганчарова, 06.02.1941 г.н., пенсіянерка, былы загадчык участка саўгаса "Жамыслаўль". Мне вельмі пашанцавала, бо ніхто, акрамя Ганчаровай, не змог бы так расказаць пра вёску, яе гісторыю і людзей. Яна не толькі цікавы і ведаючы свой край субяседнік, яна патрыёт сваёй зямлі, сваёй бацькаўшчыны, і я гэта пачуў не толькі з яе слоў, але і ўбачыў у яе жыццёвай і працоўнай біяграфіі. Успаміны Станіславы Юсцінаўны і сталі асновай публікацыі пра вёску Лаўкенікі.
- Ва ўсе часы, - успамінае Ганчарова, - жыхары Лаўкенікаў бачылі свой дабрабыт у працы на зямлі. Свае ўласныя надзелы яны называлі нівамі. Да калектывізацыі поўную ніву меў лаўкенікскі гаспадар Канстанцін Васілеўскі. Па паўвалокі зямлі мелі мой бацька Юстын і яго родны брат Ян Грынюк, Іосіф Яраловіч, Андрэй Васілеўскі. Чацвярцінкі мелі многія, больш бедныя жыхары Лаўкенік. А восьмую частку - Віктар Мікша, Станіслаў Мікша і іншыя. Землі многіх размяшчаліся не ў адным месцы: як на лаўкенікскіх, так і на палях пад Шаркуцямі і Рыбакамі.
Мой лаўкенікскі дзед Юзаф і бабка Разалія былі вельмі працавітыя, мелі 25 га зямлі недалёка ад Квяткоўцаў, каля рэчкі Матруна. Калі іх сыны Юстын і Ян ажаніліся, бацькі падзялілі валоку зямлі на дваіх па 12,5 га кожнаму.

У сям'і майго лаўкенікскага дзеда і бабулі, акрамя двух сыноў, былі яшчэ і чатыры дачкі: Тафілія, Банадыся, Стася і Мальвіна. Тафілія выйшла замуж у Гуту за Яна Андрушкевіча. Бацькі далі Тафіліі ў пасаг карову і, як добрай краўчысе, - швейную машыну "Зінгер". Маладыя жылі ў Гуце, а потым выехалі ў Польшчу пасля вайны.
Банадыся і Стася выехалі ў ЗША да рэвалюцыі 1917 года. Банадыся ў Амерыцы выйшла замуж за хлопца родам з Валына-Падольскай губерні. Яны пажадалі вярнуцца ў Беларусь і прыехалі сюды з-за акіяна, каб купіць зямлю блізка каля Лаўкенікаў, але не знайшлі да спадобы ўчастка, якога хацелі, і паехалі назад у Амерыку. Банадыся прыслала фатаграфіі 5 дачок: усе модныя, у туфлях на шпільках, жылі добра.
Стася таксама выйшла замуж у ЗША, але ў Лаўкенікі ні разу не прыязджала.
Мальвіна выйшла замуж у Залессе за Браніслава Пучкела. Бацькі яе таксама не пакрыўдзілі. Далі ў пасаг карову. Давалі і зямлю каля Квяткоўцаў, але зяць адмовіўся.
Сыны Грынюкоў перанялі працавітасць ад бацькоў. Мой бацька Юстын Юзафавіч Грынюк, 1903 г.н., трымаў у гаспадарцы шмат жывёлы: каня, дзве каровы, быкоў, свіней, 15 авечак. Яго жонка, мая мама Марыя Станіславаўна Кель, 1913 г.н., была родам з в.Высоцкія з багатай сям'і. Яе бацька Станіслаў Кель працаваў эканомам у маёнтку Умястоўскіх. У Высоцкіх у дзеда Станіслава і бабулі Фларыяны было шмат зямлі, вялікі сад, 25 калодаў пчол.

Іосіф і Ядвіга Васілеўскія
з дачкой Станіславай

Я памятаю свайго дзядулю, які расказваў нам, унукам, у дзяцінстве цікавыя гісторыі. У адной з іх пра тое, як мясцовы ксёндз, сам дзед і на той час удава графа Яніна Умястоўская ездзілі ў лес на паляванне. Звяроў у той час хапала. Аднойчы мужчыны захацелі, каб зайца застрэліла сама графіня Яніна. Але пакуль пані цэлілася, заяц збег. А ксёндз вельмі смяяўся і пажурыў яе, як слабога паляўнічага.
Дзеда Станіслава Келя раскулачылі ў 1947 годзе. Ад яго забралі ў калгас зямлю, жывёлу, вазы, сані. У вуллях забралі мёд зімой, а пчолы ляжалі мёртвыя на снезе. Дзеда пасадзілі ў турму на 5 гадоў. Тэрмін зняволення адбываў у Баранавічах і Навасядах. Вярнуўся праз 5 гадоў, у 1953 годзе, пасля смерці Сталіна. Пасля вяртання пажыў адзін год і памёр у 77-гадовым узросце.
Ахвярай сталінскіх рэпрэсій стаў і сын дзеда Станіслава, брат мамы Міхаіл Кель, бо жыў у адной хаце з бацькам, не ўступаў у калгас. Яго таксама засудзілі ў 1947 годзе на 8 гадоў зняволення. Тэрмін адбываў у Комі ССР, нягледзячы на тое, што ён быў удзельнікам Другой сусветнай вайны, ваяваў з гітлераўцамі ў складзе Войска Польскага, меў баявыя ўзнагароды.
Міхаіл вярнуўся ў сваю вёску Высокія ў 1953 годзе ў сувязі з амністыяй пасля смерці Сталіна. Пайшоў працаваць у мясцовы калгас імя М.І.Кутузава, а потым у саўгас "Жамыслаўль". Ён спаўна праявіў сябе здольным будаўніком, печніком. Будаваў у Жамыслаўлі сталовую, дзіцячы сад, двухпавярховыя жылыя дамы. Ветэран вайны і працы пражыў 93 гады. Унукі і праўнукі яго ад сына Франака і дачкі Марыі пражываюць у Лідзе.

Юстын Грынюк
з сынам Франакам

25 лістапада 1939 г. у Лаўкеніках быў пажар. Гаспадыня Пашкоўская паліла кулі саломы і выкурвала ў хаце блашчыцаў (клапоў), а потым кінула гэтую салому на подсціл жывёле ў хлеў. У выніку салома загарэлася. Згарэла крытая саломай хата Пашкоўскай, агонь перакінуўся і спаліў яшчэ чатыры суседнія хаты. Сярод пагарэльцаў аказалася і наша сям'я. Мы пайшлі жыць да суседзяў, бо, акрамя хаты, згарэлі хлявы, гумно, бульба, зерне. Вялікую дапамогу нам аказаў дзед Станіслаў Кель. Ён купіў нам зруб новай хаты ў Высоцкіх у чалавека, які ад'язджаў жыць у Польшчу. Зруб перавезлі ў Лаўкенікі, за 1,5 месяца хату паставілі пад ключ. 24 снежня 1939 г. сям'я ўсялілася ў Лаўкеніках у новую хату. І ўсе былі вельмі шчаслівыя. А цяпер многія людзі не ведаюць, у чым шчасце.
Бацька пабудаваў на двары каля хаты хлявы, гумно, пасадзіў сад - 44 яблыні. Цяжка працаваў, нажыў грыжу. Таму яго і не ўзялі на фронт у 1944 годзе.
Брат бацькі Ян застаўся жыць у Лаўкеніках. Ён адбудаваў хату на папялішчы. Ян і яго жонка Зося працавалі ў калгасным паляводстве, выгадавалі трох дачок.

(Працяг будзе).

А.Ігліцкі.
Фота з сямейнага альбома Станіславы Ганчаровай.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

 

 

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.